Ля Чырвонага касьцёла малітоўныя вершы і малюнкі палітвязьняў
Штодзённая малітоўная акцыя салідарнасьці з палітзьняволеннымі а 20 гадзіне каля Чырвонага касьцела ў Менску апошнімі днямі пачынаецца з малітоўных вершаў і малюнкаў палітвязьняў сябраў Маладога Фронту і аргкамітэту БХД Алеся Кіркевіча і Уладзя Яроменкі. Гэтыя акцыі-малітвы кожны дзень ладзіць ініцыятыва “Нельга забыць”, куды таксама ўваходзяць сябры аркамітэту БХД.
Алесь Кіркевіч нядаўна даслаў з турмы свой малюнак, на якім фашысты трымаюць у няволе маладых хлапцоў — партызанаў, між імі — крыж Эўфрасіньні Полацкай, а па-над усімі лунае малітоўны надпіс — “Уратуй нас, бо ты можаш!”. І нельга не зразумець, хто сёньня ёсьць гэтымі маладымі партызанамі і хто – каты-фашысты.
Удзельнікі малітоўнай акцыі вырашылі штораз падчас малітваў зьвяртацца да Госпада і з просьбаю Алеся пра дапамогу :”БОЖА! УРАТУЙ НАС, БО ТЫ МОЖАШ!”
Ля касьцёла таксама гучаць новыя вершы-малітвы з-за кратаў маладафронтаўца Уладімера Яроменкі:
Дзякуй, мой Божа, што не пакінуў,
Што не заставіў мяне аднаго…
Дзякуй Табе, што ня даў мне загінуць,
А даў мне надзеі сьвятло…
Ты для мяне і сьвятло, і свабода,
Ты – гэта праўда, жыцьцё…
Ты – гэта шлях мой… Па гэтаму шляху
Я буду ісьці праз усё…
Дзякуй, што даў Ты мне веры і моцы,
Каб не зламацца ў турме…
За тое, што меў, і за тое, што маю,
Дзякуй, мой Божа, Табе…
Уладзімер Яроменак, 21 лютага 2011
Менск, турма на Валадарскага