Маладафронтаўцам, затрыманым учора падчас суду над Дашкевічам і Лобавым, сёння ў гэтым жа судзе далі суткі

23 сакавіка 2011 16:42  |  Навіны ад Маладога Фронту

 

Рыгору Астапеню і Івану Шылу прысудзілі суткі адміністратыўнага арышту за расцяжку ў падтрымку Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Учора напачатку суду над маладафронтаўцамі іх паплечнікі зладзілі акцыю падтрымкі: каля 10-ці чалавек   пад вокнамі суда Маскоўскага раёну спрабавалі ўзьняць расьцяжку «Рукі прэч ад Маладога Фронту!». Удзельнікі акцыі прастаялі так некалькі хвілін, пасьля чаго двое з іх былі затрыманыя і правялі ноч у ІЧУ на Акрэсціна. 

 

 

Сёньня маладафронтаўца асудзілі ў тым жа судзе Маскоўскага раёну Менска, у якім зараз працягваецца суд над Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым. 

 

Маладафротнаўца Рыгора Астапеню пакаралі арыштам на 10 сутак. Адміністратыўную справу разглядаў судзьдзя Яўген Хаткевіч. Намесьніка старшыні МФ Івана Шылу пакаралі арыштам на 13 сутак. Ягоную адміністратыўную справу разглядаў суддзя Матыль. 

 

Малады Фронт не выключае, што ўдзельнікаў акцыі спецыяльна асудзілі напярэдадні 25-га сакавіка, каб перашкодзіць ім удзельнічаць у сьвяткаваньні. 

 

Нагадаем, Малады Фронт, нягледзячы на адсутнасьць дазволу, заклікае ў Дзень Волі прыйсьці на Плошчу Якуба Коласа, а потым прайсьці шэсьцем да скверу Янкі Купалы. Астатнія ўдзельнікі аргкамітэту па сьвяткаваньні 25 сакавіка, у тым ліку і аргкамітэт БХД, у сувязі з забаронай Менгарвыканкамам прапанаванага фармату мерапрыемства, каб пазьбегнуць новых затрыманьняў, вырашылі зьмяніць фармат мерапрыемства і правесьці ўскладаньне кветак у сквэры Янкі Купалы пасьля працоўнага дню 25 сакавіка. 

 

Паводле сайтаў МФ і ПЦ “Вясна”

Болей навін