Пасля абвяшчэньня прысуду Дашкевічу і Лобаву хрысьціяне памаліліся за асуджаных каля будынка суда

25 сакавіка 2011 02:01  |  Свет

На прыступках суду пасьля абвяшчэньня прысуду Дашкевічу і Лобаву прысутныя на судзе хрысьціяне сталі ў кола і памаліліся за іх ўмацаваньне і вызваленьне, за пакаяньне тых, хто іх зьняволіў і за нашую краіну. 

Вёў малітву за ўмацаваньне духу палітвязьняў Антоні Бокун, пастар пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік», сябрам якой зьяўляецца Зьміцер Дашкевіч. «Самае лепшае сваё віно Госпад трымае ў сырых падвалах», — сказаў пастар ў малітве. — «Госпад, зараз, у гэты час, мы прыносім Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава і просім цябе: давай ім сваё пацяшэньне і сваю падтрымку». 

 

У імправізаванай малітоўнай акцыі ўзялі ўдзел каля 30 вернікаў розных канфесіяў, у асноўным сваякі і знаёмыя асуджаных, у тым ліку сябры аргкамітэту БХД. 

 

На прыканцы малітвы яны прасьпявалі гімн «Магутны Божа», і выгукнулі «Жыве Беларусь – Жыве з Богам!». За малітоўнай акцыяй назіралі супрацоўнікі праваахоўных ворганаў у цывільным, але яе правядзеньню не перашкаджалі. Пасьля заканчэньня акцыі ніхто затрыманы ня быў.

 

Лідар міжнароднага грамадскага аб’яднаньня «Малады фронт» (Чэхія) Зьміцер Дашкевіч прысуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму, актывіст гэтай арганізацыі Эдуард Лобаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэньне абвясьціла 24 сакавіка судзьдзя Маскоўскага раёну Менска Алена Шылько.

 

29-гадовы Дашкевіч і 22-гадовы Лобаў прызнаныя вінаватымі на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).

 

Паводле “Нашай Нівы” і “Радыё Свабоды”

Болей навін