Намесніку старшыні “Маладога Фронту”, хрысціяніну Алесю Кіркевічу прысудзілі 4 гады зняволення

06 мая 2011 06:59  |  Навіны ад Маладога Фронту

5 траўня ў пяты дзень судовага працэсу над намеснікам старшыні “Маладога Фронту” і сябрам аргкамітэту БХД Алесем Кіркевічам і іншымі 4-ма ўдзельнікамі Плошчы-2010 суддзя абвясціла жорсткія  прысуды: Вінаградаву і Кіркевічу — па 4 гады зняволення; Дразду, Пратасеню і Хамічэнку — па 3 гады. суддзя вынесла тыя прысуды, якія і прасіў пракурор. Скінулі паўгоды зняволення толькі Дразду.

 
Адвакатка Алеся Кіркевіча прасіла апраўдаць свайго падабароннага. Яна зачытвала падчас выступу цытаты адваката стогадовай даўніны, якія надзвычай добра апісваюць дзеянні натоўпу «Зруйнуйце турму, і цагліны ад яе могуць пайсці на тварэнне», — кажа яна. Вялікі натоўп растварыўся на Плошчы, а «маленькі натоўп сфарміравалі следчыя і абвінаваўцы». 

Адвакатка падтрымала аргументы сваіх калегаў, якія растлумачылі абсурднасць абвінавачвання і яго неадпаведнасць крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. 

 

«Калі б хтосьці хацеў арганізаваць падпалы, ён бы штосьці падпаліў», — зазначыла адвакатка, абвяргаючы здагадку пракурора аб падрыхтоўцы падпалаў. 

 

«Гэтая справа будзе ў цэнтры ўвагі грамадства, — нагадалі суду. — Ацэнка вынесенага прысуду будзе дадзена ўсёй грамадскасцю». Падчас следчых дзеянняў адвакаты абвінавачаных сутыкнуліся з няўдалымі спробамі наведаць падабаронных у СІЗА КДБ: «Яны не маглі у поўнай меры рэалізаваць сваё права на юрыдычную абарону». 

 

Апошняе слова Алеся Кіркевіча: “Пытанне – супраць якой асобы ці маёмасці ўжыў гвалт? Хацелася б ведаць канкрэтна. Застаецца фактар – мая палітычная пазіцыя і палітычная сіла, якую я прадстаўляю. Але гэта недастатова, каб асудзіць мяне. Я спадзяюся, што ў гэтай краіне засталося хоць трошкі законнасці, і хай Бог блаславіць суд на рашэнне”. 

 

Нагадаем, гарадзенскі маладафронтавец і сябра аргкамітэту БХД Алесь Кіркевіч падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Кіркевіч быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ 28 студзеня ў Гародні і ад гэтага часу ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. За тыдзень да арышта ён ажаніўся, але замест вясельнага падарожжа патрапіў за краты.

Болей навін