З Акрэсьціна вызвалены Мікола Дземідзенка, які 15 сутак трымаў галадоўку (фота)

30 мая 2011 13:38  |  Навіны ад Маладога Фронту

29 траўня на волю выйшаў сябра БХД, намесьнік старшыні МФ, сябра БХД Мікола Дземідзенка, які адбываў 15-суткавы арышт у ЦІП на Акрэсьціна і ўвесь гэты час трымаў галадоўку пратэсту. 

Як распавёў Мікалай, да яго за час арышту некалькі разоў прыяжджала хуткая дапамога. Дактары фіксавалі падвышаны ціск і павялічанае ўтрыманьне цукру ў крыві. Аднак адміністрацыя Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў мела пісьмовае прадпісаньне не выпускаць вязьня з турмы ў шпіталь ні пры ніякіх абставінах. У шпіталь Мікалу не пусьцілі нават з лекарамі хуткай дапамогі:

– Адміністрацыя асабліва не турбавала, на маю галадоўку ўвагі не звяртала. Але адчувалася нейкае асаблівае стаўленне да мяне: калі звычайна начальнік сустракаецца з вязьнямі, прынамсі са мной некалі размаўляў некалькі разоў, то гэтым разам не размаўляў ні разу. Што тычыцца медычнай дапамогі, то тут былі абсалютна ясныя загады. Потым да мяне прыходзілі з розных структур пачынаючы ад міліцыі Маскоўскага раёна да крымінальнага вышуку: спрабавалі пагражаць, пыталі і пра галадоўку і пра акцыі і пра дзейнасць.

Як апавядае Дземідзенка, пасьля затрыманьня ў пастарунку міліцыянты доўгі час ня ведалі, у чым абвінаваціць яго, які артыкул прыпісаць. Мікалай у адзьдзяленьні міліцыі адразу адмовіўся даваць якія-кольвек тлумачэньні, сеў на падлогу й заявіў, што пачынае галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня. Дземідзенка прынцыпова трымаў галадоўку да вызваленьня. 

Падчас візытаў “хуткай” дактары патлумачылі юнаку, як трэба выходзіць з галадоўкі. Цяпер Мікола плянуе за некалькі дзён вярнуцца да нармальнага харчаваньня й наведаць бацькоў. 

Дземідзенку пакаралі арыштам нібыта за адміністрацыйнае правапарушэньне (23.34 КаАП — “парушэнне парадку арганаізацыі і правядзення масавых мерапрыемтваў”). Намесьнік старшыні “Маладога фронту” быў затрыманы 14 траўня ў Менску. Маладафронтаўцы зьбіраліся вывесіць на адным з вышынных дамоў насупраць Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску бел-чырвона-белы сцяг. 

Пры затрыманьні Мікола ня меў сьцягоў. Якім чынам ён арганізоўваў, праводзіў масавае мерапрыемства і якое менавіта — ні міліцыянты, ні суд не патлумачыў. 

 

Фота з сайту МФ:

З Акрэсьціна вызвалены Мікола Дземідзенка, які 15 сутак трымаў галадоўку (фота)
З Акрэсьціна вызвалены Мікола Дземідзенка, які 15 сутак трымаў галадоўку (фота)

З Акрэсьціна вызвалены Мікола Дземідзенка, які 15 сутак трымаў галадоўку (фота)

З Акрэсьціна вызвалены Мікола Дземідзенка, які 15 сутак трымаў галадоўку (фота)

 

 

 


 

Паводле сайту Маладога фронту і радыё “Рацыя”

Болей навін