Да Ўладзя Яроменка на Валадарцы ізноў не пусьцілі сьвятара
Маладому Фронту стала вядома, што ў мінулую сераду, 29 чэрвеня менскую турму на вул. Валадарскага наведваў праваслаўны сьвятар. Аднак ён так і ня здолеў сустрэцца са зьняволеным маладафронтаўцам і сябрам БХД Уладзімірам Яроменкам, які пісаў неаднаразовыя заявы на сустрэчы са сьвятаром.
Прычынай адмовы ў спатканьні стаў той факт, што Уладзь да разгляду сваёй касацыйнай скаргі (які адбудзецца 15 ліпеня) зьяўляецца яшчэ падсьледным, не абвінавачаным, а значыць на спатканьне са сьвятаром патрэбны адмысловы дазвол ад Менскага гарадскога суду, у кампэтэнцыі якога знаходзіцца справа Яроменка.
Натуральна, падобная адгаворка з боку адміністрацыі СІЗА № 1 зьяўляецца прамым парушэньнем свабоды сумленьня, гарантаванай нашай Канстытуцыяй. Акрамя таго, стала вядома, што наведвае турму на Валадарскага толькі адзін праваслаўны сьвятар, якога ніхто не можа падмяніць, нават падчас ягонай хваробы ці адсутнасьці ў горадзе.
Непрыймальна таксама, што Уладзіміру так і не паведамілі, чаму менавіта сьвятара да яго не пускаюць. Нагадаем, што ягоныя неаднаразовыя заявы проста ігнараваліся й на іх не паступала адказу. У выніку чалавек быў вымушаны знаходзіцца ў здагадках, у чым жа справа, чым матываваны такія адносіны адміністрацыі турмы да вязьня.
Нагадаем, што з такой жа праблемай сутыкаўся і сустаршыня БХД Павал Севярынец падчас свайго зьняволеньня ў так званай Амерыканцы – унутранай турме КДБ.