Да Зьмітра Дашкевіча не пусьцілі адваката, а яго бацьку адмовілі ў пераводзе сына з Горак
5 ліпеня ў калёніі ў Горках Магілёўскай вобласьці да палітвязьня Зьмітра Дашкевіча не пусьцілі адваката Зьмітра Лаеўскага. У адміністрацыі калёніі спаслаліся на тое, што Зьміцер Дашкевіч нібыта не пісаў заявы пра сустрэчу з адвакатам. А бацька Зьміцера Вячаслаў Дашкевіч атрымаў днямі адмоўны адказ з Дэпартамэнту выкананьня пакараньня на свой зварот з просьбаю пераводу сына ў іншую калёнію.
«Я адправіла Зьмітру некалькі тэлеграмаў, каб ён напярэдадні падаў такую заяву. Мяркую, гэтыя тэлеграмы альбо не дайшлі да адрасата, альбо адміністрацыя калёніі сьвядома іх зьнішчыла», — кажа намесьніца старшыні МФ Наста Палажанка.
У горацкай калёніі ў адваката Лаеўскага не ўзялі заяўку на сустрэчу з падабаронным і не далі яму пісьмовага тлумачэньня адмовы. Паводле зьвестак, адвакат Зьміцер Лаеўскі накіраваўся ў Магілёў, каб падаць у абласную пракуратуру скаргу на дзеяньні адміністрацыі калёніі.
У той жа час бацька Зьміцера Дашкевіча Вячаслаў атрымаў днямі адмоўны адказ з з Дэпартамэнту выкананьня пакараньня на свой зварот з просьбаю пераводу сына з Горак ў іншую калёнію. У адказе за подпісам намесьніка начальніка Дэпартамэнту Працэнка С.І. паведамляецца, што месца калёніі для адбыцьця пакараньня Зьмітра Дашкевіча, было выбрана яшчэ ў красавіку й Дэпартамэнт выкананьня пакараньня МУС РБ ня бачыць прычынаў для зьмены свайго рашэньня.
У чэрвені Вячаслаў Дашкевіч наведаў Дэпартамэнт выкананьня пакараньня з просьбаю перавесьці сына ў іншую калёнію. Прычынай просьбы сталася ня толькі інфармацыя аб тым, што калёнія ў Горках мае адныя з самых кепскіх характарыстыкаў. Але і тое, што Дашкевіч Вячаслаў зьяўляецца інвалідам другой групы, мае пратэз нагі. Застаўся адзін пасьля сьмерці сваёй жонкі, маці Зьміцера Вольгі, Вячаслаў ня мае абсалютна ніякай магчымасьці езьдзіць да сына на спатканьні больш чым за 270 км. Гэта складана як з фінансавага пункту гледжаньня, так і з фізычнага.
Вячаслаў Дашкевіч спадзяваўся, што адміністрацыя ДВП пойдзе насустрач сталаму чалавеку, які ў свой час быў, дарэчы, ганароваму донару СССР.
Лідэру «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу прысудзілі 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Інцыдэнт адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Малады Фронт зьвязвае затрыманьне Дашкевіча й Лобава напярэдадні выбараў з правакацыяй спэцслужбаў. У калёнію ў Горках Зьмітра Дашкевіча прывезьлі ў чэрвені, і неўзабаве стала вядома, што актывіст трапіў у карцэр. Прычыны пакараньня карцэрам і стан здароўя Дашкевіча невядомыя.
Ліставаць Дашкевічу Зьмітру Вячаслававічу можна на адрас:
вул. Дабралюбава, 16, ВК-9
213410. г. Горкі