Лён

20.07.2011, 22:14  |  Блогі » Жывая кніга Паўла Севярынца

Лён – наша культавая культура.

 

Лён – знак  сьветліні й сьвятасьці Беларусі.

 

Лён – біблійны сымбаль чысьціні ў эфодах лявітаў і вісоне праведнікаў.

 

Беларускі лён – гэта 300 тысячаў гектараў пасеваў, кожная дзесятая тона льновалакна і 16% рынку льняных тканінаў у сьвеце, экспарт у ЗША, Нямеччыну, Аўстрыю, Турцыю, Чэхію, Кітай. Лён – ладны пласт фальклёру: усім вядома, як сеяла Ульляніха лянок.

Лён – клясыка нацыянальнага стылю.

 

Лён, на латыні, Linum – бялёны плён беларускіх палёў. Лён ў нас купляюць бэльгійцы, каб рабіць зь яго купюры "эўра".

 

Лён – улюбёная вопратка Беларусі. Льняная палатніна льне да цела зь льсьнянай ласкай, зь ліючай і бліскучай любоўю.

 

Лён – гэта лёгка й натуралёва.

 

Лён – гэта ветразі: прасмоленай льняной тканінай лавілі вецер яшчэ гандлёвыя флятыліі на шляху "з варагаў у грэкі" ды караблі на гербе Полацку. Вялізнымі плоскасьцямі беларускага лёну Літва Залатога веку вымярала палову Балтыкі.

 

Лён – гэта імклівы ўзьлёт у неба. Лён выцягваецца ад зямлі да вышыняў сьвятла, лёгка й пранізьліва, быццам струна, быццам малітва – і глядзіць, глядзіць у нябёсы ясьненькімі блакітнымі вочкамі!

 

Лён – гэта беларускі сьцяг. Легендарная белая плашчаніца з крывёю Ісуса, бел-чырвона-белы сымбаль Адкупленьня й Уваскрасеньня – льняная. Белыя з чырвоным нацыянальныя строі, палосы на вопратцы мітрапалітаў, знакамітыя рушнікі – льняныя. Харугвы Вітаўта пад Грунвальдам, белыя з чырвоным штандары Астрожскага ў бітве пад Воршай і цяперашнія сьцягі на маніфэстацыях нацыянальнага руху – гэта ўсё льняное.

 

Лён – лінія беларускага лёсу.

 

Лён у Бібліі – адзеньне сьвятасьці. Лявіты служылі Богу толькі ў льняных эфодах; паводле Адкрыцьця, сьвятыя на нябёсах апрануцца ў вісон – найтанчэйшую палатніну зь ільну.

 

Бо напісана у законе для сьвятароў Ізраіля: "Сьвяшчэнны льняны хітон павінен апранаць ён... і льняны кідар надзявае; гэта сьвяшчэнная вопратка; і хай абмывае ён цела сваё вадою і надзявае яе". (Лявіт 16:4)

Навіны па тэме