Дашкевіча катуюць у турме! (ліст палітвязьня)
Уладзімер Палажанка, бацька Насты, нявесты і паплечніцы зьняволенага лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, атрымаў ад яго ліст, адрасаваны сваёй дачцы, якая зараз адбывае адміністрацыйны арышт у менскім ІЧУ на Акрэсьціна. У гэтым лісьце, як ніколі напружаным і трывожным, датаваным яшчэ 18-19 верасьня, Зьміцер просіць, каб як мага хутчэй да яго прыехала ягоная адвакатка, бо сітуацыя паводле тону ліста, проста крытычная.
Падаем копію гэтага ліста:
“Насьцюленька!
Пішу табе з адстойнікаў магілёўскай турмы. Дзе апынуся раніцай, ня ведаю. Адваротны адрас пакажа.
Да лепшага зьмяніцца сытуацыя ў Горках не пажадала. Зусім наадварот. Сказаць, што зьмянілася яна да горшага — не сказаць нічога…. Вызначылі мне тамтэйшыя такую кабалу, зь якое, пэўна, я ўжо і ня выберуся…
Трэба пабачыць Марыну тэрміновейшым чынам.
Неяк трэба ўсё перажыць, але як?.. ня ведаю і сам. Яму было прасьцей – Ён ішоў на Галгофу палову дні…
18—19.09.2011, 1.50
PS. Калі дойдзе да цябе гэты мой допіс, буду я ўжо ў нейкім іншым месцы. Гэтае ж вельмі падобнае да Жодзіна. Тут я да чысла 22—23. Цудоўны горад, цудоўны будынак, цудоўныя пакойчыкі. Спаў за 2 сутак 1,5 гадзіны і еў 0,5 раза. Але болей і ня лезе, ні сон і ні ежа. Мазгаўня мая дыміць і душа не знаходзіць спакою.
Дай-та Бог, каб вы з Марынаю дабраліся да мяне хутчэй, чым мае лісты да вас…
18—19.09.2011, 19.25
СІЗА-2, камера 108″.
Уладзімер Палажанка распавёў у інтэрвію радыё “Свабода”, што 26 верасьня адвакатцы Марыне Кавалеўскай не пацьвердзілі, але і не абверглі інфармацыю пра тое, што Дашкевіч знаходзіцца ў Магілёўскім СІЗА. Кавалеўскай прапанавалі прыехаць і высьвятляць гэтае пытаньне на месцы. Адвакатка паедзе ў Магілёў у аўторак 27 верасьня.
13 верасьня Дашкевіч паведаміў адвакату, што распачынае галадоўку, якая будзе цягнуцца, пакуль адміністрацыя Горацкай калёніі ня выканае шэраг ягоных патрабаваньняў.
Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Паводле судовага выраку, 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.
Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
19 верасьня намесьніцу кіраўніка “Маладога фронту” Насту Палажанку арыштавалі на 11 сутак. Яе затрымалі разам з былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі. Палажанку і Яроменка зьвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня і арганізацыі масавага мерапрыемства. Сваю акцыю чальцы “Маладога фронту” прымеркавалі да 20-й гадавіны абвяшчэньня “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі.
Наста Палажанка была асуджаная за падзеі 19 сьнежня на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 1 год. Уладзімер Яроменак па справе аб падзеях на Плошчы атрымаў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Быў вызвалены 13 жніўня.