Ці прызнае суд несправядлівымі “суткі” Насты Палажанкі?
Cёння, 4 лістапада, а 15 гадзіне ў Мінскім гарадскім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3) адбудзецца беспрэцэдэнтнае судовае паседжанне па скарзе намесніцы старшыні “Маладога фронту”, сябра аргкамітэту БХД Насты Палажанкі на незаконны прысуд у 11 сутак арышту, вынесены Палажанцы 19 верасня па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Упершыню ў гісторыі судовых працэсаў над маладафронтаўцамі маецца шанец на апраўдальны прысуд.
Нагадаем, 19 верасня, у Дзень нацыянальнага сцяга і герба Беларусі, спецназаўцы затрымалі Насту Палажанку на Кастрычніцкай плошчы. Суд прызнаў дзяўчыну вінаватаю ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і прысудзіў да 11 сутак арышту. Абарона Палажанкі абскардзіла прысуд. На першым судовым працэсе па скарзе Палажанкі суд прыняў рашэнне адкласці разгляд справы ў сувязі з недахопам інфармацыі і доказаў па справе.
4 лістапада мусіць адбыцца паўторнае паседжанне, на якім суд будзе разглядаць касацыйную скаргу Палажанкі, а таксама разгледзіць заяву абароны на незаконнае выкарыстанне мабільнага тэлефона Палажанкі, бо пасля вызвалення дзяўчына высвятліла, што падчас арышту з яе тэлефона вынішчаная ўся інфармацыя і ўсе кантакты, і, больш за тое, у гэты час з тэлефона нехта выходзіў у Інтэрнэт.
Нагадаем, што за падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску Наста Палажанка была асуджаная на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 1 год. З часу вынясення прысуду за Плошчу-2010 Насту ўжо двойчы прысуджалі да адміністрацыйнага арышту. Напачатку кастрычніка Палажанка атрымала апошняе папярэджанне: у выпадку яшчэ аднаго прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўмоўны тэрмін дзяўчыны ператворыцца ў рэальны год зняволення. Акрамя таго, два дні таму Палажанцы прыйшла позва з выклікам у падатковую інспэкцыю: Насту просяць у наздвычай кароткі тэрмін — да 17 лістапада 2011 г. — падаць дэклярацыю аб даходах за 2010 год.