Год пад знакам прыстаўкі “Гіпер”
2011 год, на мой погляд, у Беларусі прайшоў пад знакам прыстаўкі “гіпер”. Сёння ў кожным горадзе будуюць гіпермаркеты. Прываблiвая рэклама і кошты “патанней” прымушаюць нас аддаваць свае грошы менавіта ім.
Гіпермаркеты, Гіперпрэзiдэнт, гіперКДБ і гіперапетыты гіперзаможных- усё гэта звёны аднаго ланцуга, у які сёння патрапіла Беларусь. Гіперпрыбыткі, гіперулада, гіпермагчымасці – гэта ўсё ім, а гіперпапулізм і гіперінфляцыя – беларускаму народу!
Што адбываецца сёння ў Беларусі? Гэта пытанне задаюць усе: і бізнэсоуцы, і простыя працоўныя, палітыкі і жыхары вёсак. На мой погляд, адказ крыецца ў духоўна-маральным становішчы адказных асоб, якія ўплываюць на ход палітычных працэсаў у Беларусі. Больш за тое, адказнасць за сітуацыю ў краіне, нельга адносіць толькі на рахунак кіраўніка дзяржавы, але і на рахунак тых, хто ў цішы кабінетаў маніпулюе ідэалогіяй, тых, хто, завучы сябе суддзямі і пракурорамі, кінуў у турму нашых калегаў і сяброў Змітра Шурхая і Алеся Чаркашына.
Чаму такія людзі, як правіла, з вышэйшай адукацыяй, разумныя, пісьменныя, адказныя, з такім аптымізмам бараняць інтарэсы дыктатуры? Адказ дае Біблія (Рым.1:21-25):
21 Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца: 22 называючы сябе мудрымі, здурнелі, 23 і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека (культ асобы)…
Вось праўдзівы чыннік неўтаймаванай карупцыі, хабарніцтва і бязмежжа! Вось адкуль бяруцца несумленныя службоўцы, несправядлівыя суддзі, жорсткія міліцыянеры, абыякавыя дэпутаты, ненаедныя банкіры і нястрымныя бізнэскарупцыянеры.