Віталь Рымашэўскі: улады спрабуюць завесці сітуацыю ў тупік
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі лічыць, што напад на Ліцьвінскі клюб і адмова калоніі хадайнічаць аб вызваленні Змітра Бандарэнкі звязаныя паміж сабой і з’яўляюцца адказам на прапановы Еўразвяза на дыялог.
“Не можа быць такіх супадзенняў, каб менавіта ў тыя дні, калі ў Менску знаходзіцца прадстаўнік ЕЗ Гунар Віганд, які агучыў прапановы аб дыялогу, адбываліся такія падзеі. Учорашнія затрыманні 32 чалавек сталі самымі вялікімі за апошнія некалькі месяцаў, прычым для іх не было абсалютна ніякіх падставаў. Такім чынам улады кожны дзень знаходжання Гунара Віганда у Менску даюць яму пераканаўчыя сігналы, на якіх умовах яны гатовая пайсці на дыялог”, – сказаў ён.
“Рэжым не разумее, што ўмовы, якія ён хоча навязаць еўрапейскім палітыкам, невыканальныя. У Еўропе дзейнічаюць дэмакратыя і закон, і палітыкі павінны выконваць законы і прыслухоўвацца да меркавання выбаршчыкаў. Яны не могуць парушаць прававыя і чалавечыя нормы. Улады ў чарговы раз спрабуюць завесці сітуацыю ў тупік і не даць Беларусі выйсці як палітычнага, гэтак і з эканамічнага крызісу”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.