Колькі каштуюць палітвязні?
На мінулым тыдні адбылася сустрэча прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзянскай супольнасці Беларусі з Гунарам Вігандам (дырэктарам дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС). Увогуле – звычайная атмасфера, прадказальныя выступы вядомых лідэраў апазіцыі і трэцяга сектара – аб неэфектыўнасці палітыкі ізаляцыі Беларусі, аб неэфектыўнасці санкцый. Сярод гэтых узнёслых інтанацый «шчырага» клопату пра будучыню краіны зусім згубіліся аргументы аб тым, што за 2011 год тавараабарот Беларусі з ЕС вырас у параўнанні з 2010-м, а значыць, няма ніякай эканамічнай ізаляцыі, візавыя санкцыі носяць сімвалічны характар, іх адмена ў сённяшніх умовах – амаральная … Але, як заўсёды, ёсць аргументы, якія апраўдваюць тую ці іншую пазіцыю, а ёсць прычына, якая фармуе пазіцыю.
На тым фоне ўразіла сваёй непрыхаванай шчырасцю прапанова, звернутая да прадстаўнікоў ЕС ад адной з актывістак трэцяга сектара. Яна гучала прыблізна так: «Дыялог неабходны. Але давайце замарозім, вынесем за дужкі палітычнае пытанне. Відавочна, што прагрэсу тут дамагчыся нельга – дык давайце казаць і шукаць прагрэс у адносінах, супрацоўнічаць у іншых галінах … ».
Прыйшлося запярэчыць. Відавочна, што ў Беларусі ўсё – палітычнае пытанне. Усё, што мае адрозны ад улады пункт гледжання – музыка, бізнес, царква, слова ў інтэрнэце, маўчанне на плошчы …
У перапынку мне спрабавалі растлумачыць, што былі няправільна зразуметыя. Але аргументы проста шакавалі: «За апошні месяц у Беларусі замерзлі дзясяткі бабуль, а вы кажаце толькі пра палітыку Саннікава, пра палітвязняў! Нельга ж быць такімі эгаістычнымі! … ».
Адразу ўспомнілася рэакцыя вядомага беларуса, вязня савецкіх канцлагераў пастара Эрнэста Сабілы на настальгію некаторых людзей аб СССР: “Яны кажуць аб годным узроўні жыцця ўсіх савецкіх грамадзян, аб таннай каўбасе! Але нічога не хочуць ведаць пра тое з чаго “была зробленая” гэтая танная каўбаса! Яна была зроблена з людзей, соцень тысяч людзей, закатаваных у канцлагерах”. Метафара страшная, але яна як нельга больш дакладна раскрывае сутнасць таго, што адбывалася ў СССР – дабрабыт адных дасягаўся за кошт рабскай працы, катаванняў, страчанага здароўя і жыцця іншых.
Увогуле, і сутнасць пытання, ўносіцца ў парадак дня “канструктыўнай апазіцыяй”, зразумелы: «Можа, трэба кінуць палітвязняў у топку, каб абагрэць няшчасных замёрзлых бабуль?».
Усе дыктатары свету апраўдвалі свае дзеянні інтарэсамі народа. Практычна НІКОЛІ не казалі пра інтарэсы чалавека. Наадварот, «інтарэсамі народа» апраўдвалася прынясенне ў ахвяру канкрэтных людзей.
Як магло здарыцца, што інтарэсы часткі дэмакратычнай супольнасці Беларусі супалі з інтарэсамі рэжыму? І нават аргументы «новых беларускіх інтэлектуальных эліт» супалі з аргументамі дыктатуры. Можа быць, настаў той гістарычны момант зліцця дэмакратычнай і кіруючых эліт?
Зусім як у Джорджа Оруэла ў «Жывёльным двары»: «… Між свіннямі і людзьмі цяпер няма і не можа быць карэнных супярэчнасцяў. У іх адны і тыя ж клопаты і цяжкасці, адны і тыя ж праблемы, у прыватнасці, якія тычацца працы. Ён не лічыць, сказаў Напалеон, што нейкія старыя падазрэнні яшчэ могуць мець месца, але, тым не менш, на ферме будуць неадкладна праведзены пэўныя змены, якія павінны ўмацаваць працэс збліжэння, які намячаецца паміж намі».
Але спадары занадта спяшаюцца – ва ўладаў пакуль ёсць грошы, і няма свабодных месцаў у апартаментах для новых беларускіх элітаў.
Спадар Гунар Віганд быў у Беларусі толькі два дні. Менавіта за гэтыя два дні адбыліся дзве знакавыя падзеі:
8 лютага – налёт АМАПа на дом пастара Антонія Бокуна, дзе праходзіў сход «Ліцвінскага клуба». (Такой колькасці беспадстаўна арыштаваных не было ў краіне больш за паўгода.)
9 лютага стала вядома, што Магілёўская калонія не будзе хадайнічаць Аляксандру Лукашэнку аб памілаванні Змітра Бандарэнкі.
Вядома, што масавыя арышты ў Беларусі кантралююцца на самым высокім узроўні.Відавочным за апошні год стала і тое, што паступленне ЛЮБОЙ інфармацыі аб палітычных зняволеных цалкам кантралюецца ўладамі. Толькі наіўны чалавек можа верыць у выпадковае супадзенне падобных падзей.
Гэта можна лічыць адказам і Еўрапейскаму Саюзу, і беларускім дэмакратам на прапанову дыялогу.
Беларускія ўлады не маюць патрэбу ў дыялогу.
Беларускія ўлады маюць патрэбу ў грошах і лабістах.