Антон Фурс: «Прысягу прымалі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» (Відэа)

30 красавіка 2012 12:40  |  Грамадства

30 красавіка святкуе 85-годдзе сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Антон Фурс, адзін з заснавальнікаў Саюза беларускіх патрыётаў — моладзевай арганізацыі, якая ў 1945–1947 гадах дзейнічала ў Глыбокім і Паставах.

 

Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна Дзісненскага павета (цяпер Мёрскі раён). Вучыўся ў школе ў Язне і прагімназіі ў Глыбокім, пасля акупацыі паступіў у Глыбоцкую педагагічную вучэльню.

 

Неяк у 1945 годзе ў Глыбокім трое язненскіх хлопцаў — студэнты педвучэльні Васіль Мядзелец, Антон Фурс і вучань сярэдняй школы Алесь Юршэвіч — пачалі разважаць пра русіфікацыю адукацыі. Прыйшлі да рашэння стварыць патаемную арганізацыю на ўзор віленскіх філаматаў і філарэтаў.

 

Сябры СБП прысягалі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» быць вернымі ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі. Праз некаторы час глыбоцкая суполка СБП аб’ядналася з суполкай «За Беларусь!», якая адначасова і незалежна паўстала ў Пастаўскай педагагічнай вучэльні.

 

Савецкія спецслужбы даведаліся пра існаванне арганізацыі і накіравалі ў яе правакатара, які спрабаваў схіліць юнакоў да збройнага паўстання. Хоць правакацыя не атрымалася, але ўсе сябры СБП былі арыштаваныя і асуджаныя за «антысавецкую дзейнасць».

 

Антон Фурс, які быў сакратаром глыбоцкай суполкі СБП, атрымаў пятнаццаць гадоў лагераў. Адбываў пакаранне на лесапавале ў Свярдлоўскай вобласці і на будаўнічых працах у Казахстане. Правёў у зняволенні дзевяць гадоў.

 

Пасля вызвалення ажаніўся з Алесяй Умпіровіч, былой удзельніцай СБП, якая правяла ў лагерах Мардовіі дзесяць гадоў. Не знайшоўшы месца на Радзіме, сям’я Фурсаў выехала ў Казахстан, дзе яны пражылі дваццаць пяць гадоў. Там у іх нарадзіліся дзеці Юрась і Людміла. Толькі ў 1982 годзе Фурсы вярнуліся ў Беларусь, набылі дом у Паставах, дзе жывуць і сёння.

 

 

 

 

З Антонам Віктаравічам Фурсам гутарыць Кастусь Шыталь.

 

— Антон Віктаравіч, як вы ўсвядомілі сябе беларусам?


— Школа ўсё дае! Няма школы — няма нічога. Мы жылі за польскай уладай, усё навокал было польскае. Бацькі не ведалі, хто мы, — аралі зямлю, не цікавіліся ніякай палітыкай. Мы ведалі толькі, што мы не рускія, і не польскія. Неяк мы знайшлі пашпарт дзеда, і там было напісана: «нарадовасць» — «тутэйшы».

 

У школе мы вучыліся па-польску, а на перапынках размаўлялі па-беларуску. Прыйшлі першыя Саветы, яны адкрылі беларускія школы. Нам падабалася. Было шмат танных кніг на беларускай мове. І Жуль Верн, і Гюго, і Пушкін, і Лермантаў. Пры Саветах я скончыў шэсць класаў.

 

Прыйшлі немцы. Адкрылі беларускія школы — беларускія па духу. Мы вучылі гісторыю па Ластоўскаму, геаграфію па Смолічу, граматыку Тарашкевіча, пісалі на тарашкевіцы. Ладзілі вялікія канцэрты, дэкламацыі і песні беларускія… Я ўжо ў сёмым класе быў свядомым беларусам.

 

Пасля вайны, як немцаў прагналі, я паступіў у Глыбоцкае педагагічнае вучылішча. Выкладчыкі беларускую мову не ведалі або дрэнна ведалі, і ў нас русіфікацыя пайшла. Як гэта так: пры акупантах, ворагах вучылі па-беларуску, а тут свае прыйшлі, і няма [беларускай мовы]. Гэта нас і падштурхнула стварыць такую нелегальную арганізацыю.

 


Антон Фурс. Фота Кастуся Шыталя.

 

 

— Дзеля якіх мэтаў стваралі Саюз беларускіх патрыётаў?

 

— Якая была мэта? Мы ж не маглі супраць такой махіны нешта рабіць. Скончым вучылішча, нас пашлюць па вёсках… Такое было становішча, чакалі Трэцюю сусветную вайну. Чэрчыль выступаў дзесьці з такой прамовай… Я ўжо не памятаю, адкуль пра гэта ведалі. Чакалі перамен нейкіх.

 

Мы думалі: мы ж таксама падрасцём. І каб не адбылося тое, што адбылося, як немцы прыйшлі, калі палякі захапілі [пасады ў акупацыйнай адміністрацыі], мы павінны быць гатовыя.

Прысягу прымалі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй». А «Пагоню» яна [Алеся Умпіровіч, сябра пастаўскай суполкі СБП, будучая жонка Антона Фурса] намалявала.

 


 

Злева — спадарыня Алеся Фурс (Умпіровіч). Фота Кастуся Шыталя.

 

— Як вас арыштоўвалі?

 

— 9 лютага [1947 года] былі выбары ў Вярхоўны Савет. Нам сказалі, каб не ехалі дадому, трэба на выбары. Увечары мы сабраліся на кватэры, каб бавіць час. Усе маладыя. Музыкант у нас свой быў, з педвучылішча. Іграем, музыка… Пад 12 вечара заходзяць да нас супрацоўнікі МГБ, патрабуюць дакументы. Там Васіль Мядзелец якраз быў, наш кіраўнік, і я. Нас дваіх налева і павялі…

 

Уваход быў з кухні. А на кухні лямпачка перагарэўшы. Цёмна. А ў мяне поўная кішэнь папер па арганізацыі. Што рабіць? Зарыентаваўся неяк. На пліце рондалі стаяць. На хаду выкінуў іх у рондаль, ніхто не заўважыў. Павялі нас у МГБ. Там ужо Бялевіч на падлозе ляжаў і Еўдакімаў [сябры СБП].

 

У нас была палова непаўналетніх. Ім потым далі меней — па 8 гадоў. Большасці далі па 10 гадоў. Нас усяго было 44 чалавекі — пастаўскіх і нашых [глыбоцкіх]. Чатыром была смяротная кара, [яе замянілі на 25-гадовы тэрмін зняволення].

 

— Распавядзіце, калі ласка, пра лагеры.

 

— Я трапіў на лесапавал. У Свярдлоўскую вобласць, «Востокураллаг». Не хутка мы маглі звязацца з домам, дома не ведалі, куды нас паслалі. Потым, канечне, нам дапамагалі бацькі, пасылкі прысылалі. Мала толку было з пасылак, таму што не было дзе іх захаваць. Знаёмых, землякоў пачастуеш — хутчэй з’есці, бо ўсё роўна ўкрадуць або адбяруць.

Цяжкая была праца. Вельмі цяжкая. Асабліва зімой. Снег, мароз пад сорак градусаў. Раніцай атрымаеш кавалак хлеба. Трэба ж пакінуць на абед які-небудзь кавалачак. А сіл не хапае, так хочацца з’есці, таму што галодны. Як пазбавіцца гэтай ахвоты? Стаў думаць пра нешта добрае, волю ўспамінаць. І вершы складаў. Пісаць не было чым, і няможна было. Запамінаў.

Ці помніш ты? Ці помніш ты
Студэнцтва мілыя гады?
Ты больш ужо не ўбачыш іх,
Такіх прыгожых, маладых.

Як кветка ранняю вясной
Зіяла дзіўнай ты красой.
І ў чорнай, непрагляднай цьме
жыццё аздобіла ты мне.

Гады міналі, нібы ў сне,
Усмешкі ты дарыла мне.
І іх, чароўныя, як знаў,
У сэрцы я сваім хаваў.

Я помню іх, я не забыў,
Аб іх я марыў, аб іх сніў.
І сёння, хоць на адзіны міг,
Прашу цябе: успомні іх.


Антон Фурс чытае ліст намесніка старшыні КДБ Беларусі Г. Лавіцкага, дасланы 26 траўня 1992 года. “Мы прыносім Вам глубокае прабачэнне за дапушчаную ў мінулым боль і несправядлівасць у адносінах да Вас”, – гаворыцца ў лісце. Фота Кастуся Шыталя.


— Пасля вызвалення з лагеру вы апынуліся ў Казахстане…

 

— Спачатку я прыехаў дадому. Людзі добра прынялі, а начальства — дрэнна.

 

Якраз у гэты час будаваўся Наваполацк, ездзіў туды на працу ўладкоўвацца. Я зваршчык высокага разраду быў. Быццам бы патрэбны. А дзе працоўная кніжка? Няма. А дзе ты быў? А дзе, скажаш? Ну, я гавару, дзе быў. І не прынялі мяне на працу. А да бацькі пачаў ездзіць участковы: чаго сын дома сядзіць, нідзе не працуе?

А тут якраз прыходзяць плакаты — набіраюць рабочых на шахты ў Казахстане. Якраз там, дзе я будаваў. Даюць пакой, аплачваюць дарогу.

А я ж толькі з ёй [Алесяй Умпіровіч] пазнаёміўся. («Мы адзін раз толькі ўбачыліся, ён прыехаў другі раз — і мы ажаніліся. Выбару другога не было», — дадае да размовы спадарыня Алеся).

 

Мы ніяк не знайшлі часу пайсці ў сельсавет, каб аформіць шлюб. У іх не было бланкаў. Так мы і паехалі неаформленыя.

 

Працаваў матарыстам на шахце. Заробак 60 рублёў на месяц. Але гэта нядоўга было, месяцы тры-чатыры. Потым сваіх сусе¬дзяў па лагеры сустрэў, брыгада сантэхнікаў.

 

Пытаюцца: колькі зарабляеш? Кажу: шэсцьдзесят. Дык ты што? Давай да нас, кажуць. Так я і зрабіў. Там у мяне заробак у тры разы большы стаў.

 

Мы пражылі ў Казахстане дваццаць пяць гадоў. Дзеці там сярэднюю школу скончылі.

 

— Жывучы ў Казахстане, вы адчувалі сябе беларусам?

 

— А як жа! Мы, землякі, гуртаваліся, адзін да аднаго ў госці ездзілі. Ні адно свята адны не былі. Алег Лапіцкі з жонкай, родны брат Расціслава Лапіцкага. З яе [Алесі] вёскі быў чалавек, Павал Умпіровіч з жонкай…

 

Выпісвалі часопіс «Беларусь», «Звязду». Нам з Беластоку прысылалі «Ніву». «Беларускую энцыклапедыю» выпісалі, 12 тамоў.

 

З Ларысай Геніюш падтрымлівалі сувязь. [Алеся Умпіровіч пасябравала з Ларысай Геніюш у лагеры ў Мардоўскай АССР.] Адтуль на яе 70-гадовы юбілей самалётам прыляталі. Яе муж, Янка, прысылаў нам заўсёды навінкі літаратуры, што ў Беларусі выдаваліся.

 

— Ці спадзяваліся вы на тое, што Беларусь стане незалежнай?

 

— Слаба мы ўжо спадзяваліся. Калі вярталіся ў Беларусь, думалі: прыедзем у сваю краіну, хоць тут па-беларуску пагаворым. А тут няма з кім гаварыць! І цяпер… Дзень Волі мы святкавалі — дзесяць чалавек было…

 

— Што б вы пажадалі сучаснай беларускай моладзі, якая змагаецца за нашу мову, культуру, нацыянальную годнасць?

 

— Я б ім пажадаў звярнуць усю ўвагу на мову. На мой погляд, зусім проста: беларусаў восемдзесят працэнтаў — дайце нам восемдзясят адсоткаў школ. Рускіх восем — а ім восем. Патрабаваць трэба.

 

Як вы станеце свядомымі без школ? Без школ вы не станеце свядомымі.

 

Відэа з відэаархіву былых вязьняў ГУЛАГу, represii-by.info

 

Болей навін