Жыццё насуперак дыктатуры
У фантане ў цэнтры Мінска качка гадуе дванаццаць качанят. Мяркуючы па ўзросце качанят, жывуць яны там не менш за два тыдні.
Уражвае духоўны кантраст гэтага відовішча са звычайнай атмасферай, што пануе ў цэнтры гэтага горада. Дыктатура – адна з формаў арганізаванага супрацьстаяння жыццю. Яе канчатковая мэта заўсёды – знішчэнне. Яе дух – дух смерці. Жыццё – заўсёды насуперак і нягледзячы на гэтыя спробы яго знішчыць.
Зусім па-іншаму гэта ўспрымалася б у еўрапейскіх гарадах. Там жыццё жывёл каля людзей – звычайная з’ява. У Лондане, напрыклад, вавёркі жывуць практычна на кожным дрэве, ядуць з рук людзей. Менш варожасці і агрэсіі ў адносінах паміж людзьмі дазваляюць мірна суіснаваць людзям і жывёлам.
Рэдкая падзея для Менска. Незвычайны акт адкрытасці жывой істоты да менчукоў. Ці апраўданы?