Віталь Рымашэўскі: Момант ісціны
Пра маючыя адбыцца “выбары”, здацца, усё ўжо сказана і ўсё ўсім зразумела. Выказаліся апазыцыйныя палітыкі, выказаліся прадстаўнікі рэжыму.
Былыя палітвязьні распавялі, як ім настойліва прапаноўвалі ўзяць удзел у “выбарах”. Нарэшце і Лукашэнка пахваліў апазыцыянэраў, што ўдзельнічаюць у выбарах “да канца”, і залічыў да “5-й калёны” ўсіх іншых. Выявілі сваю пазыцыю апазыцыйныя СМІ ды іх рэдактары.
Выказалася і беларускае грамадзтва – праз інтэрнэт, на мітынгах, пры сустрэчах на пікетах. Таксама і прапановы наконт магчымага дзеяньня зразумелыя і выказаныя даўно: усе ахвочыя могуць далучыцца да байкотных пікетаў і акцыяў альбо дапамагаць мабілізоўваць электарат на выбары.
Зараз зьвяртаюся да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі. Да тых, хто не заангажаваны ў палітыку, хто нічога не атрымлівае ад перамогі той ці іншай апазыцыйнай палітычнай групоўкі. Ведаю, вы прагнеце свабоды і справядлівасьці, вы выступаеце супраць улады і расчараваныя ў апазыцыі. Вам падаецца, што беларускія ўмовы палітычнага жыцьця складаныя і зрабіць амаль нічога немагчыма. За апошнія 15 год з кожным новым наступам рэжыму на свабоду і дэмакратыю ў краіне многім здавалася, што гэта апошні жахлівы крок, што рабіць ужо нічога не магчыма і горш ужо ня будзе. Але час ішоў – улады ішлі на новыя парушэньні закону, умовы палітычнага жыцьця яшчэ болей пагаршаліся. І, насуперак абставінам, заўжды зьяўляліся людзі, што знаходзілі магчымасьць супраціву, дзеяньня. Зьміцер Дашкевіч і Павал Севярынец, сотні, тысячы беларусаў далучаліся да супрацьстаяньня рэжыму. Дзякуючы ім Беларусь яшчэ захавала рэшту незалежнасьці, а беларусы – рэшту свабоды і магчымасьці дзеяньня.
І падчас гэтай “выбарчай” кампаніі такая магчымасьць ёсьць. Рэжыму трэба паказаць сваю “дэмакратычнасьць” перад міжнароднымі назіральнікамі – і, скрыгочучы зубамі, байкотныя пікеты не забараняюць, магчыма легальна агітаваць за байкот. Гэтая магчымасьць існуе ня дзякуючы ўладам, а дзякуючы мужнай пазыцыі вязьняў, усіх тых, хто за гэтыя гады не скарыўся і змагаўся за нашую з вамі свабоду.
Стаць назіральнікам і падлічыць сапраўдную яўку, 2–3 гадзіны паразмаўляць зь людзьмі на пікеце, распавядаючы пра падман на выбарах і заклікаючы да байкоту, распаўсюдзіць некалькі соцень агітацыйных улётак – зусім не складаныя дзеяньні, якія можна рабіць сёньня легальна. Пасьля 23 верасьня – такой магчымасьці можа болей ня быць.
Скарыстайма гэтую магчымасьць! Для кожнага надышоў час адказаць сабе на пытаньне: што я зрабіў сёньня, каб гэты рэжым сышоў?
Апошняе слова ў гэтай кампаніі будзе сказанае падчас “галасаваньня”. Беларусы выкажуць сваё стаўленьне да ўлады. На гэты раз – сваім удзелам альбо няўдзелам у прапанаванай уладамі “гульні ў дэмакратыю”. Гэта і стане своеасаблівым “момантам ісьціны” і для ўлады, і для апазыцыі, для кожнага грамадзяніна Беларусі.
Далучайцеся! Сёньня будучыня Беларусі залежыць ад кожнага з нас!