У Ватыкане заўтра распачынаюцца выбары новага Папы Рымскага
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі расказаў аб падрабязнасцях, звязаных з правядзеннем галасавання на канклаве. Яно будзе адбывацца штодзённа двойчы — днём і вечарам. І падчас дзённай, і падчас вячэрняй сесій будзе праходзіць па два туры галасавання.
Спаленне выбарчых картак прадугледжана пасля кожнай сесіі, г.зн. пасля двух тураў галасавання, і будзе адбывацца ў 12.00 і 19.00 кожнага дня. Аднак у выпадку абрання Папы падчас першага з галасаванняў спаленне адбудзецца раней — з 10.30 да 11.00 днём або з 17.30 да 18.00 вечарам.
За дзень да пачатку канклаву, 11 сакавіка ў 17.30, у капліцы св. Паўла, што знаходзіцца ў Апостальскім палацы, адбудзецца прынясенне прысягі персаналам, які будзе дапамагаць кардыналам у перыяд падрыхтоўкі да канклаву. Ватыканскі тэлевізійны цэнтр будзе праводзіць прамую трансляцыю з гэтай падзеі. Таксама 11 сакавіка, у першай палове дня, адбудзецца чарговая агульная кангрэгацыя.
12 сакавіка каля 7.00 кардыналы-выбаршчыкі заселяцца ў свае пакоі ў Доме св. Марты. Затым у 10.00 у базыліцы св. Пятра пачнецца святая Імша «Рro eligendo Pontifice» (Аб абранні Пантыфіка), якую ўзначаліць дэкан Калегіі кардыналаў кардынал Анджэла Садана. Прадугледжана, што ў 15.45 адбудзецца пераезд кардыналаў-выбаршчыкаў з Дома св. Марты ў ватыканскі Апостальскі палац. Затым, у 16.30, спяваючы Літанію да ўсіх святых, іерархі ўрачыстай працэсіяй пяройдуць з капліцы св. Паўла ў Сікстынскую капэлу. Тут пасля малітвы «Veni Creator Spiritus» яны прынясуць прысягу і выслухаюць духоўнае разважанне. Затым адбудзецца першае галасаванне. Прадугледжана, што ў 19.15 адбудзецца малітва Літургіі гадзінаў у Сікстынскай капэле, а затым кардыналы вярнуцца ў Дом св. Марты.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, для забеспячэння таямніцы выбараў у Сікстынскай капэле, дзе будзе праходзіць канклаў, і Доме св. Марты, месцы пражывання кардыналаў-выбаршчыкаў, будуць прадугледжаны меры асаблівага кантролю. Для гэтага будуць ужывацца металадэтэктары і спецыяльная сістэма, якая прыпыняе любыя віды электроннай камунікацыі. У той час, як у Сінадальнай зале, дзе праходзяць агульныя кангрэгацыі, кардыналы карыстаюцца электроннымі пультамі для галасавання, у Сікстынскай капэле ў іх распараджэнні застануцца толькі папера і асадкі. Кардыналы, як прадугледжвае Апостальская канстытуцыя «Universi Domini Gregis», застануцца ізаляванымі ад свету на ўвесь час выбараў Пантыфіка.
Кажучы пра агульную кангрэгацыю 8 сакавіка, ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што большасць кардыналаў пагадзілася з першай з прапанаваных дат пачатку канклаву — 12 сакавіка. Таму галасаванне прайшло хутка і паведамленне аб яго выніках з’явілася раней прадугледжанага тэрміну.