Віталь Рымашэўскі: Тое, што адбываецца ў краіне ў сувязі з эпідэміяй АЧС, — гэта прававое бязмежжа

09 жніўня 2013 11:11  |  Палітыка

8 жніўня аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” правёў круглы стол, прысвечаны праблеме эпідэміі афрыканскай чумы свінняў (АЧС) і вынішчэння свінога пагалоўя ў прыватных гаспадарках ды на свінакомплексах. У ім узялі ўдзел фермеры, гаспадары, ветэрынары, а таксама прадстаўнікі грамадскасці і СМІ.

“Тое, што адбываецца ў краіне ў сувязі з эпідэміяй АЧС, — гэта катастрофа, прававое бязмежжа, беспадстаўнае парушэнне правоў грамадзян на прыватную ўласнасць, — лічыць сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі. — Адбываецца руйнаванне шматлікіх гаспадарак, для якіх вырошчванне свінняў было асноўнай крыніцай здабытку. Трэба меркаваць, як бараніць людзей, таму што парушэнне права на ўласнасць, на прыватнае жыццё чалавека, рабаўніцтва з боку органаў дзяржаўнай улады вядзецца ва ўсіх галінах. І сёння яны закранулі людзей, якія былі базавым электаратам Лукашэнкі, доўгі час падтрымлівалі і стала галасавалі за дзейную ўладу”. 

На думку Рымашэўскага, трэба зрабіць усё, каб вінаватыя ў гвалтоўным знішчэнні прыватнага пагалоўя жывёлы ў сялян, прадпрымальнікаў былі прыцягнутыя да адказнасці. 

Паводле слоў намесніка дырэктара прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Ветэрынарныя тэхналогіі” Аляксея Цюлькова, закрыццё знешніх рынкаў для беларускай свінагадоўлі было б вельмі моцным ударам для галіны і звязаных з ёй кірункаў. 

“Другі крытычны момант — тое, што ветэрынарная служба Беларусі працуе некалькі па-іншаму, чым у другіх краінах, — расказаў ён. — Усюды ветслужба з’яўляецца незалежнай сістэмай, якая выконвае наглядныя функцыі і не падпарадкоўваецца нікому. У нас жа яна аб’яднаная з сістэмай Мінсельгасхарча, прычым ветэрынарныя ўрачы атрымоўваюць фінансаванне не толькі з бюджэту, але і ад тых гаспадарак, дзе яны працуюць”. 

Спецыяліст адзначыў, што свінні, якія знаходзяцца ў прыватнай маёмасці, знішчаюцца, а да пагалоўя, якое знаходзіцца ў дзяржмаёмасці, зусім іншыя адносіны. Але ж узбуджальніку інфекцыі ўсё роўна, якой прыналежнасці свіння, і даць гарантыю, што ўзбуджальнік не з’явіцца на якім-небудзь свінакомплексе, вельмі складана”. 

Цюлькоў прызнае, што кантраляваць і праводзіць неабходныя ветэрынарна-санітарныя мерапрыемствы на буйным свінакомплексе значна прасцей, чым у тысячах малых гаспадарак, “Але бяда ў тым, што дзяржава па-рознаму адносіцца да розных форм уласнасці” — рэзюмаваў ён.

 


Болей навін