Жыхары Харватыі прагаласавалі супраць гей-шлюбаў

02.12.2013, 10:23  |  Навіны » Свет

Жыхары Харватыі на рэферэндуме ў нядзелю прагаласавалі за забарону аднаполых шлюбаў, падтрымаўшы такім чынам ўнясенне ў канстытуцыю краіны выразнага вызначэння шлюбу як саюзу мужчыны і жанчыны.

 

Рэферэндум праходзіў пры актыўнай падтрымцы Рыма-Каталіцкага Касцёлу, які лічыць, што дапушчальная толькі тая форма шлюбу, у якой магчыма дзетанараджэнне.

 

Левацэнтрысцкі ўрад выступаў супраць забароны, а прэзідэнт краіны Іва Ёсіпавіч папярэдзіў, што яго прыняцце можа спрыяць стварэнню для Харватыі рэпутацыі неталерантнай краіны.

 

Тым не менш у сацыяльных пытаннях Харватыя застаецца кансерватыўнай краінай, дзе Касцёл да гэтага часу займае моцную пазіцыю, таму зыход галасавання шмат у чым быў наканаваны.

 

Каталіцкая група "У імя сям'і" сабрала 740 тыс. подпісаў у падтрымку рэферэндуму, прымусіўшы парламент краіны даць зялёнае святло гэтай ініцыятыве. У выніку за забарону аднаполых шлюбаў выказаліся, па папярэдніх дадзеных, амаль 66 % тых, хто прагаласаваў.

 

"Я шчаслівы, таму што з гэтага моманту ніводны будучы ўрад не зможа легалізаваць аднаполыя шлюбы", - заявіў, каментуючы вынікі рэферэндуму, лідэр групы "У імя сям'і " Жэлька Маркіч.

 

30 лістапада ў знак пратэсту супраць забароны ЛГБТ - шлюбаў сотні людзей прайшлі маршам праз Заграб, сталіцу Харватыі.

 

Каталіцкая ініцыятыўная група склала петыцыю аб правядзенні рэферэндуму і сабрала 700 тысяч подпісаў у яе падтрымку. Пытанне рэферэндуму было сфармулявана так: "Ці згодныя вы, што шлюб - гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай?"

 

Амаль 90% з 4,4 мільённага насельніцтва Харватыі - каталікі, а Ватыкан настойліва заклікае сваіх прыхільнікаў сцвярджальна адказаць на пытанне рэферэндуму.

 

У парламенце Харватыі галасаванне таксама падтрымалі 104 з 151 дэпутата.

Крыніца: BBC Russian

Навіны па тэме