Беларуская дыяспара адзначыць “Дзяды” па ўсёй Еўропе

31.10.2014, 19:49  |  Навіны » Свет

Беларуская дыяспара мае намер адзначыць Дзень ушанавання памерлых, таксама вядомы як Дзяды, у розных краінах Еўропы. Так, у Вільні (Літва) збор прызначаны аб 11:00 каля цэнтральнага ўвахода на могілкі Роса. Плануецца разам адведаць магілы спачыўшых беларусаў, запаліць знічы, прамовіць за іх адыйшоўшыя душы малітвы.

 

У Варшаве (Польшча) Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае усіх беларусаў 2 лістапада сустрэцца аб 11:00 на пляцоўцы перад уваходам у гандлёвы цэнтар Arkadia (al. Jana Pawła II 82), каб наведаць магілы знакамітых беларусаў. Удзельнічаючы ў акцыі Зянон Пазьняк распавядзе пра лёсы выбітных прадстаўнікоў беларускага народу, паведамляе БНП.

 

У Празе (Чэхія) апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек адслужыць аб 11:00 Боскую Літургію ў царкве святых Кузьмы і Дзям’яна (Vyšehradská 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na Slovanech). Паніхіда за ўсіх памерлых пачнецца 13:30 на Олшанскіх могілках.

 

У Лондане (Вялікабрытанія) 2 лістапада паніхіда будзе адпраўленая ля магілаў беларусаў, пахаваных на могілках сьвятога Панкрата (St. Pancras & Islington Cemetery, Roman Road). Пачатак а 12:15.

 

У Бельгіі 2 лістапада а 12:00 Боская Літургія будзе адслужаная ў беларускай царкве ў Антвэрпэне (Lange Beeldekensstraat 22, 2060 Antwerpen). Пасьля Літургіі вернікі накіруюцца ў Лёвэн да магілы музыкі Міколы Равенскага, дзе будзе адпраўлена паніхіда і ўскладзеныя кветкі.

Навіны па тэме