Рэгістрацыя БХД. Пятая адмова
Партыі БХД адмовілі ў рэгістрацыі ў пяты раз, з улікам падачы дакументаў на рэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў хрысціянскіх дэмакратаў колькасць адмоў дасягае 19-ці.
Прычыны — усё тыя ж. Сярод прычын нерэгістрацыі, названых Мінюстам:
— Адмова двух заснавальнікаў ад сваіх подпісаў, зробленая пад ціскам і пагрозамі чыноўнікаў (з гэтай нагоды мы ўжо рабілі заявы і рыхтуем матэрыялы ў пракуратуру);
— Нібыта тэлефонны званок (!) аднаго з супрацоўнікаў Мінюста заснавальніку партыі;
— Адмова прадаставіць дакументы, якія па законе не з’яўляюцца абавязковымі для рэгістрацыі (Мінюст запатрабаваў дакументы, якія не прадугледжаныя законам у спісе абавязковых дакументаў, якія трэба падаваць заснавальнікам. У прынцыпе, мы тут ім традыцыйна адмаўляем, бо, напрыклад, яны патрабуюць апісання месцаў рэгіянальных сходаў. А для рэгіянальных гарадоў гэта небяспечна для тых людзей, якія даюць памяшканні (часам яны праходзяць на кватэрах), і за гэтым цягнецца дадатковы ціск. Мы гэта ўжо праходзілі ў папярэднія чатыры разы).
Астатнія прычыны — дробныя недакладнасці, такія як «адсутнасць у дадзеных некаторых заснавальнікаў нумароў рабочага або хатняга тэлефона» Нават за вылікам пералічаных Мінюстам асоб спіс заснавальнікаў Партыі БХД утрымлівае больш за 1000 чалавек, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі. Ніякіх прэтэнзій у Мінюста да дакументаў, якія прадставіў аргкамітэт БХД, няма.
Гэты адказ, на жаль, чаканы, і гэта яшчэ раз падкрэслівае, што ў Беларусі няма нават элементарных нормаў дэмакратыі ні ў адной галіне — ні ў палітычнай, ні ў сацыяльнай, ні ў эканамічнай. Правядзенне час ад часу выбарчых кампаній — гэта толькі шырма, каб зрабіць выгляд, што ў Беларусі існуюць элементарныя нормы дэмакратыі. На самой справе іх няма, правы чалавека парушаюцца, і адмова ў рэгістрацыі БХД — гэта яшчэ адзін факт, які гэта пацвярджае.
Адмова ў рэгістрацыі ніяк не паўплывае на працу хрысціянскіх дэмакратаў. Сёння БХД — гэта канкрэтныя справы, сотні ініцыятываў, якія абараняюць права на жыццё кожнага беларуса, абараняюць права на годнае існаванне, абараняюць беларусаў ад карумпаванай і рэпрэсіўнай улады. Перш за ўсё, БХД — гэта нацыянальны грамадска-палітычны рух. Больш за сем гадоў мы працуем ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, і хоць адмова рэгістрацыі стварае дадатковыя перашкоды, але яна не з’яўляецца крытычнай і не спыніць і ніяк не паўплывае на далейшыя планы і працу хрысціянскіх дэмакратаў.
За гады існавання хрысціянскія дэмакраты не толькі ўдзельнічалі ў палітычных кампаніях, але і правялі сотні паспяховых грамадзянскіх кампаній.
Хрысціянскія дэмакраты прымусілі ўлады змяніць законы ў сферы абароны права на жыццё, зрабіць першыя крокі па спыненні спайвання насельніцтва.
Грамадска-палітычны рух хрысціянскіх дэмакратаў будзе толькі шырыцца. За нас сёння кажуць не нашы словы, а нашы справы. Менавіта таму, нягледзячы на рэпрэсіі, да БХД далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі.
P.S.
Нагадаю, у 2011 годзе ў інтэрв’ю Washington Post Лукашэнка заявіў, што хрысціянскія дэмакраты, верагодна, ніколі не будуць зарэгістраваныя, бо яны «бандыты» і «ўдзельнічалі ў беспарадках» …
Вядома, што ў час нядаўняга дыялогу па правах чалавека, які адбываўся паміж ЕС і Беларуссю, прадстаўнікі беларускіх уладаў адкрытым тэкстам казалі: так, мы не рэгіструем арганізацыі, бо гэта для нас такі дадатковы кантроль за тымі арганізацыямі, якія могуць быць дэструктыўнымі або небяспечнымі. Гэта такі таталітарны падыход, калі людзі не толькі прымаюць беззаконныя рашэнні, але і маюць нахабства пра гэта казаць.
Таму, хутчэй за ўсё, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, як і многія іншыя дэмакратычныя арганізацыі, будзе зарэгістраваная ў Беларусі пасля хуткага падзення аўтарытарнага рэжыму.