Віталь Рымашэўскі. ПРАВА ВЫБАРУ. Адна з галоўных задач назірання – фіксацыя байкоту
Завяршыўся адзін з самых важных этапаў назірання – фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій. Непасрэдна на этапе фарміравання ўчастковых камісій адбываюцца ўсе фальсіфікацыі.
Толькі сябры ўчастковых камісій непасрэдна могуць пракантраляваць, як людзі галасуюць на самай справе. Ва ўмовах, калі назіральнікаў нават блізка не падпускаюць да сталоў, наяўнасць у складзе ўчастковых камісій незалежных ад улады людзей з’яўляецца адзінай магчымасцю праверыць дакладнасць галасавання.
На дадзены момант ва ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК) уключаны беспрэцэдэнтна нізкі адсотак прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Унесеныя ў 2013 годзе змены ў Выбарчы кодэкс не прадухілілі няроўнага доступу палітычных сіл да працы ў выбарчых камісіях. 99,45% УВК будуць працаваць наогул без кантролю з боку апазіцыі, бо ні адзін з вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў ці аб’яднанняў у іх не быў уключаны.
Створаныя ўчастковыя выбарчыя камісіі цалкам знаходзяцца пад кантролем уладаў. Большасць людзей, якія ўключаны ў іх склад, – гэта прадстаўнікі БРСМ, «Белай Русі» і фэйкавых партый, аб працы якіх ніхто ніколі не чуў. Гэта праўладныя, інтэграваныя ва ўладную сістэму структуры. Таму ўлада, і, адпаведна, дзеючы кіраўнік дзяржавы – цалкам кантралююць падлік галасоў.
Толькі факты:
Асноўныя высновы:
1. Склад участковых выбарчых камісій сфармаваны з беспрэцэдэнтна малым прадстаўніцтвам апазіцыі. Нават у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі (напрыклад, з парламенцкімі выбарамі 2012 года, выбарамі прэзідэнта 2010 года) і без таго мізэрная прадстаўніцтва апазіцыі значна скарацілася: фактычна можна казаць толькі аб адзінкавых выпадках уключэння ў склад УВК членаў апазіцыйных палітычных партый і незалежных грамадскіх аб’яднанняў.
2. Унесеныя ў 2013 годзе ў Выбарчы кодэкс змены не прадухілілі няроўнага доступу палітычных сілаў да ўдзелу ў працы выбарчых камісій. Абсалютная большасць вылучаных у УВК прадстаўнікоў праўладных аб’яднанняў была ўключана ў склад камісій, у той час як амаль усім вылучэнцам апазіцыйных арганізацый было адмоўлена.
Арганізацыі-ўдзельнікі кампаніі «Права выбару-2015» вылучылі ў склад УВК 374 сваіх прадстаўнікі (як ад арганізацый, так і шляхам збору подпісаў), але толькі 6 чалавек (1,6% ад колькасці вылучаных) былі ўключаныя ў склад УВК. Прадстаўніцтва іншых апазіцыйных структур у складзе УВК таксама мізэрнае.
3. Створаныя УВК знаходзяцца пад поўным кантролем выканаўчай улады: 99,45% УВК будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазіцыі.
Пасля таго, як не сабралі неабходную колькасць подпісаў тыя, хто мог стаць моцным апанентам дзеючай улады, вынік кампаніі стаў відавочны. Тое, што адбываецца цяпер, падобна нават не на імітацыю выбарчай кампаніі, а на кампанію па новай інаўгурацыі старой персоны.
Людзі гэта разумеюць. Шанцаў на справядлівыя выбары практычна няма. Упэўнены, па гэтай прычыне, нягледзячы на заканадаўчую забарону заклікаў да байкоту, большасць беларусаў гэтыя «выбары» прабайкатуе. І гэта адбудзецца без усялякіх заклікаў з боку апазыцыі.
Паказальна, што ў Мінску ні адзін з прадстаўнікоў апазіцыйных партый не быў уключаны ў склад УВК. Менавіта Мінск у апошні час «выбары» ігнараваў.
Тое, што выбары несправядлівыя, мы з вамі выдатна ведаем. Але для міжнароднай супольнасці, для беларусаў, якія яшчэ вераць у сумленныя выбары, неабходныя юрыдычна абгрунтаваныя, зафіксаваныя факты парушэнняў.
У сённяшніх умовах, у першую чаргу, гэта падлік тых, хто прыйшоў прагаласаваць людзей і фіксацыя фальсіфікацыі яўкі выбаршчыкаў. Нагадаю, што юрыдычна выбары адбыліся, калі на ўчасткі прыйшло і прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў.
Кампанія «Права выбару-2015» вылучыць максімальна магчымую колькасць назіральнікаў, якія будуць працаваць на тысячы участкаў па ўсёй Беларусі. У адрозненне ад іншых кампаній па назіранні, нашы назіральнікі будуць прысутнічаць на ўчастках пастаянна. Зафіксаваць байкот будзе магчыма.
На фоне падзей у Украіне растуць спекуляцыі на тэму неабходнасці легітымацыі існуючай улады перад пагрозай незалежнасці Беларусі з боку Расеі. Спрыяльныя для беларускіх уладаў знешнепалітычныя ўмовы даюць падставу шматлікім, як у Беларусі, так і за мяжой, для заклікаў да легалізацыі рэжыму.
Легалізацыя цяперашняй ўлады не толькі не абароніць незалежнасць Беларусі, але зробіць легітымнымі ўсе акты па здачы суверэнітэту ці ўжо падпісаныя ёй, або тыя, што яна падпіша ў будучыні. Паспешныя саступкі рэжыму ва ўгоду імгненнаму палітычнаму прагматызму могуць прывесці да катастрофы ў будучыні.
Фіксацыя байкоту і, адпаведна, непрызнанне выбараў адбыўшыміся, дапаможа захаваць нашу краіну незалежнай, захаваць шанец на справядлівыя выбары ў будучыні.
Заклікаю ўсіх неабыякавых людзей стаць назіральнікамі. Для гэтага дастаткова звязацца з каардынатарамі кампаніі «Права выбару-2015» і запоўніць адпаведную анкету.
Запрашайце сваіх сяброў і знаёмых. Давайце разам зробім крок у барацьбе за права народа выбіраць ўлада і кіраваць сваёй краінай.