Віталь Рымашэўскі. Героі і манкурты

08 кастрычніка 2015 09:41  |  Блог Віталя Рымашэўскага

Віталь Рымашэўскі. Героі і манкурты

6 кастрычніка прайшла вечарына памяці па Алесю Чаркашыну, які памёр 40 дзён таму пасьля цяжкага раненьня ва Ўкраіне.

Шмат добрых словаў было сказана пра Алеся, але да глыбіні ўразілі словы маці Міхася Жызьнеўскага — першага беларуса, які загінуў на Майдане ў лютым 2014 году. Яна прыехала ў Менск адмыслова на вечарыну па Алесю.

Распавядала, як труну з целам сына не хацелі пускаць у Беларусь, як некалькі дзён не давалі хаваць сына…

Зараз манкурты (мне шкада гэтых людзей, але іншым словам назваць іх немагчыма) апаганьваюць магілу сына.

Можна быць нязгодным з тым, што рабілі хлопцы. Але наколькі бесчалавечным траэба быць, каб здзеквацца не толькі з жывых, але і з мёртвых.

Вандалы ў Курапатах, вандалы на магіле Міхася Жызьнеўскага. Здеквацца з памяці памерлых — значыць знішчаць чалавечнасць сярод жывых.

Героі могуць загінуць двойчы – першы раз ад катаў – забойцаў, другі раз – ад тых, хто забівае памяць

На памяць прыходзяць словы аднаго з герояў твораў Уладзіміра Караткевіча – паўстанца перад смяротным пакараннем. Словы – адказ тагачаснаму кату. Словы, звернутыя да сучасных катаў Беларусі. Бо кожны манкурт, што знішчае, ганьбіць нацыянальную памяць, становіцца ў шэраг тых, хто забівае:

“Воўк нічога.
Прынамсі ён хлуслівым чорным словам
Не пэцкае імён герояў.
Ўсё гэта людзі зробяць… Зробіш ты,
Халуй. ..”

На фотаздымку: Алесь Чаркашын ля помніка Міхасю Жызьнеўскаму.

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!

Болей навін