Віталь Рымашэўскі. Алексіевіч. Падстава для нацыянальнага гонару?

11 кастрычніка 2015 11:31  |  Блог Віталя Рымашэўскага

Віталь Рымашэўскі. Алексіевіч. Падстава для нацыянальнага гонару?

Падзея, якія зацямнілі навіны пра несамавітую і прадказальную прэзідэнцкую кампанію – прысуджэнне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч. Гэта падзея радасная і светлая.

Беларускае грамадства адгукнулася на прысваенне прэміі дваяк. Адны ўспрынялі гэта як безумоўную падставу для нацыянальнага гонару, бо Алексіевіч – грамадзянка Беларусі. Іншыя пачалі спрачацца пра тое, ці беларуская пісьменніца Святлана, бо не піша па-беларуску.

Спрэчкі пра мову Алексіевіч нагадваюць дыскусію аб «беларускім/небеларускім» Дастаеўскім на падставе паходжання яго сям’і… Спрачацца аб «нашым»/”не нашым» пісьменніку па прыкмеце генаў і крыві – усё роўна што разважаць, з якіх беларускіх матэрыялаў былі зробленыя фарбы для карцін Шагала.

Захопленыя заявы «аб новым сусветным прызнанні беларускай нацыі», аб падставе для нацыянальнага гонару і да т.п., на жаль, не бясспрэчныя.

Святлана Алексіевіч, безумоўна, беларуская пісьменніца і, несумненна, прадстаўнік нацыянальнай беларускай культуры. Беларуская. І іншай быць не можа, хоць бы таму, што вырасла ў нашым ментальным асяроддзі і менавіта ў нашым кантэксце прайшла свой духоўны і літаратурны шлях, знайшла і прапанавала свае адказы на выклікі нашай рэальнасці.

Вось толькі ці стане яе творчасць нацыянальным здабыткам – вырашаць не Нобелеўскаму камітэту, а кожнаму з нас. Нобелеўскія лаўрэаты, зацкаваныя ў Расіі, у свой час сталі, хутчэй, падставай для сораму і нацыянальнай ганьбы для краіны, якая біла камянямі сваіх прарокаў.

Пісьменнікі па сапраўднаму належаць таму народу, якім яны больш зразуметыя, у культуру якога яны ўвайшлі.

У часы СССР было прынята збіраць калекцыі кніг – усіх без разбору. Асабліва прэстыжным было сабраць у хатнюю бібліятэку творы класікаў. Поўныя зборы твораў мала хто чытаў, але затое так было модна…

Сёння Святлана Алексіевіч ўстала на адзін узровень з класікамі сусветнай літаратуры.

Добра, што беларусы кінуліся раскупляць кнігі Алексіевіч. Будзе яшчэ лепш, калі гэтыя кнігі будуць прачытаныя і голас іх аўтара пачуты. Дрэнна, калі гэтыя кнігі застануцца стаяць сувенірам на паліцах.

Асаблівасцю, цэнтральным нервам усіх твораў Святланы Алексіевіч стаў заклік адчуць чужы боль.

Чалавек, які адчуў чужы боль, не зможа застацца абыякавым. Грамадства, якое чуе заклік пакутуючага – не можа не быць салідарным.

Ці жывем мы так сёння?

Так, Святлана Аляксеевіч – беларуская пісьменніца. Але падставай для ўсеагульнага нацыянальнага гонару яе творчасць і яе ўзнагароды па-сапраўднаму стануць толькі тады, калі яе кнігі будуць прачытаныя, яе пасланне – пачута, прынята, перажыта. Спадзяюся, што прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Святлане дапаможа нам у гэтым.

Naviny.by

Болей навін