У Віцебску пачалі праектаванне смеццепераапрацоўчага камбінату, за які змагаліся актывісты БХД
У Віцебску ўлады пачалі праектаванне смеццепераапрацоўчага камбінату, будаўніцтва якога мусіла пачацца яшчэ ў 2011 годзе і з-за якога мясцовыя актывісты Беларуская Хрысціянскай Дэмакратыі бесперапынна турбавалі аблвыканкам. Толькі ў 2014 годзе ў падтрымку камбінату было сабрана каля 1000 подпісаў гараджанаў.
Як паведамляе БелТА, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус заявіў на ток-шоу ў Віцебскім дзяржуніверсітэце ім. П.Машэрава, што ўлады прыступілі да праектавання ў Віцебску буйнога смеццеперапрацоўчага прадпрыемства на 200 тыс. т.
«Фактычна аналагаў яму ў Беларусі няма. Дзейнасць прадпрыемства ўключае сартаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў. Адходы паперы, плёнкі, ПЭТ-бутэлек і цяпер здабываюцца і перапрацоўваюцца, але мы пойдзем далей: рэшткі ад гэтай перапрацоўкі будуць таксама сартавацца. Прыкладна з 20% будзе атрымлівацца біямаса, якая задзейнічаецца ў азеляненні Віцебска. Астатняе – від паліва, якое спальваецца ў прамысловых катлах. Пакуль такіх на тэрыторыі вобласці няма, але мы паралельна займаемся распрацоўкай кацельняў, дзе такое паліва будзе выкарыстоўвацца», – сказаў ён.