“Чым больш стандартаў, тым больш штрафаў”. Сяргей Верамеенка аб бізнэсе, тэрміналах і штрафах
За апошнія паўгода таксісты часта бывалі аб’ектамі інфаповадаў: рэвалюцыя Uber, уводы новых тэрміналаў, ўстаноўка сродкаў кантролю падатковых органаў (СКПО) і, вядома, «італьянскія» забастоўкі. Нягледзячы на ўсе гэтыя складанасці, таксісты ўсё роўна лічацца заможнымі, а моладзь рвецца на гэтую працу. TUT.BY вырашыў даведацца ў былога заснавальніка фірмы таксі і актывіста партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Сяргея Верамеенкі пра асаблівасці бізнесу ў таксі – ад прававых да фінансавых.
«Яна казала, што мы хочам яе забіць»
Сяргей Верамеенка нарадзіўся і вырас у Гродне. У 1988-м годзе быў прызваны на службу ў марскія часткі памежных войскаў. Служыў у Крыме. Пасля войска, у 91-м годзе, Сяргей трапіў ужо ў зусім іншую краіну. Для таго каб жыць і зарабляць ці хаця б проста існаваць, ужо недастаткова было проста ўладкавацца на завод і адтарабаніць васьмігадзінную змену, трэба было «круціцца». У выніку электрыкам Сяргей адпрацаваў толькі адзін дзень. «У іх там практычна нічога не было, нават свайго інструмента, – тлумачыць сваё рашэнне Верамеенка. – Пасля гэтага я вырашыў займацца чымсьці сваім. Некаторы час гандляваў на рынку, а пазней, у 96-м годзе, пайшоў працаваць у таксі».
Ад гандлю шырспажывам на «Паўднёвым» і Скідзельскім рынках Гродна да перавозкі і абслугоўвання людзей Сяргей перайшоў нечакана для сябе па прычынах, дастаткова празаічных для таго часу. У перыяд перарэгістрацыі прадпрымальнік быў у адпачынку, які ён меў права браць раз у год, не выплачваючы ў гэты час адзіны падатак. «Я зайшоў у кабінет, а ў мяне пытаюцца, чаму вы не працуеце? Я так і сказаў, што я маю права раз у годзе адпачываць і не плаціць адзіны падатак. На што мне адказалі: «Раз вы хочаце адпачываць, тады адпачывайце і далей. Мы вас пазбаўляем пасведчання прадпрымальніка», – распавядае ён.
Страціўшы адну ліцэнзію, у 90-я не было праблем тут жа атрымаць іншую: ліцэнзія каштавала адну базавую, таксометр можна было купіць за 20 даляраў, а выплаты ў фонд сацыяльнай абароны былі добраахвотнымі. Спачатку Сяргей папрацаваў як ІП, а ў 2000 годзе адкрыў разам з кампаньёнамі сваё прадпрыемства «Альянс-082», якое праіснавала ў Гродне 10 гадоў.
Аднак і гэты бізнэс у Верамеенкі зачыніўся насуперак яго планам. «Была падатковая праверка, налічылі буйныя штрафы, грунтуючыся толькі на паказаннях кіроўцаў. Частка кіроўцаў казалі, што мы прыкрываем выручку, прычым падатковая не брала пад увагу паказанні тых кіроўцаў, якія казалі, што мы нармальна працуем. Хаця калі, па іх словах, мы хаваем выручку кіроўцаў, то трэба спаганяць з іх. Але штрафы, натуральна, наклалі на фірму. Там было вельмі цёмная справа», – распавядае ён.
Пасля праверкі ноччу дырэктар і бухгалтар ўскрылі сейф: частку дакументаў знішчылі, а частку забралі разам з сумай у тры мільёны, – затым дырэктар знікла.
«Як толькі пра гэта даведаліся, мы выклікалі фінансавую міліцыю. Пазней яны нам паведамілі, што ў часе допыту дырэктар казала, што мы хочам яе забіць, – успамінае Верамеенка. – Затым быў суд. Пасля выплаты ўсіх штрафаў і гісторыі з крадзяжом грошай і згубай дырэктара мы з заснавальнікамі вырашылі не аднаўляць працу фірмы».
Сяргей паспрабаваў папрацаваць у сына, які адкрыў ІП, але і тут не склалася – прадпрымальнікаў пазбавілі ліцэнзіі.
«Ехаў у аўтамайстэрню, мяне спыніла транспартная інспекцыя і вырашыла, што я еду зусім не туды, а збіраюся перавозіць пасажыраў з няправільна запоўненым шляхавым лістом, хоць па інструкцыі Мінтранса усё было дакладна. У выніку – штраф і пазбаўленне ліцэнзіі майго сына. І мы зноў без працы», – успамінае Верамеенка.
У апошні час Сяргей працуе звычайным кіроўцам у таксі і, нягледзячы на нестабільнае становішча спраў у яго бізнесе, у яго да гэтага часу шмат пастаянных кліентаў.
«Людзям вельмі падабаецца, што размова ідзе менавіта на беларускай, афармленне ў мяне звязана з беларускай культурай і нават бейдж на мове. Трэба толькі крыху грошай падзарабіць і “вышыванку” на машыну наклеіць», – дзеліцца сваімі планамі Сяргей.
«Нам патэлефанавалі і проста сказалі: “Не прыходзьце”
Паралельна з прадпрымальніцкай кар’ерай Сяргей Верамеенка актыўна змагаўся з ініцыятывамі ўладаў, якія перашкаджаюць бізнэсу.
Да прыкладу, калі ў Беларусі пачалася зборка беларуска-кітайскіх аўтамабіляў Geely ў 2013 годзе, арыентаваных на айчынны рынак, паўстаў праект дакумента, які прадугледжвае, што аўтамабілі-таксі не павінны быць старэйшыя за 8 гадоў. Прычым у стандарце прадстаўляліся пэўныя памеры аўтамабіля, ідэальна якія падыходзілі пад Geely (даўжыня 4,4 метра, шырыня 1,7 метра). Сяргей з іншымі таксістамі пачалі кампанію па зборы подпісаў супраць уводу гэтых нормаў. Агулам яны сабралі каля 700 подпісаў і адправілі ў Савет міністраў, транспартную інспекцыю і Міністэрства транспарту.
«Адказу ніякага не атрымалі. Зноў накіравалі. І так чатыры разы. Але зноў цішыня. Аднак мы лічым гэтую кампанію паспяховай, таму што потым гэта ўсё замылілася, зацерлі і абмежаванні па ўзросце і памерах машын у выніку не ўвялі», – падсумаваў Сяргей.
Самай гучнай акцыяй, на думку Сяргея, была кампанія супраць уводу тэрміналаў у таксі. Першая актыўнасць пачалася яшчэ ў 2014 годзе, калі група таксістаў у 129 чалавек на чале з Мікалаем Пракопчыкам адправіла калектыўны зварот у Гарадзенскі аблвыканкам. У адказ ім прыйшла стандартная форма: калі ёсць такое рашэнне, значыць, неабходна яго выконваць. У сакавіку 2016 года Сяргей Верамеенка з тым жа Пракопчыкам арганізавалі ўжо іншую кампанію – супраць уводу банкаўскіх тэрміналаў. Ініцыятары сабралі 1215 подпісаў і накіравалі аргументаваныя звароты ў Мінтранс, Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў, Нацбанк і Адміністрацыю прэзідэнта. Назад прыйшоў ўсё той жа адказ. Дарэчы, цана прапанаваных урадам тэрміналаў, вырабленых у Расеі, складала ад 4 да 10 мільёнаў недамінаваных, а абслугоўванне – 75 тысяч штомесяц. Сяргей і Мікалай знайшлі дакладна такія ж польскія аналагі коштам ад 5 да 37 еўра (ад 90 да за 780 тысяч недамінаваных рублёў па сакавіцкім курсе). З пытаннем, адкуль узялася такая сума, актывісты адправіліся ў Гарадзенскі аблвыканкам, дзе іх прынялі толькі з чацвёртага разу.
«Спачатку нас запісалі на прыём, узяўшы нашы звароты, і пачалі абзвоньваць тых, хто падпісаўся пад імі людзей, – распавядае Верамеенка, – а мы, дарэчы, падпісвалі не толькі таксістаў, а ўсіх зацікаўленых грамадзян, таму што ў канчатковым выніку гэта датычыцца ўсіх. У кагосьці пыталіся, на кагосьці ціснулі. Мне пазней казалі, што высвятлялі месца працы, хто даваў падпісвацца, а якім чынам гэта іх тычыцца і іншае. Потым нам патэлефанавалі і проста сказалі: “Не прыходзьце”. А чаму, не патлумачылі».
На шчасце для актывістаў, у гэты час адбываліся акцыі пратэсту прадпрымальнікаў па ўсей Беларусі, і на гэтай хвалі дзеячаў прынялі. У рэшце рэшт вынеслі рашэнне аб тым, што неабходна ўсталёўваць тэрміналы толькі тым ІП, у каго выручка складае больш за 300 базавых у квартал. Для большасці таксістаў гэта практычна недасягальны паказчык.
Аднак цяпер усталёўваюць ўжо новыя СКПО. Старыя таксометры аддаюць на перапраграмаванне коштам у 2 мільёны недамінаваных. Пасля чаго ў таксі ўсталёўваюць спалучаны з таксометрам сродак кантролю, пры гэтым патрабуючы яшчэ і закладны кошт – зноў 2 мільёны. Па заканчэнні эксплуатацыі аўтамабіля на службе таксі заклад вяртаецца, але, вядома, без уліку інфляцыі.
«Чым больш стандартаў, тым больш магчымасцяў для штрафаў, – рэзюмуе Сяргей. – Калі заўтра выйдзе ўказ пра тое, што ўсім таксістам трэба апранаць жоўтую форму і кепкі-васьміклінкі, я не здзіўлюся, што людзі пойдуць іх купляць».
Стартавы штраф – адзін мільён
Па словах Верамеенка, фірмам таксі вельмі цяжка мець прыбытак. Часцей за ўсё прадпрыемства сыходзіць у страту, не аднойчы гэта здараецца з-за вялікай колькасці штрафаў.
«Наша дзяржава працуе наступным чынам: прыходзяць у адну фірму – выпісваюць штрафы, потым у іншую – тое ж самае, у трэцюю і гэтак далей, тлумачыць Сяргей Верамеенка. – Знайсці закавыку ў нашым заканадаўстве вельмі проста. Я памятаю нашу першую праверку ў “Альянсе”. Да нас прыйшоў інспектар і сказаў адкрытым тэкстам: “Ну, пачнем з мільёна. Я прыйшоў да вас, і мільён штрафу вы ўжо маеце”. У выніку ён дакапаўся да чаравік. Калі ў нас транспартнае прадпрыемства, дык у транспартным прадпрыемстве павінен праходзіць нейкі рамонт. А значыць, на час рамонту кіроўцу выдаецца форма і рабочыя чаравікі. Давялося купіць чаравікі. Смешна і сумна».
Таксама вялікія праблемы службы таксі адчуваюць ад безнаяўных разлікаў, якія часцей за ўсё выкарыстоўваюць фірмы ці арганізацыі, чыіх работнікаў неабходна развозіць ноччу па хатах. Атрымліваецца, як з катом Шродынгера: грошы як бы ёсць, і грошай як бы няма.
У выпадку працы ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка асноўныя выдаткі чакана сыходзяць на сваё «рабочае месца» – машыну: усё тэхнічнае абслугоўванне, запраўка, дарожны збор.
«Зборы на дарогу ідуць, а дарогі ўсё ў тым жа стане, – наракае Сяргей. – Мы ў сакавіку гэтага года склалі зварот па гэтым пытанні і накіравалі яго старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Паказалі канкрэтныя вуліцы ў горадзе, якія не рамантуюцца дзесяцігоддзямі. Пра двары я наогул маўчу, а таксі траціну свайго шляху праязджаюць па дварах, дзе я не адну шыну парваў».
Штомесячныя выдаткі складаюць прыкладна 4 мільёны на машыну, чаканыя даходы – ад 3 мільёнаў, так і да 8-10. Усё залежыць ад пункту, дыспетчарскай і іншага. Эксплуатацыя машыны патрабуе амаль сталых выдаткаў, прычым само «працоўнае месца» заканамерна з кожным годам таннее. А паездка па Гродне, як распавядае прадпрымальнік, у апошні час вельмі моцна ўпала – да 5-6 тысяч. З улікам цаны пасадкі за 20 тысяч можна праехаць першыя два кіламетры, і многія гэтым карыстаюцца.
Сярэднія тарыфы па горадзе ўсталёўваюцца фірмамі таксі па класічных рынкавых законах. У кагосьці менш сталі людзі ездзіць – панізілі тарыф. Затым хтосьці таксама стаў дэмпінгаваць з-за страты кліентаў. Такім чынам, з часам усталёўваецца мінімальная планка, ніжэй за якую апускаць цану ўжо нельга, каб і пасажырам было зручна ездзіць, і таксістам не ўцячы ў мінус.
«Каб нешта зарабіць, некаторыя працуюць, парушаючы графік. Вельмі складана за 8 гадзін атрымаць нешта нармальнае, – кажа Сяргей. – Вось у лютым у Гродне малады кіроўца проста памёр на працоўным месцы: прайшоў перадрэйсавыя агляды, на стаянцы чакаў заказ, і праз пару гадзін патрульныя міліцыянты знайшлі яго мёртвым – спынілася сэрца. Проста элементарная перапрацоўка».
На думку прадпрымальніка, прафсаюзны рух у Беларусі вельмі слабы, а ў Гродне яго няма наогул. Для таксіста прафсаюз можа дапамагчы з рэгуляваннем цэны, стаць пасярэднікам паміж кіроўцам і фірмай, а таксама паспрыяць пры абароне правоў кіроўцы перад органамі ўлады. Аднак людзі заўсёды глядзяць у сваю кішэню, і нават ўнёскі ім рабіць шкада.
«У Менску ёсць нядрэнны прафсаюз “Садружнасць”. У Гродне мы спрабавалі стварыць прафсаюзную суполку на базе іх філіяла, але ініцыятыва правалілася з-за нежадання таксістаў плаціць непатрэбныя, на іх думку, унёскі. А здараюцца часам самыя розныя сітуацыі. Да прыкладу, – успамінае Верамеенка, – кіроўца разварочваўся ў двары, зачапіў чыюсьці машыну. Патэлефанаваў у ДАІ; даведаўся, хто гаспадар, выклікаў інспекцыю. Выклікалі на камісію – пазбаўленне правоў. І ў гэты ж час прафсаюз даў яму характарыстыку: гэты чалавек адзіны карміцель, у яго непаўнагадовы сын і гэтак далей. Дзякуючы гэтаму яму далі толькі штраф».
Некаторыя традыцыйныя праблемы таксістаў сыходзяць у мінулае. Верамеенка адзначае, што нелегальных перавозчыкаў з 2008 года станавілася ўсё менш і менш, і цяпер амаль не засталося. У асноўным яны стаяць на «хлебных» месцах. Да прыкладу, у Гродне каля клуба «База» іх каля 50%. Ледзь не за рукі людзей цягнуць да машыны.
З нагоды актыўнага развіцця ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы, а цяпер ужо і ў недалёкай Маскве каршэрынгу, кароткатэрміновай арэнды аўтамабіляў, Сяргей нагадаў, што дзесьці ў 2014 годзе гэты сэрвіс ужо спрабавалі прасунуць у Беларусі, аднак ён не прыжыўся з-за праблем са страхаваннем. Страхавыя кампаніі проста не хацелі браць пракатныя аўтамабілі на КАСКО.
У цэлым паслугамі таксі карыстаюцца ўсё менш, заўважыў прадпрымальнік, у асноўным толькі ў самых неабходных выпадках: з рэстаранаў, на вакзалах, ноччу. Нават на вяселлі амаль перасталі заказваць, часцей арганізуюць калектыўны падвоз.