Студэнтаў заганяюць на галасаванне, а назіральнікаў пазбаўляюць акрэдытацыі
У першы дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кампанія “Права выбару 2016” здзяйсняла назіранне на 11 выбарчых акругах.
Як паведамлялася ўчора, 6 верасня, 850 назіральнікаў паспяхова прайшлі акрэдытацыю і прыступілі да сваёй працы на ўсіх 425 выбарчых участках. Яшчэ 82 назіральнікі дадаткова прыступілі да назірання на акругах у Слоніме, Баранавічах і Мінску.
Назіральнікі зафіксавалі, што ў 46 выпадках (10,8% ад агульнай колькасці выбарчых участкаў, дзе здзяйсняецца незалежнае назіранне) камісіі адмовіліся апячатваць памяшканні, дзе застаюцца на ноч скрыні для галасавання, чым, на нашую думку, парушылі палажэнні арт.53 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб забеспячэнні старшынёй участковай выбарчай камісіі захаванасці скрынь для галасавання.
На думку каардынатараў кампаніі гэта ўжо сведчыць пра тое, што працэс датэрміновага галасавання ідзе непразрыста і дае магчымасці для фальсіфікацый вынікаў галасавання.
Усяго 6 верасня 2016 года назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” было пададзена 41 скарга на парушэнне выбарчага заканадаўства (у Брэсце – 4, у Віцебску – 1, у Гомелі – 4, у Гродна – 10, у Магілёве – 4, у Мінскай вобласці – 5, у Мінску – 13).
На выбарчых участках №18 (Гомельская-Цэнтральная выбарчая акруга №33), №176 (Чкалаўская выбарчая акруга №96), №421 (Дамброўская выбарчая акруга №103) тры назіральнікі кампаніі “Права выбару-2016” былі пазбаўлены акрэдытацыі.
Незалежныя назіральнікі таксама зафіксавалі прымусовае галасаванне на шэрагу выбарчых участках, дзе знаходзяцца навучальныя ўстановы, а таксама інтэрнаты. Напрыклад на выбарчым участку №42 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85 студэнты інтэрнатаў распісваліся ў ведамасцях, што прагаласавалі датэрмінова. Гэта ведамасць была заснята на відэа.
Па дадзеных назіральнікаў, яўка на выбарчых участках, дзе ажыццяўляецца назіранне, у большасці выпадкаў была завышаная ў параўнанні з афіцыйнымі дадзенымі.
Найбольшая яўка выбаршчыкаў па дадзеных назіральнікаў склала 36,9% (89 чал) і была зафіксаваная на выбарчым участку №19 Гродненскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51 (участак размешчаны на тэрыторыі Дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту), найменьшая – 0,2% (2 чал) на выбарчым участку №29 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №33.
Найбольшая яўка па звестках выбарчых камісій была зафіксавана на выбарчым участку №637 (выбарчы ўчастак знаходзіцца ў блоку абслугоўвання пры інтэрнатах БНТУ) Каліноўскай выбарчай акругі №108 у Мінску і склала 44,9%. На гэтым жа ўчастку было найбольшае разыходжанне ў яўцы паміж звесткамі назіральнікаў і членаў выбарчай камісіі. Яно склала 20,7% (428 чал).
У першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікі зафіксавалі наступныя інцыдэнты:
– пазбаўленне назіральнікаў акрэдытацыі (выдаленне з участка) – 3 выпадкі;
– адмова камісій у прадастаўленні інфармацыі па просьбе назіральніка – 9 выпадкаў;
– неналежныя ўмовы для назірання – 1 выпадак;
– прымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання – 3 выпадкі;
– невывешванне копіі пратакола штодзённага выніку галасавання – 2 выпадкі;
– таксама зафіксаваны шэраг іншых больш дробных парушэнняў.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016” Алесь Сілкоў лічыць, што ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання некаторыя камісіі не захацелі праводзіць свабодных, сумленных і адкрытых выбараў.
– Як бы ярка не свяціла сонейка выбараў, яго і гэтым разам сваімі хмаркамі засцілі дзеянні кіраўнікоў участковых выбарчых камісій. На шэрагу ўчасткаў мы сталі сведкамі разыходжання ў колькасці выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Ёсць падазрэнне, што членаў камісіі ў школе вучылі іншай матэматыцы. Таксама хачу адзначыць, што не было ніякіх падставаў для выдалення нашых назіральнікаў з выбарчых участкаў. Усе выпадкі парушэння выбарчага заканадаўства будуць абскарджаны назіральнікамі, – гаворыць Алесь Сілкоў.
У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.