Выніковая справаздача 5 дзён датэрміновага галасавання
Кампанія «Права выбару-2016» па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання.
«Права выбару-2016» – гэта кампанія па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства падчас усіх стадый выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне. Кампанія назірання «Права Выбару-2016» аб’ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: Партыю БНФ, Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду), Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Рух «За свабоду!», Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу, прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Асноўнай адметнай рысай дадзенай кампаніі ад кампаній назірання, якія праводзяць праваабарончыя арганізацыі або міжнародныя назіральнікі, з’яўляецца скіраванасць на «актыўнае назіранне», якое ўключае ў сябе мабілізацыю валанцёраў не толькі для фіксацыі, але і для актыўнага процідзеяння парушэнням
Прамежкавая ацэнка ўмоваў правядзення датэрміновага галасавання
10 верасня 2016 г.
Кампанія «Права выбару-2016» ладзіць доўгатэрміновае назіранне за ходам выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі сіламі арганізацый, што ўваходзяць у кампанію. Гэтая справаздача з’яўляецца шостым дакументам па выніках доўгатэрміновага назірання і ахоплівае этап датэрміновага галасавання, якое адбывалася ў перыяд з 6 па 10 верасня.
Агульныя высновы:
– Цягам пяці дзён датэрміновага галасавання ўчасковымі камісіямі (УВК) пры садзейнічані мясцовых уладаў і адміністрацый дзяржаўных прадпрыемсваў і ўстановаў былі створаныя спрыяльныя ўмовы для фальсіфікацыі выбараў. Улады не адмовіліся ад ранейшых практык масавага (у тым ліку прымусовага) датэрміновага галасавання, скрыні для галасавання захоўваюцца неналежным чынам, які не выключае доступу пабочных асоб, што пры адсутнасці прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях падрывае давер да вынікаў выбараў.
– У часе датэрміновага галасавання былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а таксама выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах схілення асобаў, залежных ад дзяржаўнай улады (студэнты і навучэнцы, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў) да недабраахвотнага галасавання не ў дзень выбараў. У шэрагу выпадкаў пры згодзе альбо пры ўдзеле УВК ажыццяўляўся супрацьзаконны кантроль за тым, ці прынялі ўдзел прадстаўнікі азначаных уразлівых груп у датэрміновым галасаванні, што ёсць парушэннем прынцыпу свабодных выбараў на ўмовах таемнага галасавання.
– Агучаныя выбарчымі камісіямі рэкордныя для парламенцкіх выбараў паказчыкі датэрміновай яўкі не адпавядаюць той яўцы, якая была зафіксаваная назіральнікамі на большасці ўчасткаў, дзе ладзілася назіранне за ўсім перыядам датэрміновага галасавання: толькі на 19,7% з 382 участкаў па 10 выбарчых акругах, дзе ладзілася татальнае назіранне кампаніяй “Права выбару-2016” цягам усіх пяці дзён, дадзеныя падліку прагаласаваўшых назіральнікамі супалі з дадзенымі, агучанымі гэтымі УВК. Маюцца сведчанні задзейнічанасці УВК у простай фальсіфікацыі ў часе датэрміновага галасавання, у тым ліку праз допуск да галасавання асобаў, якія не маюць права галасаваць.
– УВК чынілі перашкоды для назіральнікаў, што выявілася ў супрацьзаконнай адмове ў акрэдытацыі назіральнікаў, пазбаўленні назіральнікаў акрэдытацыі і іх выдаленні з участкаў, стварэнні нязручных умоваў для размяшчэння назіральнікаў у памяшканнях ўчасткаў і для іх паўнавартаснай працы па назіранні за выдачай бюлэтэняў камісіямі і галасаваннем. 23 назіральнікі кампаніі “Права выбару-2016” былі пазбаўлены акрэдытацыі за 5 дзён датэрміноавага галасавання.
Прававое рэгуляванне датэрміновага галасавання
Згодна з арт.53 Выбарчага кодэкса, выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства, мае права не раней чым за пяць дзён да выбараў ва ўмовах, якія выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем, запоўніць у памяшканні УВК бюлетэнь і апусціць яго ў апячатаную адмысловую скрыню для датэрміновага галасавання. Пры гэтым ад выбаршчыка не патрабуецца якога кольвек афіцыйнага пацвярджэння альбо нават тлумачэння прычынаў немагчымасці прыйсці галасаваць у дзень выбараў. Датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін у прысутнасці не менш як двух членаў УВК. У першы дзень датэрміновага галасавання скрыні для галасавання пламбіруюцца альбо апячатваюцца, а ў перыяд датэрміновага галасавання штодзённа па заканчэнні часу правядзення галасавання старшыня альбо намеснік старшыні УВК заклейвае проразь для апускання бюлетэняў у скрыні для галасавання аркушам паперы, пры гэтым старшыня альбо намеснік старшыні і сябра УВК ставяць подпісы на гэтым аркушы. Ускрыццё проразі для апускання бюлетэняў у скрынцы для галасавання праводзіцца штодзённа перад пачаткам датэрміновага галасавання старшынёй альбо намеснікам старшыні УВК.
У перыяд датэрміновага галасавання штодзённа старшыня або намеснік старшыні ўчастковай камісіі складае пратакол, у якім указваюцца колькасць бюлетэняў, атрыманых участковай камісіяй, колькасць грамадзян, якія атрымалі бюлетэні (у апошні дзень датэрміновага галасавання – агульная колькасць грамадзян, якія атрымалі бюлетэні), колькасць сапсаваных і колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў. Пратакол падпісваецца старшынёй альбо намеснікам старшыні і членам УВК. Копія пратакола вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў памяшканні УВК. Пры атрыманні бюлетэня выбаршчык распісваецца ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, і пазначае дату датэрміновага галасавання.
У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзені выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання (зацверджаны пастановай Цэнтральнай камісіі 8 чэрвеня 2016 года №14), датэрміновае галасаванне праводзіцца цягам пяці дзён ад 6 па 10 верасня 2016 года ўключна.
Умовы арганізацыі датэрміновага галасавання і захавання скрыняў для галасавання
Захоўванне скрыні для галасавання забяспечваецца старшынёй УВК, аднак пры гэтым ані заканадаўства, ані метадычныя дапаможнікі Цэнтральнай камісіі для УВК не рэгламентуюць дэтальна тых захадаў, якія павінныя быць ужытыя для забеспячэння захавання скрыні і прадухілення доступу да яе пабочных асобаў у дні датэрміновага галасавання ў час, калі галасаванне не праводзіцца.
Назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” зафіксавана 185 выпадкаў, калі захоўванне скрыняў для галасавання адбывалася ва ўмовах, якія не забяспечвалі адсутнасць доступу пабочных асобаў да скрыняў для галасавання ў перыяд датэрміновага галасавання ў час, калі галасаванне не праводзіцца. У пераважнай большасьці гэта выявілася ў неапячатванні памяшканняў, дзе знаходзяцца скрыні для галасавання, у нядбайным апячатванні скрыняў для галасавання, што неперашкаджала несанкцыянаванаму ўкідванню бюлетэняў у скрыні, у шэрагу выпадкаў зафіксаваныя факты доступу да скрыняў для галасавання пабочных асобаў у час, калі датэрміновае галасаванне не праводзілася. Па гэтых выпадках назіральнікамі былі пададзеныя скаргі, аднак ў бальшыні выпадкаў УВК і вышэйстаячыя камісіі ігнаравалі гэтыя скаргі і УВК працягвалі захоўваць скрыні для галасавання ў неналежных умовах.
6 верасня на Чкалаўскай выбарчай акрузе №96, на ўчастку №178, старшыня УВК Калініна Т.В. зрабіла апячатванне скрыні такім чынам, каб пад вечкам засталіся вялікія шчыліны, у якія можна было ўкінуць аркуш паперы. Старшыня УВК адмовілася дадаткова апячатаць крышку вакол, а на заўвагі назіральніка запатрабавала ад назіральніка не ўмешвацца ў працу камісіі.
6 верасня на Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, на ўчастку №59, скрыня для датэрміновага галасавання не была апячатаная на момант адкрыцця ўчастка, пры гэтым на ўчастку адсутнічаў старшыня камісіі ці яго намеснік.
6 верасня, ў Каліноўскай выбарчай акрузе №108, на ўчастку №626, памяшканне на ноч ня было апячатанае. Аналагічным чынам не апячатваліся памяшканні ўчасткаў №11 і №29 па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №51, №23 і №27 па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №33, №18 і №21 па Сеніцкай выбарчай акрузе №76, №629 па Каліноўскай выбарчай акрузе №108, №565, №567 і №568 па Ўсходняй выбарчай акрузе №107, №58 па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 ды інш. 6 верасня на Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3, на ўчастку №1, на пярэчанне назіральніка старшыня УВК адказаў, што для забеспячэння бяспекі скрыняў для галасавання дастаткова зачыніць памяшканне на ключ на ноч, без апячатвання памяшкання. 6 верасня па Дамброўскай выбарчай акрузе №103, на ўчастку №414, назіральнік вярнуўся да працы не а 16:00, а раней і ўбачыў, што а 14:40 з пакоя, дзе захоўвалася скрыня для галасавання, выйшла невядомая жанчына, за якой міліцыянт зачыніў дзверы ўчастка і застаўся ў памяшканні са скрыняй для галасавання.
Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні і адміністрацыйны кантроль
Бягучая выбарчая кампанія адметная шырокім выкарыстаннем адміністрацыйнага прымусу для арганізацыі недабраахвотнага датэрміновага галасавання студэнтаў і навучэнцаў навучальных установаў, працоўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Факты ўдзелу адміністрацыі ў арганізацыі прымусовага датэрміновага галасавання зафіксаваныя назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” па ўсёй краіне, пададзена 12 адпаведных скаргаў.
Пры гэтым арганізацыя ціску з мэтай прымусу да датэрміновага галасавання ў шэрагу выпадкаў суправаджалася захадамі, скіраванымі на парушэнне прынцыпу свабоды выбараў ва ўмовах таемнага галасавання: прадстаўнікі адміністрацыяў навучальных установаў і дзяржаўных прадпрыемстваў кантралявалі ўдзел сваіх навучэнцаў і супрацоўнікаў у датэрміновым галасаванні.
6 верасня, па Каліноўскай выбарчай акрузе №108, на ўчастку №637 назіральнікам зафіксавана масавае і арганізаванае датэрміновае галасаванне больш за сотні студэнтаў пад адміністрацыйным прымусам, пра што была пададзеная скарга. Падабная ж сітуацыя была зафіксаваная на Чкалаўскай выбарчай акрузе №96, участак №176, на Аўтазавадской выбарчай акрузе №92, участак №42. 7 верасня па Каліноўскай выбарчай акрузе №108, на ўчастку №610, большасць прагаласаваўшых студэнтаў было з 5-га інтэрната БДАТУ. Выхавальнік 5-га інтэрната пыталася ў УВК, ці прагаласаваў інтэрнат №5. Назіральнікам была пададзеная скарга на прымусовае датэрміновае галасаванне.
9 верасня па Ўсходняй выбарчай акрузе №107, на ўчастку №591 намеснік старшыні камісіі зрабіў выпіску са спісаў студэнтаў, якія яшчэ не прагаласавалі і якія пражываюць у інтэрнаце на тэрыторыі ўчастку, пасля чаго пакінуў памяшканне ўчастка. Назіральнік адзначыў незаконнасць гэткіх дзеянняў камісіі, на што старшыня камісіі адказаў, што ягоны намесьнік не ведаў, што так рабіць нельга і прапанаваў яго прабачыць. Скарга ад назіральніка была прынятая, яе абяцалі разгледзець і даць адказ да нядзелі.
6 верасня, па Сеніцкай выбарчай акрузе №76, на ўчастку №38, назіральнік паведаміў, што чуў у размове працоўных гарбарнага заводу, які знаходзіцца ў Гатава, як тыя абураліся тым, што кіраўніцтва заводу прымушае іх галасаваць, калі яны не хочуць пазбавіцца прэміі ў 100 рублёў.
Зафіксаваныя выпадкі, калі самі выбаршчыкі паведамлялі, што ім тэлефанавалі з УВК і заклікалі прагаласаванць датэрмінова – гэткі сігнал, напрыклад, паступіў з ўчастку №630 па Каліноўскай выбарчай акрузе №108. 7 верасня па Ўсходняй выбарчай акрузе № 107, на ўчастку №568, у 16:35 прыйшла галасаваць грамадзянка са словамі: «Ларыса Аляксандраўна Адашкевіч (старшыня УВК) сказала прагаласаваць сёння». Праз дваццаць хвілін прыйшлі галасаваць некалькі выкладчыкаў, супрацоўнікаў школы, у памяшканні якой праводзіцца датэрміновае галасаванне на гэтым участку. Назіральнік лічыць, што старшыня камісіі аказала на іх уплыў, каб тыя таксама прагаласавалі датэрмінова.
8 верасьня па Дамброўскай выбарчай акрузе №103, на ўчастку №402 з’явілася камендант інтэрната і запытала старшыню УВК “Хто прагаласаваў?”, пасля чаго старшыня УВК выйшла з камендантам у калідор. На ўчастку актыўна галасавалі жыхары інтэрната Республіканскага інстытута павышэння кваліфікацыі пры Міністэрстве працы і сакцыяльнай абароны.
Па Цэнтральнай выбарчай акрузе №51, на ўчастку №24, 7-9 верасня назіральнік, акрэдытаваны на ўчастку №31, пабачыў як у суправаджэнні адных і тых жа асобаў прыходзілі групы людзей у колькасці 5-15 чалавек кожная. Гэткіх груп назіральнік асабіста налічыў 6-7. Паводле дадзеных назіральніка ўсе гэтыя асобы адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу, а суправаджаючыя іх людзі з’яўляюцца супрацоўнікамі гэтых установаў.
6 верасня, па Дамброўскай выбарчай акрузе № 103, на ўчастку №409 выбаршчык папрасіў УВК выдаць яму даведку пра тое, што ён прагаласаваў. Даведку камісія не выдала.
Студэнтаў БДУ, якія жывуць у інтэрнатах №5-7 у Мінску, абавязваюць прагаласаваць датэрмінова. Адзін са студэнтаў, які пражывае ў інтэрнаце, паведаміў, што 6 верасня яму прыйшло пісьмо ад нейкай Марыі Бабковай: па просьбе дэканата ўсе студэнты ў інтэрнатах, якія знаходзяцца каля выбарчага ўчастка на Кастрычніцкай, 10, павінны прагаласаваць датэрмінова.
Студэнтаў медыцынскага каледжа ў Магілёве прымушаюць галасаваць за галоўнага ўрача Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандра Старавойтава, а будучыя педагогі даюць распіску, што ўжо прагаласавалі. Паводле назіральнікаў “Права выбару-2016” 6 верасня, на участку №42 Магілёўскай-Цэнтральнай акругі №85 датэрмінова прагаласавалі больш за 10% выбаршчыкаў: 121 чалавек (па звестках назіральніка – 117) з 785 выбаршчыкаў участка. На ўчастку №42 знаходзяцца чатыры невялікія дамы і студэнцкія інтэрнаты. Першую палову дня на ўчастак для галасавання натоўпамі ішлі студэнты медыцынскага каледжа і педагагічнага ўніверсітэта: за паўдня прагаласавалі 105 чалавек. “Учора некаторыя групы прыходзілі з куратарамі, сёння – студэнты ідуць самі. У нефармальнай гутарцы навучэнцы сказалі, што ўсіх па прозвішчах падзялілі на групы (на 5 дзён датэрміновага галасавання), каб не хадзілі натоўпамі. Студэнты педуніверсітэта прыходзяць, галасуюць, а затым вяртаюцца ў інтэрнаты, дзе на вахце распісваюцца, што прагаласавалі”, – распавяла назіральніца.
Варта адзначыць, што прымусовае і адміністрацыйна арганізаванае датэрміновае галасаванне, таксама як і адміністрацыйны незаконны кантроль за тым, ці прыняў выбаршчык удзел у галасаванні, адносяцца да парушэнняў з высокай ступенню латэнтнасці. Рэалізацыя гэткіх супрацьпраўных практыкаў адбываецца сіламі прымусу праз адміністрацыі па месцы працы альбо навучання, што застрашае людзей ад таго, каб паведамляць пра гэткія факты назіральнікам ці падаваць афіцыйныя скаргі. Тым не менш, у інтэрнэце быў апублікаваны аўдыёзапіс прамовы рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту з пагрозамі ў мэтах прымусіць студэнтаў прагаласаваць датэрмінова. Як паведаміў адзін са студэнтаў з афіцыйнай групы Беларускага Нацыяльнальнага тэхнічнага ўніверсітэта з’явілася інфармацыя аб неабходнасці прагаласаваць датэрмінова. Ад студэнтаў патрабуюць, каб стараста кожнай групы напісаў заяву ў дэканат на імя дэкана аб жаданні студэнтаў галасаваць датэрмінова. Пад такой заявай павінны падпісацца ўсе студэнты. Заяву неабходна перадаць у дэканат, – піша адміністратар групы пад хэштэгам #Новости БНТУ.
Прыкметы незаконных маніпуляцыяў у часе датэрміновага галасавання
Афіцыйныя звесткі яўкі выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне дэманструюць рост у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года: паводле інфармацыі ЦВК, сёлетні паказчык датэрміновага галасавання стаўся рэкордным для парламенцкіх выбараў у Беларусі. Для параўнання: на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання ў 2004 годзе (якія былі сумешчаныя з рэфэрэндумам пра дазвол А.Лукашэнку балатавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасць разоў) афіцыйны паказчык яўкі за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання складаў толькі 17,39%.
Пры гэтым паведамленні назіральнікаў кампаніі “Права выбару-2016”, якія вялі падлік прагаласаваўшых датэрмінова падчас усяго перыяду датэрміновага галасавання, сведчаць, што гэткія фенаменальна вялікія паказчыкі ўдзелу ў датэрміновым галасаванні толькі ў частковай ступені сталіся вынікам адміністрацыйна арганізаванага і прымусовага датэрміновага галасавання, пра якое вядзецца вышэй. Асноўным жа інструментам забеспячэння гэткіх высокіх афіцыйных паказчыкаў датэрміновага галасавання сталіся свядомыя маніпуляцыі, якія маюць прыкметы злачынных дзеянняў.
Назіральнікі кампаніі “Права выбару-2016” вялі падлік прагаласаваўшых датэрмінова на 382 выбарчых участках. Пры гэтым толькі на 69 участках (альбо 19,7% участкаў, дзе адбывалася назіранне) дадзеныя падліку прагаласаваўшых назіральнікамі супалі з дадзенымі, агучанымі гэтымі УВК. У чатырох выпадках УВК не вывешвалі звесткі пра колькасць прагаласаваўшых датэрмінова па кожным дні датэрміновага галасавання, як таго патрабуе выбарчае заканадаўства.
На 141 участку (што складае 40% усіх участкаў, дзе адбывалася назіранне) дадзеныя УВК адрозніваліся ад дадзеных падліку назіральнікаў на 5% і больш ад агульнай колькасці спіскавага складу, што можа быць патлумачана толькі наўмыснымі маніпуляцыямі з боку выбарчых камісій. Напрыклад, на участку №637 у Мінску (Каліноўская выбарчая акруга №108) паводле дадзеных УВК прагаласавала 1657 выбаршчыкаў (альбо 78,9% ад спіскавай колькасці выбаршчыкаў), а па падліках назіральнікаў у датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел толькі 992 выбаршчыкі (альбо 47,2% ад спіскавай колькасці выбаршчыкаў). Такім чынам, накрутка яўкі штучным чынам па дадзеным участку склала 31% ад спіскавай колькасці выбаршчыкаў. Назіральнік з выбарчага ўчастка №626 Каліноўскай выбарчай акругі №108 паведаміў, што на выбарчы ўчастак па яго падлікам прыйшло ўсяго 37 чалавек, а УВК ў пратаколе пазначыла 248.
Завышэнне афіцыйнай яўкі ў параўнанні з рэальнай было зафіскаванае на ўсіх акругах, дзе назіральнікі кампаніі “Права выбару-2016” прысутнічалі увесь час датэрміновага галасавання на ўсіх выбарчых участках дадзенай акругі. Аднак найбольшы маштаб незаконныя маніпуляцыі і завышэнне яўкі мелі месца ў сталічных акругах, дзе афіцыйная яўка, абвешчаная УВК, часам у некалькі разоў пераўзыходзіла рэальную колькасць выбаршчыкаў, якія наведалі памяшканне ўчастку і атрымалі бюлетэні. Такое пашырэнне найбольш відавочнага сродку простых фальсіфікацый у Мінску можа быць выклікана абмежаванасцю прымусовага рэсурсу ў сталіцы.
Пры гэтым афіцыйныя паказчыкі яўкі на тых участках, дзе няма назіральнікаў, часьцей за ўсё вышэй за яўку на тых участках, дзе вядзецца назіраннне. Напрыклад, на участку №135 у Мінску, дзе пастаянна быў назіральнік, 7 верасня прагаласавалі 43 чалавекі, а на суседнім учаску №135 у той жа школе, але дзе няма назіральнікаў – там яўка была больш чым у чатыры разы – 189 чалавек.
На шэрагу ўчасткаў у Мінску (акругі №103 і №108) назіральнікамі былі выкрытыя адмысловыя групы асобаў, якія галасавалі на розных участках неаднаразова, прычым праца гэтых злачынных арганізаваных груп ажыццяўлялася са згоды і пры спрыянні некаторых сябраў УВК. На фотаздымках прадстаўнікі кампаніі «Права выбару-2016» зафіксавалі групу людзей, якія аддавалі свае галасы паўторна на розных участках № 631, № 635, № 607 і № 618.
Адзначанае вышэй у гэтай справаздачы незабеспячэнне камісіямі належных умоваў для захавання скрыняў для галасавання патурала і іншым найбольш сур’ёзным парушэнням, звязаным з наўпроставай фальсіфікацыяй выбараў шляхам укідвання бюлетэняў. Напрыклад, на ўчастку №625 Каліноўскай выбарчай акругі №108 назіральнік сфатаграфаваў у празрыстай скрыні стос бюлетэняў, укінутых пачакам. Назіральнік падаў скаргу ў міліцыю і ў пракуратуру, у якой заяўляе, што 9 верасня “ў прысутнасці сябраў камісіі ў скрыню для датэрміновага галасавання былі ўкінуты фальсіфікаваныя бюлетэні ў вялікай колькасці”. Назіральнік адзначае, што заўважыў у скрыні “шчыльны стос бюлетэняў”, чаго не можа быць “пры адзінкавым укідванні бюлетэняў выбаршчыкамі”. Паводле падлікаў назіральніка, 9 верасня на ўчастак прыйшлі 42 выбаршчыкі. Аднак афіцыйна УВК было заяўлена, што іх за дзень прыйшло 228. Разыходжанні ў лічбах яўкі былі і ў мінулыя дні. Назіральнік просіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых. Мінская гарадская выбарчая камісія адмаўляе выкладзеныя назіральнікам факты, нягледзячы на прадстаўленыя доказы і здымкі.
Некаторыя УВК штучна раздзьмуваюць спісы выбаршчыкаў для галасавання на даму без адпаведных заяваў саміх грамадзян. Напрыклад, на участку №20 Слонімскай выбарчай акругі №58 з 1692 выбаршчыкаў ужо 125 чалавек запісаныя ў спісы для галасавання на даму.
Ціск і перашкоды працы назіральнікаў у часе датэрміновага галасавання
За пяць дзён датэрміновага галасавання былі пазбаўленыя акрэдытацыі 23 назіральнікі кампаніі “Права выбару-2016”, што складае 3% ад агульнай колькасці назіральнікаў, што былі накіраваныя на ўчасткі ад імя арганізацый-удзельніц кампаніі. Пры этым асноўнымі прычынамі выдалення назіральнікаў сталіся надуманныя абвінавачанні ва ўмяшальніцтве ў працу камісіі, а таксама правакацыі з боку сябраў УВК альбо назіральнікаў ад праўладных арганізацый. Найбольшая колькасць выпадкаў выдалення назіральнікаў зафіксавана ў Мінску.
На участку №179 Чкалаўскай выбарчай акругі №96 назіральніка “Права выбару-2016” выдалілі за тое, што ён быццам бы рабіў аўдыязапіс і фотаздымкі на выбарчым участку, пры гэтым УВК нават не запрасіла назіральніка на сваё пасяджэнне пры разглядзе пытання аб пазбаўленні акрэдытацыі. На участку №195 гэтай жа акругі назіральніка пазбавілі акрэдытацыі ўвогуле без агучвання афіцыйнай прычыны. На выбарчым участку №585 Усходняй выбарчай акругі №107 назіральніку паказалі рашэнне камісіі, дзе напісана, што назіральнік праводзіў гуказапіс, выкарыстоўваючы ручку-дыктафон. На адным з участкаў Сеніцкай акругі №76 назіральніка выдалілі за нібыта няправільна запоўненую форму пратакола аб вылучэнні назіральніка.
8 верасня з-за праўладнага назіральніка УВК пазбавіла акрэдытацыі назіральніка “Права выбару-2016” на участку №562 у Мінску: Праўладны назіральнік прынёс шклянку з гарбатай на ўчастак і спецыяльна разліў яе на сябе і на назіральніка “Права выбару-2016”. Пасля гэтага ён напісаў скаргу ў камісію і сказаў, што гэта зрабіў назіральнік “Права выбару-2016”. Пасля інцыдэнта скаргі на назіральніка “Права выбару-2016” напісалі яшчэ некалькі праўладных назіральнікаў. У выніку па рашэнні УВК назіральніка “Права выбару-2016” выдалілі з участка.
Абсурдную матывацыю прыдумала УВК №185 Чкалаўскай акругі №96, каб пазбавіць акрэдытацыі дзвюх назіральніц ад кампаніі “Права выбару-2016”: дачку і маці Марыну Альшанец і Анастасію Альшанец-Дарафей. 10 верасня ў 16.05 УВК пазбавіла акрэдытацыі гэтых назіральніц з наступнымі фармулёўкамі: “Альшанец Марына Аляксандраўна і Альшанец-Дарафей Анастасія Аляксандраўна маюць між самой сваяцкія (сямейныя) адносіны, пражываюць па адным адрасе. Абедзве зарэгістраваныя назіральнікамі ад розных арганізацый. На падставе вышэйсказанага Пазняк Д.В. прапанаваў пазбавіць абедзвюх вышэй указаных назіральніц… магчымасці выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, каб не было перадузятых сямейных адносінаў да назірання за выбарчым працэсам на ўчастку”.
У шэрагу выпадкаў назіральнікам было адмоўлена ў акрэдытацыі па надуманных падставах. Напрыклад, на участку №621 Каліноўскай выбарчай акругі №108 УВК адмаўляла у акрэдытацыі назіральніцы кампаніі «Права выбару-2016» ад грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» – выбаркам спасылаўся на тое, што гэта быццам бы адна юрыдычная асоба з Партыяй БНФ. Назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” было пададзенае 8 скаргаў па фактах нядопуску да назірання і адмоваў у акрэдытацыі. Адміністрацыя Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога забараніла студэнтам знаходзіцца ў якасці назіральнікаў ад кампаніі “Права выбару-2016” на выбарчых участках.
У пяці выпадках назіральнікамі былі пададзеныя скаргі на дзеянні УВК па стварэнні немагчымымых умоваў для ажыццяўлення назірання (размяшчэнне назіральнікаў у памяшканні без магчымасці назіраць адначасова за выдачай бюлетэняў і іх укідваннем у скрыні).