Каменны век Пестуніц
час, пакуль мы шпацыравалі па Пестуніцах, размаўлялі з людзьмі, жахаліся ўмоваў, у якіх людзі выжываюць – не жывуць, думалася мне пра 18 рэзідэнцый тнп, Дразды і драздуноў, марылася, каб наляцела якая бура – навальніца ды захапіла б усю гэтую камарыллю, ды як бы бразнула аб гэтую няшчасную зямлю – у Пестуніцах — ды каб папілі той іржавай ванючай вады, ды паелі зацвілага хлеба з адзінай крамкі, ды як бы скруціла ім жываты, а дапамогі медычнай і няма, ды напаў бы на іх панос-дрыстун, а ратавацца ніяк, на дапамогу не паклічаш, тэлеграмку не адправіш – пошта ж тут працуе 3 дні на тыдзень па 2 гадзінкі – паспрабуй дачакайся…
А калі пранясе і захочацца праявіць звычайную чалавечую цікаўнасць, дык убачылі б тут рэшткі былога квітнення саўгасу ў выглядзе разбураных кантор, закінутых вясковых могілак, неймавернай прыгажосці возера, скрозь чысцюткую празрыстую ваду якога бачна багвінне, якое дываном пазасцілала дно, закінутыя кватэры, што чорнымі праваламі вокнаў абыякава глядзяць на вяскоўцаў, якія яшчэ трымаюцца за гэтую радненькую зямельку.
– Як ты жывеш, Пестуніца?
– Як у каменным веку…
– Каб падняліся нашы мужыкі ды ўбачылі ўсё гэта, дык падумалі б: вайна тут была…
– А нікому мы непатрэбныя…
– Васіль, ці не ўсё скурыў? Мне пакінь. Што вы, дзеўкі, тут ходзіце? Нічога не зменіцца, так во і памрэм у гэтым лайне… – гэта мы ідзем па вуліцы Новай, дзе з абодвух бакоў двухпавярховыя дамкі, напалову ўжо закінутыя.
А прыехалі сюды з няўрымслівай Аленай Янушкоўскай, экс-кандыдатам у дэпутаты па Заронаўскай сельскай акрузе, актывісткай аргкамітэта БХД, каб зрабіць колькі рэпартажаў на свой “БТ” ды накіраваць іх у аблвыканкам, каб нагадаць: ТУТ ЖЫВУЦЬ ЛЮДЗІ!
Рапартуе Віцебскі райвыканкам яшчэ ў 2015-м годзе: добрая у вас тут вада і якасная! – з некаторых калонак цячэ ўвесь час, іржавая, з плямамі нейкага хімічнага рэчыва, а людзі плацяць за яе(!?), а вадаканалу і справы няма. Сельсавет – вунь ён, на прыгорку – абзавёўся нейкімі вялікімі тумбамі-кветніцамі, старшыня Ярошкіна, як прыйдзе на працу, бывала, дык усё паперкі перакладае, на людзей нават вочы не падыме. Новая старшынька Іжохіна яшчэ сябе амаль нічым не праявіла. Таксама бегае па вуліцы Новай, ні да людзей не загляне, ні тых калонак (а мы налічылі 2, з якіх увесь час цячэ вада) не заўважае, ні таго баршчэўніку, што падбіраецца да кожнага агароду, да кожнага дома такімі ж разгалістымі на вока прыгожымі парасонамі, як і бадзёрыя рэпартажы на БТ пра малыя радзімы, з атрутай рэчаіснасці, ад якой людзям так балюча і бязвыхадна, што ўжо прызвычаіліся, згаслі вачыма і душой.
У Пестуніцах былі дзіцячыя яслі, садок, быў саўгас, была праца, было шмат моладзі, было жыццё… Зараз яно ледзь цепліцца тут, гаротнае і безнадзейнае, і тут яшчэ нараджаюцца дзеці…
У вочы кідаюцца сядзібы прыватныя, дзе на ўласнай зямлі людзі працуюць на сябе на сваіх гародах, некаторыя нават маюць матаблокі і іншую сельгастэхніку, ды не чакаюць, пакуль улады адрамантуюць дах, паставяць плот…
Час павярнуць нельга, але сельскі час беларускага жыцця паказвае: вяскоўцу трэба зямлю аддаць ва ўласнасць, дзе ён будзе адчуваць сябе гаспадаром, а не нахлебнікам і дзе будзе сваім здабыццём распараджацца самастойна.
Агульная ўласнасць – нічыя. За 101 год гэта павінна быць зразумела.
Усё, пра што я вам сказала, гэта прыказка. А “казкі” пра сапраўдную Беларусь глядзіце на відэа Алены Янушкоўскай на ютубе, на нашых сайтах vitebskby.com і на афіцыйным партыйным БХД. Людзям са слабой псіхікай лепш не глядзець…
Дарэчы, Алену ўжо і ў Пестуніцах ведаюць. Пазнаюць і распавядаюць на камеру пра балячкі жыцця, якія самастойна, без тых, хто ў клопаце за іх штомесяц атрымлівае заробак, вырашыць не могуць. Ну дык нагадвайма ім, слугам народным, што можам і не аплочваць іх дармаедства.
Таццяна Севярынец, што глядзела на вясковае жыццё без ружовых акуляраў.