Марафон МХД да Дня роднай мовы прайшоў у пяці гарадах (фота)

23 лютага 2020 10:11  |  Галоўныя навіны

 

Марафон МХД да Дня роднай мовы прайшоў у пяці гарадах (фота)

 

 

З нагоды Міжнароднага Дня роднай мовы Маладыя хрысціянскія дэмакраты зладзілі марафон ушанавання выбітных дзеячоў беларускай культуры. Акцыя цягнулася некалькі дзён і прайшла ў пяці гарадах Беларусі.

Сярод удзельнікаў ушанавання была старшыня МХД Надзея Гацак, былыя кандыдаты ў дэпутаты і рэгіянальныя кіраўнікі маладых хадэкаў Ева Сапрыгіна, Валянцін Фралоў, Ігар Лабкоў, Джэсіка Цыдзвінцава ды іншыя сябры і прыхільнікі МХД.

У Менску моладзь БХД усклала кветкі да пахаванняў народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа на Вайсковых могілках, пісьменніка Івана Навуменкі, гісторыка Ядзвігі Навуменка і выдаўца і міністра асветы БНР Вацлава Іваноўскага. Таксама кветкі былі ўскладзеныя да помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы, да шыльды народнаму паэту Петрусю Броўку і да помніка Адаму Міцкевічу, які ўзбагаціў польскую мову шматлікімі беларусізмамі, а саму беларускую мову называў “самай багатай і чыстай”.

У Вільні была ўшанаваная памяць беларускага першадрукара Францішка Скарына. У Полацку прыхільнікі МХД усклалі кветкі да помніка літары “Ў”, у Берасці – да помніка 1000-годдзю гораду, а ў Баранавічах, дзе няма ані помнікаў, ані шыльдаў дзеячам беларушчыны, Маладыя хрысціянскія дэмакраты ўсклалі кветкі да манументу ахвярам рэпрэсіяў, шмат хто з якіх таксама размаўляў па-беларуску ды падтрымліваў беларускую культуру. 

“Мова – гэта тое, што робіць нас унікальнымі. Тое, што аб’ядноўвае. Мова – гэта голас продкаў. Без беларускай мовы мы вельмі хутка зробімся часткай іншай культуры. Таму і трэба яе не проста любіць, але змагацца за тое, каб нашы дзеці выраслі з цвёрдым разуменнем, што беларуская мова – гэта кожны з нас. Таму маладыя хадэкі і робяць акцыю у памяць тых, хто нёс беларускае ў масы”, – адзначыла старшыня МХД Надзея Гацак.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Болей навін