У Варшаве адбыўся сход «Беларуская салідарнасць / хрысціянскія дэмакраты»
17-18 кастрычніка 2026 года ў Варшаве адбыўся агульны сход, на якім была створана арганізацыя «Беларуская салідарнасць / Хрысціянскія дэмакраты». Сустрэча ў Hotel Gromada Warszawa Centrum сабрала больш за 80 чалавек з розных гарадоў Польшчы, а таксама ўдзельнікаў з Чэхіі, Германіі і Літвы. Сход зацвердзіў назву, статут і праграму арганізацыі, абраў кіраўніцтва і Раду, вызначыў прыярытэты супольнай працы.
Арганізацыя захоўвае пераемнасць з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй і абапіраецца на сучасную еўрапейскую хрысціянска-дэмакратычную традыцыю. Прынцыповымі застаюцца ўнутраная дэмакратыя, плюралізм і калегіяльнае прыняцце рашэнняў. Сістэма сустаршынства — важны механізм прадстаўніцтва розных поглядаў, размеркавання адказнасці і супольнай працы пры адрозненнях у падыходах. Агульная структура аб’ядноўвае людзей і ініцыятывы, якія ўжо дапамагаюць беларусам, абараняюць іх правы і развіваюць супольнасці, каб зрабіць гэтую працу больш узгодненай і выніковай.
Сустаршынямі абраныя Вольга Алейнік, Ксенія Палуэктава, Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі. Упершыню ў найноўшай гісторыі хрысціянскіх дэмакратаў сфармаваны парытэтны склад сустаршыняў — дзве жанчыны і двое мужчын.

Злева направа: Вольга Алейнік, Дзяніс Садоўскі, Ксенія Палуэктава і Віталь Рымашэўскі
Служэнне беларусам — у краіне і за яе межамі
«Беларуская салідарнасць / хрысціянскія дэмакраты» аб’ядноўвае практычную дапамогу людзям, развіццё беларускіх супольнасцяў, падтрымку самастойных ініцыятыў і працу над рашэннямі, якія адкрываюць беларусам новыя магчымасці ў Беларусі і за яе межамі.
«Чалавек важнейшы за сістэму: дзяржава, палітычныя і грамадскія структуры павінны служыць чалавеку, абараняць яго правы і дапамагаць яму самастойна будаваць сваё жыццё», — адзначаецца ў дэкларацыі, прынятай на канферэнцыі.
Каштоўнасная аснова арганізацыі — чалавечая годнасць, свабода і адказнасць, салідарнасць, плюралізм і субсідыярнасць — прыняцце рашэнняў як мага бліжэй да людзей, якіх яны датычаць. Дапамога павінна ўмацоўваць самастойнасць чалавека, а падтрымка ініцыятыў — пашыраць іх магчымасці, не пазбаўляючы ўласнага кіравання.
Галоўная задача — падтрымка беларусаў унутры краіны і за яе межамі, абарона іх правоў і прадстаўленне інтарэсаў. Практычная дапамога разглядаецца як неад’емная частка працы дзеля свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Людзі павінны мець магчымасць не толькі атрымліваць падтрымку, але і прапаноўваць уласныя рашэнні, ствараць ініцыятывы і ўплываць на парадак дня.
Прынцып «Ад дапамогі аднаму чалавеку — да рашэння праблемы для многіх» прадугледжвае спалучэнне індывідуальнай дапамогі з працай над сістэмнымі зменамі. Там, дзе з адной перашкодай сутыкаюцца многія, неабходныя збор фактаў, падрыхтоўка прапаноў і змена правілаў або адміністрацыйнай практыкі.
Прыярытэты на 2027–2028 гады
Стратэгічнымі прыярытэтамі вызначаныя абарона незалежнасці Беларусі, супрацьдзеянне гібрыдным пагрозам, спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў, абарона свабоды сумлення і рэлігійных супольнасцяў, захаванне беларускай мовы, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Асобная ўвага будзе надавацца падтрымцы беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны, захаванню грамадскіх сувязяў і магчымасцяў бяспечнага ўдзелу з улікам рызык рэпрэсій. Арганізацыя выступае супраць ізаляцыі беларускага грамадства ад Еўропы, за пашырэнне адукацыйных, культурных і прафесійных кантактаў.

Аляксандр Кавалевіч, сябра Рады
Працягнуцца кампанія ў абарону правоў беларусаў у Польшчы і міжнародныя кампаніі салідарнасці з Беларуссю. Сярод практычных задач — развіццё сеткі ўзаемадапамогі, падтрымка былых палітвязняў і сем’яў з дзецьмі, жаночага, моладзевага і сеньёрскага кірункаў, пашырэнне псіхалагічнай дапамогі.
Асаблівы акцэнт зроблены на развіцці грамадскіх і сацыяльных ініцыятыў. Арганізацыя будзе дапамагаць самастойным камандам знаходзіць партнёраў, экспертаў, веды і рэсурсы, падтрымліваць адукацыйныя і культурныя праекты, ствараць магчымасці для новых лідараў. Задача такой падтрымкі — умацоўваць самастойнасць ініцыятыў, а не падпарадкоўваць іх адзінаму цэнтру.
Супрацоўніцтва будзе будавацца як сетка раўнапраўнага партнёрства, у якой каманды захоўваюць уласнае кіраванне і напрамкі дзейнасці. «Нам не трэба аднолькава думаць пра ўсё, каб супрацоўнічаць там, дзе нас аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці і ўзаемная карысць», — падкрэсліваецца ў прынятай дэкларацыі.

Канстанцін Акінчыц, сябра рады і сустаршыня МХД/ БМС
Плануецца пашырэнне магчымасцяў навучання, стажыровак і міжнародных абменаў. Інтэграцыя беларусаў у краінах пражывання павінна спалучацца з захаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці, а веды, досвед і сувязі дыяспары — працаваць таксама на падтрымку суайчыннікаў унутры краіны і будучае развіццё Беларусі.
Важнымі задачамі застаюцца супрацоўніцтва дэмакратычных сіл, узмацненне ролі грамадзянскай супольнасці і Платформы палітычных партый, пашырэнне прадстаўніцтва розных супольнасцяў і ўплыву саміх беларусаў на прыняцце агульных рашэнняў.
Прывітанні партнёраў і працяг супольнай працы

Дзмітрый Кучук – старшыня Беларускай партыі «Зялёныя»
З прывітаннямі да ўдзельнікаў і ўдзельніц канферэнцыі звярнуліся депутаты Еўрапейскага парламента і Сейма Польшчы, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных партый — Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») і Партыі БНФ — Беларускага народнага фронту.

Папярэдні сустаршыня і сябра рады Аляксандр Паршанкоў
17 кастрычніка таксама адбыліся з’езды «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» і жаночай арганізацыі. На моладзевым з’ездзе абралі новы склад Рады і трох сустаршыняў — Лізавету Жучкову, Уладзіміра Далецкага і Канстанціна Акінчыца, — а таксама зацвердзілі планы дзейнасці. Жаночая арганізацыя падвяла вынікі працы і вызначыла наступныя задачы.
18 кастрычніка праца працягнулася ў тэматычных рабочых групах. Удзельнікі абмяркоўвалі развіццё асобных кірункаў, узаемадапамогу і супольныя праекты. Сеньёрская група вызначала далейшыя крокі па развіцці свайго аб’яднання і падтрымцы беларусаў старэйшага пакалення.
«Беларуская салідарнасць / хрысціянскія дэмакраты» працягвае працу, якая аб’ядноўвае дапамогу канкрэтнаму чалавеку з адказнасцю за беларускую супольнасць і будучыню краіны. Арганізацыя адкрытая да супрацоўніцтва з людзьмі і ініцыятывамі, якія падзяляюць каштоўнасці чалавечай годнасці, свабоды, салідарнасці і незалежнасці Беларусі.
Каментары сустаршыняў
Ксенія Палуэктава
«Была вымушаная пакінуць Беларусь пасля пачатку крымінальнага пераследу за бясплатную псіхалагічную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій 2020 года. У Варшаве працягнула гэтую працу разам з камандай, арганізоўвала трэнінгі для жанчын, дапамагала сем’ям з дзецьмі.
Для гарамадска – палітычнай працы я чалек новы. Вельмі расчароўвала напачатку, калі назірала сваркі і спрэчкі паміж рознымі групамі беларускіх палітыкаў. Ведаю што шмат маіх сяброў адыйшлі ад актыўнага ўдзелу з гэтай прычыны. Стома і выгаранне не павінны ператварацца ва ўзаемную варожасць. Салідарнасць павінна быць штодзённай практыкай.

Ксенія Палуэктава, сустаршыня
Была вельмі ўражаная камандай хрысціянскіх дэмакратаў – іх практычнаму падыходу і скіраванасцю на дапамогу людзям і вынікі працы тут і цяпер. Бо людзі ўжо стаміліся чуть вылякія абяцанні каторя неспраўджваюцца. Трэба рабіць хацяб невялікія але дзейсныя крокі каторыя прыносяць выннік і карысць людзям. Буду развіваць жаночы кірунак і працаваць над пераадоленнем стэрэатыпаў, якія перашкаджаюць роўнаму ўдзелу жанчын. Плануем праграму псіхалагічнай падтрымкі актывістаў у эміграцыі і анлайн-кансультацыі для беларусаў унутры краіны з улікам іх бяспекі».
Вольга Алейнік
«За гэтыя гады мы стварылі шырокую сетку міжнародных кантактаў і партнёрстваў. Будзем выкарыстоўваць яе для падтрымкі Беларусі і беларусаў, прыцягнення ўвагі да нашай краіны і арганізацыі міжнародных кампаній салідарнасці.
Працягнем працу з еўрапейскімі інстытуцыямі і міжнароднымі арганізацыямі дзеля спынення рэпрэсій, падтрымкі палітвязняў, свабоды веравызнання і роўнасці правоў жанчын і мужчын. Абарону рэлігійных супольнасцяў мы рэгулярна ўздымалі ў дыялогу з Еўрапейскім парламентам і Еўрапейскай народнай партыяй — гэтую працу будзем узмацняць. Адначасова будзем адкрываць беларусам і беларускам магчымасці пераймаць у еўрапейскіх калег сучасныя практыкі дзяржаўнага кіравання, мясцовага самакіравання і развіцця недзяржаўных арганізацый».
Віталь Рымашэўскі
«Вельмі ўсцешаны тым, што новыя людзі далучаюцца да нашай працы, што беларусы не губляюць надзеі, ствараюць новыя ініцыятывы ў Біларусі і ў эміграцыі. Беларусь — там, дзе ёсць беларусы. Мы застаёмся адным народам — унутры краіны і за яе межамі. Наша задача — служыць беларусам: падтрымліваць людзей у Беларусі і абараняць правы беларусаў у выгнанні, дапамагаць суайчыннікам у эміграцыі. Будаваць Беларусь трэба тут і цяпер — праз узаемную падтрымку і супольныя справы. Гатовыя падтрымаць».
Дзяніс Садоўскі
«Мы таксама разглядаем больш шырокае аб’яднанне розных ідэалагічных плыняў хрысціянскіх дэмакратаў. Таксама вітаем з’езд які плануюць правесці нашыя калегі і паплечнікі 24 кастрычніка ў Беластоку.
За два месяцы пастаянных кансультацый паміж нашай камандай і камандай Паўла Севрынца і Георгія Дмітрука зробленыя крокі насустрач, дасягнутая дамоўленасць аб адмове ад узаемных публічных нападак. Працуем над пагадненнем аб супрацоўніцтве. Розныя плыні гістарычна суіснавалі ў беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Мы паважаем гэтыя адрозненні, бачым у калегах партнёраў і саюзнікаў, адкрытыя да аб’яднання з захаваннем унутранай дэмакратыі і плюралізму.

Дзяніс Садоўскі, сустаршыня
Спадзяемся ў 2027 год атрымаецца правесці супольную кампанію ўшанавання памяці ахвяр камуністычнага тэрору і палітычных рэпрэсій, абмяркоўваем магчымасць супольнага з’езда дзеля таго каб дзе плыні хрысціянскіх дэмакратаў працавалі больш шчыльна. Сёння рэпрэсіі не дазваляюць правесці паўнавартасны партыйны з’езд з удзелам сябраў унутры краіны. Наша мэта — разам аднавіць дзейнасць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў свабоднай Беларусі».




