Партрэты Дашкевіча зьявіліся ў грамадзкім транспарце (фота)
Партрэты зьняволенага лідэра “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча зьявіліся сёньня ў шматлікіх трамваях і тралейбусах, якія рухаюцца ў напрамку Плошча Якуба Коласа – Зялёны Луг і ў адваротным накірунку, а таксама ў раёне Акадэміі Навук і вуліцы Сурганава.
Актывісты МФ праводзяць такую акцыю дзеля прыцягненьня ўвагі людзей да лёсу свайго лідэра й іншых палітзьняволеных, дзеля стварэньня грамадзкага рэзанансу, каб дамагчыся іх хутчэйшага вызваленьня, паведамляе прэс-служба “Маладога Фронту”
Некаторыя пасажыры трамваяў пазнавалі Дашкевіча па фота й распытваліся ў актывістаў, як ягонае здароўе й ці перадала яму адміністрацыя турмы нумар 8 у Жодзіна, дзе Зьміцер чакае суду, дасланыя яму роднымі лекі.
Нагадаем, што Дашкевіч паведаміў у лістах да сваіх сяброў, што ён моцна хварэў на грып. Гэтая інфармацыя была агучаная некаторымі СМІ.
Зьміцер Дашкевіч быў прэвентыўна затрыманы разам з актывістам МФ Эдуардам Лобавым 18 сьнежня 2010 году перад акцыяй пратэсту, абвінавачаны ў асабліва злосным хуліганстве й зараз знаходзіцца пад вартай у Жодзінскай турме нумар 8 у чаканьні суду. Справа Дашкевіча і Лобава мусіць быць перададзеная ў суд у гэтым месяцы.
Больш фота на сайце “Маладога Фронту”