“Укрыжуй яго!”

18 сакавіка 2011 13:40  |  Блог Анатоля Астапенкі

“Нельга маўчаць!” Пад такой рубрыкай у газеце “Народная воля” за 11 – 14 сакавіка 2011 г. Пётр Садоўскі надрукваў артыкул “Пасвячэнне ў “крыжаносцы” з нагоды “ўганаравання Праваслаўнай царквой Міністэрства ўнутраных спраў харугвай з выявай Хрыста Збаўцы”.

 

Былы дэпутат у сваім артыкуле выказаў абурэнне з нагоды перадачы згаданай харугвы МУС ў Дзень беларускай міліцыя 4 сакавіка. Абурэнне П.Садоўскага было настолькі вялікім, што фактычна шэраговая падзея перадачы ў дар харугвы была ператвораная ў факт узнагароды: “І раптам – вяршыня цынізму: евангельскае маўчанне перарастае ў блаславенне зла.”

А пад якімі знамёнамі, спадар Садоўскі, павінна дзейнічаць беларуская міліцыя? Можа, з выявай сатаны? Паўтару: перадача харугвы адбылася ў Дзень беларускай міліцыі. Ёсць такое свята. Як і Дзень настаўніка, Дзень пагранічніка. Было б няблага, каб людзям усіх прафесій уручалі такое блаславенне – жыць па хрысціянскіх запаветах. 

Нашы продкі ішлі на бітву з ворагам, несучы Пагоню, а ў  выяве Пагоні дамінанта як раз крыж, які горда нясе вершнік. Хрысціянскі крыж – сімвал перамогі дабра над злом. 

П.Садоўскі, зразумела, не проста так мусіруе факт перадачы харугвы. Для яго гэта вельмі добрая нагода каб “урэзаць” свайму даўняму апаненту мітрапаліту Філарэту і наогул усёй праваслаўнай царкве. А як жа – тры гады сядзелі побач у зале пасяджэнняў дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання.  Для гэтага вельмі падышлі нядаўнія сумныя падзеі 19 снежня і іх наступствы. І робіцца канкрэтная прывязка, дакладней — прыцягваюцца “за вушы” разгон мітынгу, арышты, суды і іншае – усе чым жыло грамадства апошнія два з паловай месяцы. Па Садоўскаму выходзіць, што менавіта за “загад учыніць крывавую бойню” 19 снежня і “узнагародзіла” праваслаўная царква МУС. І пайшло – паехала… “Лічу, што праваслаўная царква на чале з мітрапалітам канчаткова страціла свой твар”. “Яе літаральна згвалцілі”. І яшчэ: “Вуснамі галоўнага святара Беларусі гвалтоўныя дзеянні міліцыі кваліфікуюцца як “крестный труд”. Я ўважліва прачытаў прамову мітрапаліта Філарэта пры перадачы харугвы і ў ягоным тэксте пра “гвалтоўныя дзеянні міліцыі”  нічога не знайшоў. Ёсць вось што: 

 

“Ваш труд — сохранение его от посягательств злоумышленников. Этот труд можно назвать крестным. Господь был возведен на Крест человеческим грехом. И вам постоянно приходится сталкиваться с болезненными проявлениями человеческой греховности…”

“ Мы, христиане, исповедуем, что Бог есть любовь. Поэтому пусть каждый из вас находит опору своего служения в любви к Богу и человеку. Несите добро нашим согражданам и сами будьте примером добродетельной жизни!”

А гэта, прабачце, ужо зусім іншы тэкст, а не тое, пра што гаворыцца ў аблічальным артыкуле Садоўскага. 

Але джын ужо выпушчаны. “Фас!” У гісторыі такія выпадкі здараліся не аднойчы.  “Укрыжуй яго! Укрыжуй яго! Укрыжуй яго!” – крычаў натоўп, калі Хрыста вялі на Галгофу. Так і тут.

Амаль адразу пасля выхаду згаданага артыкула на сайце Хартыя-97 з’яўляецца  перадарук эпахальнага тэксту  з кідкай назвай  “Филарет наградил МВД за кровавую бойню”.  Цікавы, аднак, не сам факт перадруку, а рэакцыя інтэрнэту.  На 20.00 гадзін 13 сакавіка – 357 камэнтараў!  І зайздроснае аднадушша.  Чытаць тыя каментары – усё роўна, што стаць пад душ, дзе замест вады ліюцца памыі. Інтэрнэт усё сцерпіць? Здзіўляе аднадушнае прыманне на веру самога загалоўка.Адно мяне парадавала: беларускіх камэнтароў амаль не было. А гэта значыць, што пісалі людзі, для якіх беларуская нацыянальная ідэя, беларуская культура і мова – пусты гук. А назіранні паказваюць, што для такіх людзей і хрысціянства пусты гук.  

Я цвёрда ведаю, што немагчыма ўсталяванне на Беларусі дэмакратыі, свабоды слова, прававых інстытутаў без адраджэння хрысціянства і ў першую чаргу самай масавай канфесіі – праваслаўя. І гэта не гледзячы на тое, што гнюсныя “традыцыі” ганьбаваць Царкву і ўладыку Філарэта маюць не такую ўжо і кароткую гісторыю. Яны пастаянна шліфуюцца на працягу дзейнасці ўсяго дэмакратычнага руху ў Беларусі – і ў першую чаргу БНФ. Што з гэтага вышла, мы ведаем. БНФ, напрыклад, мінімум тройчы расколваўся і ператварыўся ў шэраговую дробненькую арганізацыю, якая нават была няздольнай вылучыць на нядаўнія прэзідэнцкія выбары  моцнага кандыдата. 

 

Тым больш уражвае факт з’яўлення на гэтым бязбожным фоне людзей, якія не паддаліся эйфарыі ганьбаваньня хрысціянскіх каштоўнасцяў, Цэркваў розных накірункаў і не паддаліся на класічны заклік – “Укрыжуй яго!” Яны ствараюць прынцыпова новую партыю Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю (БХД), дзе хрысціянскія каштоўнасці ставяцца на першае месца.  На фоне  прэзідэнцкай кампаніі 2010 года вылучэнне 35-ці гадовага Віталя Рымашэўскага ад БХД кандыдатам у прэзідэнты спачатку не ўспрымалася як сур’ёзная заяўка. Але месяц дзейнасці гэтага чалавека і яго каманды паказаў перавагу працы за ідэю над працай “за бабкі”. Нагадаю: Рымашэўскі перамог ўсіх кандыдатаў на  палітычным паядынку, арганізаваным на партале tut.by.  

Беспрынцыпнасць дзеянняў і цынізм некаторых кандыдтаў і людзей з іх каманд была добра бачная падчас агітацыйнай кампаніі і яскрава праявілася пасля 19 снежня. Гэта і знакамітая заява Я.Раманчука. Гэта паводзіны кіраўніка штабу Някляева Дзмітрыева, які перайшоў з сваёй партыі АГП у каманду “Гавары праўду” і тут жа ацураўся ад яе лідэра пасля знаёмтва з КДБ.  Гэта і выступленні Р. Кастусёва.

Бездакорныя паводзіны Віталя Рымашэўскага ў беспрэцэндэнтна складаных абставінах выклікалі незразумелую рэакцыю журналістаў, якія толькі і шукалі нагоды, каб ачарніць былога кандыдата. Аднак найбольш уражвае мужнасць яшчэ аднаго хрысціянскага дэмакрата –  Паўла Севярынца, які з’яўляецца прызнаным  лідэрам БХД. Яго жыццё – гэта сапраўды пакліканне, якое гістарычна можна параўнаць толькі  з прыездам з Яраслаўля ў Беларусь Максіма Багдановіча, які стаў сімвалам беларускай нацыі. Я веру, што турмы не зломяць Паўла, і спадзяюся, што недалёкі той час, калі  хрысціянскія прынцыпы стануць вуглавымі ў беларускай палітыцы.   

Вярнемся яшчэ раз да факту перадачы харугвы.  Хочацца нам альбо не, але артыкул і дыскусія вакол яго адвярнулі ад Царквы і ад веры многіх. Гэта, як кажуць, “медыцынскі факт”. Таму ўзнікае пытанне: як так вышла, што з боку Праваслаўнай Царквы быў здзейснены такі палітычна няправільны крок? Навошта было даваць нагоду ворагам праваслаўя і займацца заігрываннем з сілавікамі ў такі цяжкі для грамадства перыяд, калі адбываюцца суды на удзельнікамі снежаньскіх падзей, працягваюцца рэпрэсіі, ідзе працэс міжнароднага асуджэння дзеянняў рэжыму? Хто стаіць за гэтым? Каму гэта выгадна? Вось пра што трэба гаварыць.

Што тычыцца гэтай харугвы, дык адказ, здаецца, я ведаю. Яго я знайшоў на адным праваслаўным сайце: «Замысел освящения воинского знамени родился во время акции «Семья – служим вместе» в рамках проведения программы «Семья – единение – Отечество. Хоругвь была вышита с любовью и молитвой в мастерских Свято-Елисаветинского монастыря» рассказал исполнительный директор Издательства Белорусского Экзархата Владимир Грозов.

Вось адкуль ногі растуць! Яшчэ раней, 25 лістапада 2010 года У. Грозаў “правярнуў” вельмі гучную акцыю: “От лица белорусской православной церкви Министерству внутренних дел торжественно передана уникальная православная святыня – копия Слуцкого Евангелия”. Я так разумею гэта: не універсітэтам і Акадэміі Навук патрэбна Слуцкае евангелле, а нашай міліцыі, толькі там яго месца. Праўда, і міліцыянты ацанілі дзейнасць дырэктара выдавецтва: яго ўзнагароджваюць медаллю ”за тесное взаимодействие с органами внутренних дел Республики Беларусь по духовно-нравственному и патриотическому воспитанию личного состава, пропаганду семейных традиций медалью «90 год міліцыі Беларусі». 

Аднак з харугвай у Грозава адбыўся яўны пракол. Думаю, не пройдзе дарам такая  нахабная акцыя па дыскрыдытацыі Царквы ў час, калі яе аўтарытэт і без таго не самы высокі.    

Тым не менш, харугва з выявай Хрыста Збаўцы знаходзіцца ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Не думайце, што гэта нейкая карцінка альбо прыгожы тканы  ручнік. Гэта зброя. І зброя большая, чым дубінкі, пісталеты і танкі. Гэтая зброя завецца Любоўю. І магчыма, ад гэтага часу міліцыя  сапраўды будзе з народам, бо хрысціянская любоў пераадолее ўсе бар’еры, пераадолее ўсталяваны ў беларускім грамадстве страх, і людзі са шчытамі больш не падымуць рукі на безабаронных грамадзян. 

Болей навін