Беларуская мадэль Феміды супраць дэмакратаў новай плыні

07 чэрвеня 2011 11:01  |  Блог Анатоля Астапенкі

 

Канвеер судовых працэсаў над удзельнікамі Плошчы-2011 – акцыі 19 сьнежня уражвае стандратам выніковых прысудаў: 3 гады зьняволеньня ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 4 гады зьняволеньня ў калоніі ўзмоцненага рэжыму , 3 з палавінай гады…., 4, 3…. , неяк выпадае – два гады, потым зноў – тры… Манатонасьць і аднолькавасьць вырокаў, адсутнасьць аргуменацыі, па-сутнасьці, адсутнасьць складу злачынства ва ўсіх справах, што разглядваліся  ў нядаўніх судах і, тым не менш, рэальны вынік – унушальныя тэрміны зняволяння “за нішто” – нагадваюць суды сталінскай тройкі, памяць аб якіх яшчэ свежая.

Як чалавек, што вырас ў адносна мірныя савецкія часы, я памятаю тыя адчуваньні, калі прыходзілася сутыкацца з чалавекам, што адсядзеў тры, альбо чатыры гады. Гэта быў зэк, які “ботаў на фене”, ягонае цела ўпрыгожвалі сінія малюнкі з выявай Сталіна, альбо дракона і надпісы зэкаўскай тэматыкі накшталт “не забуду мать родную”. За плячамі такіх людзей былі крадзяжы, разбойныя напады, гвалтаваньні і іншыя пачварныя злачынствы. Тыя зэкі былі людзьмі свайго круга і ад звычайных савецкіх грамадзян іх аддзяляла бездань. Але гэта было раней.

Што ж мы маем цяпер? А вось што: цяперашнія маладыя людзі, што вымушаны “цягнуць” тры альбо чатыры гады – гэта зусім не тыя савецкія зэкі, гэта адукаваныя, ініцыятыўныя людзі, лепшыя  прадстаўнікі сваіх аднагодкаў, але разам з тым, гэта тыя, хто асмеліліся сказаць сваё слова за свабоду і дэмакратыю.  Судзяць не злачынцаў, а вельмі прыстойных, разумных і самае галоўнае – высока маральных людзей.

І вось гэтая апошняя акалічнасьць на судах пачынае праяўляцца, запаўняць абсалютна новым сэнсам саму атмасферу судовага памяшканьня і суд ператвараецца ў нейкую незразумелую імітацыю судовага працэсу, дзе ў працэсе разгляду спраў становіцца ўсё больш не ясным, за што ж усё-такі судзяць людзей.

Асабліва паказальным у гэтым сэнсе быў працэс над шасьцёркай Некляеў-Фядута-Вазьняк-Дмітрыеў-Палажанка-Рымашэўскі. Вялае вядзеньне суддзёй Жанай Жукоўскай працэса, допыты нейкіх другасных сведкаў пра тое ці давалі ім грошы за збор подпісаў, ці не, прагляд усім вядомых стужак пра падзеі 19 снежня – усе гэта ну ніяк не адпавядала грознаму артыкулу абвінавачваньня “Арганізацыя масавых беспарадкаў” альбо самаму мяккаму “Групавыя дзеяньні якія парушаюць грамадскі парадак”.

Усім прысутным выразна адчувалася, што гэтая фармулёўка абвінавачвальнага артыкула і сапраўдны ўдзел людзей, якія знаходзяцца на лаве падсудных, знаходзяцца ў страшэннай неадпаведнасьці паміж сабой. Але трэба было рабіць выгляд, што беларускі суд самы справедлівы і давесьці працэс да патрэбнага выніку. А вынік даўно ўжо быў вядомы і прыгаворы былі вынесеныя загадзя на самым высокім узроўні. Можна толькі паразважаць на тэму: чаму аднаму падсуднаму большы тэрмін зняволеньня, а другому меншы, некаму абмежаваньне свабоды, а некаму і умоўны тэрмін. І калі паразважаць маючы элементарныя навыкі лагічнага мысленьня, то становіцца ясным, што з такім самым посьпехам мы можам ператусаваць прозьвішчы і па навому параскідваць тэрміны зьняволеньня і іншыя прысуды – і ўсе будзе па-ранейшаму “законным” і адналькава “справядлівым” і поўнай адпаведнасьці заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Мы маем яскравы прыклад падпарадкаваньня судовай сістэмы сістэме ўлады.      

Аднак не ўсё так і сумна было на згаданым працэсе Некляеў -…- Рымашэўскі. Былі ўсё ж хвіліны, калі зала раптам пачынала ажываць і людзі маглі пачуць праніклівыя, глыбокія словы ў якіх чуўся сэнс, у якіх чуўся боль за Беларусь, у якіх смела аблічаліся заганы нашага постсавецкага грамадства. Гэты момант наступаў калі пачыналі выступаць падсудныя. Выступы, пытаньні да сведак, пракурора, абаронцы – любы голас падсудных – кожнага з шасьці перамянялі залу суда. Здавалася, што ўрэшце пачаўся суд! І ў якасьці пракурора выступаюць Некляеў, Палажанка, Рымашэўскі… Не ведаю ці даходзілі іх словы да прысутных на судзе бэрэсэмаўцаў, але да бальшыні пэўна. Прынамсі мне было вельмі радасна пачуць фактычна фармулёўку беларускай нацыянальнай ідэі для цяперашніх рэалій з вуснаў Уладзіміра Някляева і не дзе-небудзь, а ў апошнім слове падсуднага! Нядаўна я выдаў цэлую кнігу прысьвечаную нацыянальнай ідэі і тыя думкі вельмі добра яе б дапоўнілі.

Вельмі годны выступ быў на судзе ў Віталя Рымашэўскага. І хоць прысуд ёе атрымаў, калі можна так сказаць, не самы страшны – пазбаўленьне волі на два гады ўмоўна, не было радасьці ў вачах Віталя.  У ягоных словах гучала боль за тых, што засталіся за кратамі і праніклівае разуменне вышэйшай праўды: не можа быць свабодным чалавек у несвабоднай краіне. Ён сказаў: “Я адчуваю віну за тое, што зараз у калёніі ўзмоцненага рэжыму будуць сядзець маладыя хлопцы, я буду змагацца за іх вызваленьне. Іх тэрміны – гэта таксама й мае тэрміны.”

Калі я ехаў з суда ў метро “Няміга” я сустрэў свайго сябра Валерыя Мазынскага. Ён ехаў з іншага суда – суда Ленінскага раёна, дзе судзілі Міколу Статкевіча і Дзьмітрыя Уса. Мы абмеркавалі суды й прыйшлі да адзінадушнага выніку – судзяць герояў! Слова герой, для нас абодвух асыцыявалася з нейкімі таямнічымі людзьмі, якія пад час вайны кідаліся пад танкі, закрывалі грудзямі амбразуру, абліваліся да сьмерці халоднай вадой, але тайны не выдавалі. Гэтыя людзі былі высокіх ідэалаў, ім не было знаёмае адчуваньне страху, яны былі здольныя аддаць сваё жыццё за Радзіму, за свой народ… Але ўсё жыццё мы пражылі не ведаючы войн, нават афганскай, і таму герояў не сустракалі, а старэнькія ветэраны мала нагадвалі ўзгадаваны яшчэ са школы вобраз героя.

І вось тут, на судовых працэсах над удзельнікамі падзей 19 снежня 2010 года – мы ўпершыню бачым сапраўдных герояў, такіх, якіх нам маляваў яшчэ той савецкі вобраз. Праўда, не ўсе з іх дасягнулі гэтай высокай планкі героя, пра некаторых з падсудных хочацца сказаць зусім іншыя словы. Але гэта тэма іншае размовы, судзіць слабых людзей не трэба. Не кожны ж з іх здольны на ўчынак, які выказаў Анатоль Лебедзька ў клясычнай фразе: “хутчэй я адгрызу сабе руку, чым падпішу паперу аб супрацоўніцтве з КДБ”.

Праўда адзін з тых, што надпісаў тую сакральную паперу, ўсё ж умудрыўся застацца героем, уцёк і ад КДБ і ад Радзімы таксама, і цяпер пачувае сабе за мяжой, мяркую, нядрэнна.  Яшчэ б – і вязень сумлення, і палітэмінгрант, і былы кандыдат у прэзідэнты. Тры ў адным! Толькі нешта не выклікае ў мяне гэты чалавек ні павагі, ні спачування, ні брацкай салідарнасьці. Перахітрыў усіх. Але сябе, браце, не перахітрыш.

Пасьля цьмяных і брудных ахвёр палітэмігранта і “пакутніка” Алеся  Міхалевіча, зусім іншыя пачуцці выклікаюць годныя паводзіны як у турме, так і на судзе лідара БХД Паўла Севярынца. Яны амаль аднагодкі (Павел маладзейшы на год – яму у турме споўнілася 35 гадоў) і абодва прафесійныя палітыкі з салідным стажам, пачатак якога сягае з студэнцкіх гадоў.

Я быў у той дзень у судзе Заводскага раёна, калі Паўлу Севярынцу, Ірыне Халіп і Сяргею Марцэлеву зачытвалі прыгавор. Удалося праскочыць у залу суда, бо жадаючых было шмат больш. Адных журналістаў мо дзясяткі тры было. Здаецца столькі й выданьняў у нас няма, прынамсі, такіх, якія можна чытаць, можна палічыць на пальцах адной рукі. Павел Севярынец атрымаў тры гады “хіміі”, астатнія – пазбаўленьне волі ўмоўна.

 

Але кульмінацыя гэтага працэсу была пасьля – калі адпушчаныя на свабоду падсудныя пачалі выходзіць з залы і папарацы як саранча атакавалі іх з усіх бакоў, адцясьніўшы родзічаў і шматлікіх сяброў, якія з к веткамі сустракалі нядаўніх вязьняў. Прысутных захлынула хваля радасьці, людзі пляскалі ў далоні, чуліся воклічы “Жыве Беларусь”. І ў цэнтры гэтага сьвяточнай падзеі быў Павел. Ён быў акуратна апрануты, спакойны і, мне задавалася, ад яго зыходзіў нейкі нутраны сьвет, ніяк не адпавядаючы таму змрочнаму сэнсу, які нясуць ў сябе самыя словы суд, турма, “хімія”.

Павел сказаў, што пяць месяцаў у “амерыканцы” прайшлі лёгка, быццам “у пянерскім лагеры” пабываў”. Зразумела, пра “піянерскі лагер” гэта жарт. Але некаторыя палітыканы накшталт другога Паўла – Знаўца ўспрынялі гэтую заяву ўсур’ёз. Ды й выгляд чалавека, які правёў за кратамі шмат месяцаў, ніяк не адпавядаў прывычнаму выгляду змучанага, хворага і злоснага зэка, які “адкідваецца”.  Ну не можа чалавек, які пяць месяцаў адсядзеў у турме, так прыстойна выглядзець як Севярынец, кіпіць у сваім артыкуле Знавец: “І так бачу на фота, што Павал Севярынец паголены, халёны, у гарнітуры – якія там “пыткі-катаванні”. А вось Знавец, які адсядзеў аж 15 сутак на Акрэсціна, вось хто сапраўдны герой! І плачацца ў сваім “аблічальным” артыкуле на сайце “Беларускі партызан” Паша пра тое, якія ванючыя бамжы з ім сядзелі і які ён герой, што вырашыў трымаць там галодоўку, каб захаваць сябе здаровенькім для будучай палітычнай барацьбы і што трое сутак адмываўся ад таго акрэсьцінаскага бамжатніку.  

Вось якія у нас аказваецца “героі” ёсьць, а то нейкая там “амерыканка”-курорт! Што тут скажаш. Можа і мне ўспомніць пра пяць сутак гаупвахты ў арміі –¬ таксама нары былі, альбо пра суткі, якія прышлося адсядзець у ментоўцы – гэта лёгка атрымаць у наш час. Таксама тыя ж  бамжы, і цыгарэты паляць усе, не ўсе ж “завязалі”, як некалі Гасподзь спадобіў мне зрабіць.

Але вычарпальна ёмка адказаў новасьпечанаму “пакутніку” Пашу Знаўцу бацька Паўла Севярынца Кастусь Севярынец. Ён падкрэсьліў галоўнае: “Стоатсоткава згодны з тым, што вам было ў сто разоў цяжэй. Бо без Бога, без мужнасці, без пачуцця чалавечай годнасці, без загартоўкі характару, без умення і жаданьня даглядаць сябе, калі, здаецца, ну, ніякіх для таго ўмоў, і сапраўды неба ў аўчынку падасца”.

Я толькі дадам, што Павел Севярынец ня гледзячы на тое, што яму з волі не дазволілі перадаць Біблію, знайшоў яе ў турме. І там ён не проста чытаў Біблію,  ён вывучаў яе са сваімі сакамернікамі па некалькі разоў у дзень, ён рабіў яшчэ свае камэнтары, якія ў хрысьціянскай традыцыі завуцца “тлумачэньнямі”. І вера дазволіла яму глядзець на сьвет зусім іншымі вачыма, і бачыць, нават у камеры тое, што іншым – такім як Знавец – і на свабодзе ніколі не ўбачыць. Ён бачыў свабодную, дэмакратычную Беларусь і маліўся за яе. Ён маліўся за нас, ён маліўся за судзьдзяў, за міліцыянтаў, што зьбівалі яго, Рымашэўскага, Някляева, Саньнікава і многіх іншых пацярпелых на Плошчы…   

Першым жаданьнем Паўла Севярынца пасьля выхаду на свабоду было не жаданне адпачыць, ці, напрыклад, гульнуць ва ўсю моц, як зрабіў бы “кожны смертны” чалавек, што выйшаў пасьля сканчэньня пяцімесяцовага тэрміну зьняволеньня. Павел паехаў Сьвята-Пятра-Паўлаўскі сабор. Ён 5 месяцаў марыў схадзіць на споведзь. Другім крокам яго было наведаньне суда Фрунзенаскага раёна, дзе шоў працэс над ягоным паплечнікам Віталём Рымашэўскім. І ўжо а 14 гадзіне Павел выступаў як сьведка на працэсе і рабіў бліскучую, аблічальную прамову.

Пішучы гэты артыкул, я хацеў знайсьці прыведзеную вышэй цытату Кастуся Севярынца ў Інтэрнэце, каб не набіраць тэкст. Але на маё вялікае зьдзіўленьне нядаўняга артыкула бацькі Паўла Севярынца я не знайшоў: “Требуемая статья “86322” не существует или была удалена”.

Відаць у “Беларускага партызана” свая цэнзура” і свае прыхільнасьці. Затое я меў “шчасьце” пабачыць новы опус Паўла Знаўца.  

Тут ён “мочыць” наноў і Паўла і ягонага бацьку і робіць гэта зноў як у папярэднем артыкуле па-дзіцячы бездапаможна, бездоказна і па-ранейшаму з самаўлюбёным бахвальствам. Але ў новым трактаце Знавец тут ідзе далей. Ён вырашыў вывесьці на чыстую ваду ўсю партыю БХД:   

“Я аб тым, што БХД і кандыдат Віталь Рымашэўскі (як і іншыя “кандыдаты-мастакі) не сабралі прынамсі, паловы патрэбнай колькасьці подпісаў, садзейнічалі гэтым масавым падманам таму крываваму балагану, якім закончыліся “выбары”.

І далей ідуць чыстыя паклёпніцкія заявы ў такім жа кантэксце, пра быццам бы меўшае месца ксеракапіраваньне подпісаў сябрамі БХД і пра іншы бруд.

Пад час апошняй прэзідэнцкай кампаніі я быў даверанай асобай Віталя Рымашэўскага і сам зьбіраў подпісы за яго. Таму пра стан збора подпісаў ведаю не з нейкіх сумніўных (“вядомых” Паўлу Знаўцу) крыніц, а непасрэдна, у жывую і ведаў як зьбіраюцца патрэбныя сто тысяч к канцу кожнага дня. Усяго было сабрана сто пяць тысяч подпісаў – менш чым, у такіх высокааплачваемых кандыдатаў як Раманчук, альбо Някляеў, але яны былі сабраныя. Таму нягожа вам сп. Знавец, былому дэпутату ВС займацца хлусьнёй і абвінавачваць сваіх калег па палітычнай барацьбе ў несумленнасьці.

Наадварот, упершыню пасьля эпохі рамантычных 90-х гадоў, я спрычыніўся да працы за ідэю, а не за грошы. Подпісы зьбіраліся бескарысьліва, людзі стаялі ў пікетах, хадзілі па кватэрах і пры гэтым не прасілі ніякай аплаты.

Але гэта Знаўцу не зразумець, бо толькі за подпісы за Раманчука ён атрымаў кругленькую суму – быў рэкардсмэнам і аб гэтым пісалі. Трэба аддаць належнае Паўлу – ён выкарыстоўваў свой пікет на ўсю катушуку і паралельна зьбіраў за іншага кандыдата – Саньнікава. Той таксама палаціў, хоць і менш. Але якая розьніца за каго зьбіраць, абы плацілі, праўда, Павел?  

Сумна пісаць пра ўсё гэта. Але прыходзіцца, бо зло павінна быць пакараным.  

Закончу свой беглы агляд судоў апошнімі судамі, якія аказаліся самымі жорсткімі па вынесеным у іх тэрмінам зьняволеньня. Я даўно ведаю Міколу Стакевіча і памятаю яго яшчэ ў форме афіцэра Савецкай Арміі ў тыя часы, калі ён служыў у гэтай арміі і выкладаў у ВІРТУ. Ён запомніўся палымянымі прамовамі, якія давалі надзею на дастойную падтрымку, а магчыма й замену  Зянону Пазьняку. Але зьмяніўся час: сам Пазьняк з’ехаў, а разборкі ў асяродзьдзі сацыял-дэмакратаў паступова аслабілі пасіянарны ўздым 90-х гадоў.

Настаў 2010 год, выбары. І тут як гром з яснага неба: выступ па тэлевізару кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча. Гэта было лепшае, што я чуў з апошнія мінімум гадоў дзесяць. Сказанае цалкам адпавядала маім думкам, але тое як яны былі высказаны,  сама прамова, сьмеласьцю той выступ  выклікаў большае чым простую павагу. Можна шмат разважаць на тэму: Статкевіч сам лез у турму, мог бы быць больш абачлівым, навошта так адкрыта і г.д. Але гэта для такіх як я, для тых, хто не асьмеліцца атоесаміць свае думкі і дзеяньні.

Таму я схіляю галаву перад мужнасьцю Міколы Статкевіча і зычу яму так трымацца й надалей, і рана ці позна Беларусь непазьбежна стане свабоднай.  

І яшчэ. Шкада Дзьмітрыя Уса. Ён усё ж чалавек новы ў палітыцы і такі вялікі тэрмін – пяць з паловай год калоніі узмоцненага рэжыму за думкі пра неабходнасьць зьмен у выбрчым кодэксе – гэта нонсэнс. Гэта несправядліва.

Болей навін