Вітаньні ад БХД удзельнікам 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі

03 верасня 2012 14:17  |  Свет

У беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры канадзкага горада Таронта праходзіць 30-я юбілейная сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая сабрала вядомых дзеячоў беларускай эміграцыі. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя даслала вітаньні ўдзельнікам гэтай сустрэчы.

Шаноўныя ўдзельнікі юбілейнай 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі!

 

Сардэчна вітаем ваш шаноўны сход ад імя аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”!

Вельмі добра, што беларускае жыцьцё ў Паўночнай Амэрыцы шчыльна зьвязанае з рэлігійным, і вашая сустрэча праходзіць менавіта ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры, а штотыдзень, як нам вядома, праходзяць беларускія багаслужбы.

Шчыра ўдзячныя вам за падтрымку беларускіх палітвязьняў. Падтрымка беларусаў дыяспары вельмі істотная для ўсіх, хто змагаецца за свабоду нашай Бацькаўшчыне на радзіме.

Вашыя высілкі па захаваньні і прэзэнтаваньні ідэі незалежнай беларускай дзяржаўнасьці за мяжой вельмі патрэбная Беларусі. Зычым вам далейшай плённай працы і натхненьня, а нам усім як мага хутчэй дачакацца вольнай Беларусі!

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Сустаршыні партыі БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі.

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі арганізуе Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА). У межах 30-й юбілейнай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі праходзяць круглыя сталы па тэмах ’’Рынак працы”, ’’Захаваньне і падтрымка беларускай культуры на эміграцыі’’, і ’’Сям’я і іміграцыя’’.

 

Удзельнікі сустрэчы выказалі падтрымку тым беларусам, якіх рэжым Лукашэнкі перасьледуе за іх погляды. Напярэдадні канадзкія беларусы выпусьцілі плякаты і саколкі з партрэтамі палітзьняволеных. На іх дэлегаты паставілі свае подпісы, выказваючы такім чынам сваю салідарнасьць з усімі, хто церпіць за дэмакратычную будучыню Беларусі.

 

Апрача таго ўдзельнікі спатканьня ажыцьцявілі пілігрымку да Беларускага Памятнага Крыжа у Мідландзе.

Такія сустрэчы праходзяць раз на два гады, пачынаючы ад 1952 году.

Болей навін