Сатана тут правіць баль

21 лістапада 2012 09:34  |  Блог Анатоля Астапенкі

20 лістапада 2012 г. 7.10 раніцы. Збіраюся на працу і для набыцця нейкай цякучай інфармацыі уключаю тэлевізар. ОНТ. Салідныя госці студыі – немцы прывезьлі культурніцкі праект і распавядаюць пра яго. Але не пра праект гаворка – таму апускаю дэталі.  Раптам вядучы, лагодна пасміхаючыся,  перапыняе гасцей і гаворыць: “Прабачце, я вас на некалькі хвілінак прыпыню. У нас зараз па раскладзе астралагічны прагноз на дзень”. І звяртаючыся да немцаў – “А вы сочыце за астралагічнымі прагнозамі?” Збянтэжаны госць – немец адказвае: “Не. Ніколі. Я – католік”. “А Вы?” – звяртаецца настырны вядучы да ягонага сябра. “Не, я тасама пазбягаю усялякай астралогіі”. “І я таксама” – дадае трэцяя ўдзельніца сустрэчы – жанчына.  ”А у нас огромная аудитория” – (прабачце, тут я не ўтрымаўся даць гэтую фразу па расейску) урачыста заключае вядучы і пачынаецца гэтая астралагічная лухта, якую я заўсюды вырубаю, як і непатрэбную рэкламу.

 

Але, калі рэклама – гэта, за выключэннем 25 кадра, толькі непатрэбны тэлевізійны спам, то штодзённая астралагічная інфармацыя далёка не такая і бяскрыўдная рэч. І пра гэта вам скажуць і ў каталіцкай, і ў праваслаўнай, і ў пратэстанцкіх цэрквах. І на кожнай споведзі у вас абавязкова спытаюць, ці не звярталіся вы па дапамогу да экстрасенсаў ці астролагаў. Бо – гэта вялікі грэх. Гэта такі ж грэх як і красці, забіваць, блудзіць і г.д. І наша тэлевізія, фактычна, прапагандуе, не –  насаджае гэтыя вяльмі і вельмі сумніўныя “каштоўнасьці”. Але ж у нас па статыстыцы вельмі шмат вернікаў: “Большинство граждан Беларуси считают себя верующими, атеистов же менее трех процентов” (http://news.open.by/country/71062).  Усяго 3% ! І гэта  “огромная аудитория”? Зразумела, на тым жа сайце ўдакладняецца: “На вопрос социологов “Считаете ли вы себя верующим человеком?” утвердительно ответили 39,2% респондентов, еще 33,9% заявили о том, что скорее причисляют себя к числу верующих, чем нет. Не считают себя верующими 6,4% опрошенных, еще 9,8% склонны так думать. Об атеистической позиции заявили 2,8% участников опроса”.

 

У любым выпадку вернікаў у нас больш, чым атэістаў. І дзе ж наша права на атрыманне не сатанінскай інфарамцыі, чым ёсць астралагічны прагноз, а на сапраўдную хрысціянскую перадачу, ці хоць бы на паралельную з тым прагнозам – хрысціянскую думку, пажаданне на той жа будучы дзень 20 лістапада. Не. Калі вы захочаце нешта пачуць з вуснаў праваслаўнага  святара, то дачакайцеся суботы, вельмі раненька ўстаньце (6.30 раніцы) і толькі тады вы пачуеце праваслаўную перадачу “Існасць”. Тое самае і з католікамі. А пратэстантаў нешта наогул не чуваць. Толькі пра тое, што іх выганяюць з малельнага дома, якім стаў былы кароўнік.

Вось вам і прысутнасць “большасці вернікаў у Беларусі”. Насамрэч у Беларусі правіць баль сатана. Інакш нельга назваць гэты маразм, не – жудасны цынізм і прыніжэнне вернікаў, ды і простых грамадзян.

 

А прыезд Глобы да нас –  як з’яўленнне Папы на плошчы ў Рыме – зьбірае агромністую аудыторыю, транслюецца па ўсіх каналах БТ.

І апошняе. Часта прыходзіцца чуць, што адно з дасягненняў БХД, тое, што дзякуючы намаганням хрысціянскіх дэмакратаў, на БТ забаранілі перадачы з удзелам астролагаў, гаданнем на картах тарою Карты таро сапраўды не прапагандуюцца. Але я пра іх і раней ніколі не чуў. Але вось з астатнім, нешта не зусім у нас атрымоўваецца. Што скажыце, панове? 

 

Ці не настаў час абарніць Беларусь ад наступу нячыстага?

Болей навін