Павел Севярынец: адказнасць за кіраванне Лукашэнкі ляжыць на ўсіх беларусах
Вызвалены па заканчэнні трох гадоў прымусовых работ на
селішчы лідэр незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”
Павел Севярынец распавёў DW, як яму бачыцца сітуацыя ў краіне.
Адзін са стваральнікаў
апазіцыйнай арганізацыі “Малады фронт”, лідэр незарэгістраванай
партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец быў
вызвалены ў ноч на 19 кастрычніка пасля трох гадоў прымусовых работ у вёсцы
Куплін Брэсцкай вобласці. Да гэтага тэрміну яго прысудзіў суд за
арганізацыю акцыі пратэсту на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года.
Для 36-гадовага палітыка і журналіста – гэта другое
доўгі пакаранне. У 2005-2007 гадах за арганізацыю дэманстрацыі супраць
падаўжэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі ён быў сасланы ў
вёсцы Малое Сітна Віцебскай вобласці, дзе працаваў на рубцы лесу. У інтэрв’ю DW
Павел Севярынец распавёў, чым былі для яго тры гады няволі, і аб планах –
грамадскіх і асабістых.
DW: Як прайшоў для вас гэты тэрмін несвабоды?
Павел Севярынец: Я знаходзіўся ў папраўчай установе
адкрытага тыпу, дзе разам са мной адбывалі пакаранне яшчэ каля 100 чалавек. Усё
строга рэгламентавана – выхад з інтэрната з дазволу дзяжурнага, выезд у горад –
з дазволу начальніка. Але ўсё ж вальней, чым у турме, таму што ёсць тэлефон і
магчымасць раз у тыдзень выехаць у царкву.
Працаваў на складзе, прымаў запчасткі ад мінскіх
фірмаў, дапамагаў грузіць, сартаваць. За гэты час атрымаў бясцэнны вопыт зносін
– і з тымі, хто працаваў разам са мной, і з інжынерамі і механікамі, якія
прыязджали, і з мясцовымі вернікамі. Шмат хто ведаў, чаму я тут знаходжуся,
гэта Заходняя Беларусь, дзе глядзяць незалежнае тэлебачанне “Белсат”,
якое вяшчае з Польшчы.
У вольны час пісаў для незалежнай газеты “Наша
ніва” штотыднёвыя эсэ пад назвай “Беларуская глыбіня ” (не
глыбінка!) – пра людзей, пра лёс Беларусі. Акрамя таго, я рабіў матэрыялы для
незалежнага радыё “Рацыя” і адказваў на лісты ўсіх, хто мяне
падтрымліваў. А прыйшло да мяне за гэты час дзве з паловай тысячы лістоў.
– Чаму вас вызвалілі не а 10 раніцы, як планавалася, а
ноччу?
– А 3 гадзіне 45
хвілін мяне паднялі з ложка, далі 20 хвілін на зборы і адвезлі на бліжэйшы
вакзал. Там я атрымаў ад міліцыянтаў пашпарт, пасведчанне аб вызваленні, білет, і
цягніком “Берасце -Масква ” адправіўся ў Мінск.
Да мяне ў Куплін ехалі маці і сябры, але мяне там ужо
не было. А ў Менску на вакзале былі затрыманыя журналісты, якія прыехалі да
прыходу майго цягніка. Я думаю, што камусьці вельмі хацелася сарваць сустрэчу.
– Пасля вашага вызвалення за кратамі застаюцца яшчэ 9
палітвязняў. Што павінна зрабіць беларускае грамадства для іх вызвалення, чым
можа дапамагчы Захад, ці будуць дзейснымі маштабныя эканамічныя санкцыі?
– Я лічу, што не варта абавязваць Еўропу адказваць за
лёсы беларускіх палітвязняў. Адказныя за тое, што ў краіне ёсць палітвязні, і
што намі кіруе Лукашэнка, мы – беларусы. Калі ціск на рэжым быў бы ў самой краіне, то і
Еўрасаюзу было б лягчэй вызначацца з дапамогай. У тым ліку, і ў пытанні з
вызваленнем палітычных закладнікаў.
Для мяне гэта адна з галоўных задач – дапамагчы тым, хто застаецца ў зняволенні па палітычных матывах –
Мікалаю Статкевічу, Алесю Бяляцкаму, Мікалаю Аўтуховічу і іншым. Патрэбен
марафон дапамогі, інтэрнэт-ініцыятывы, пікеты, акцыі салідарнасці з адной мэтай
– неадкладнай волі.
Пры гэтым мая пазіцыя – не перакладаць адказнасць за
дзеянні рэжыму на народ. Я падтрымліваю адрасныя санкцыі для адказных за
рэпрэсіі, але супраць эканамічных санкцый для ўсёй краіны.
– У 2015 годзе ў Беларусі адбудзецца чарговая
прэзідэнцкая кампанія. Якіх памылак на ваш погляд павінна пазбегнуць апазіцыя
пасля снежня 2010 года?
– Думаю, што снежаньскія ўрокі павінны стаць
прышчэпкай ад паходу на выбары раз’яднанымі калонамі. Патрэбна адзіная
стратэгія, адзіная каманда і адзіны кандыдат. Падзеі 2010 года выявілі, што
мала тысяч пратэстуючых на плошчы. Трэба вызначыцца, што рабіць усім разам, але
на гэта тады не хапіла духу.
Апазіцыі ж варта ўсвядоміць, што перастановак ў
вышэйшым кіраўніцтве недастаткова для сапраўдных пераменаў. Таму што ў глыбокім
маральным крызісе знаходзіцца ўсё беларускае грамадства, якое закрывае вочы на агіднасці, якія робяцца ў краіне, і не
лічыць патрэбным называць чорнае чорным.
– Чым вы плануеце займацца?
– Планаў шмат. Заўтра збіраюся выступіць на з’ездзе
маладых хрысціянскіх дэмакратаў у Мінску. У БХД я адказваў за працу ў рэгіёнах,
таму буду шмат ездзіць па краіне. І, безумоўна, займацца лёсам беларускіх
палітвязняў. Ёсць і асабістыя планы – падрыхтаваць да друку кнігу з 85 эсэ
“Беларуская глыбіня”. Хачу дапісаць раман, чарнавік якога ўжо гатовы.
Што тычыцца ўдзелу ў
выбарах, то я не магу вылучаць сваю кандыдатуру, таму што два наступныя гады ў
мяне захаваецца судзімасць, і я буду знаходзіцца на прафілактычным ўліку ў
міліцыі.