Павел Севярынец: На плошчы беларускага горада павінен стаяць храм, а не Ленін

06 кастрычніка 2014 13:31  |  Палітыка

Помнікі Леніну паступова знікаюць з цэнтральных плошчаў
гарадоў Беларусі. Як кажуць, “без шуму і пылу»: горад рыхтуюць да чарговых
«Дажынак», помнік адпраўляецца на рэстаўрацыю і ўжо не вяртаецца на абжытае
месца. Украіна пазбаўляецца ад сваіх Ільічоў, як правіла, дэманстратыўна:
раз’юшаны натоўп скідае ранейшага правадыра з пастамента і расцягвае на
сувеніры.

 

Пра тое, што трэба рабіць з помнікамі камуністычнай эпохі,
чым можна замяніць Леніна на гарадской плошчы і чаму яму там не месца, «Журнал»
пагаварыў з сустаршынём аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская
хрысціянская дэмакратыя» Паўлам Севярынцам.

 

– Як вы ставіцеся да разбурэння помнікаў Леніну, якое ў
апошні час адбываецца ва Ўкраіне?

 

– Асабіста я «за» ўсёй душой. На мой погляд, гэта сведчанне
таго, што ідэалогія Леніна, ідэалогія нават не камуністычная, а ваяўнічага
матэрыялізму, зараз руйнуецца. Я як чалавек веруючы і прынцыповы антыкамуніст,
магу гэта толькі вітаць. Можна спрачацца аб мастацкай каштоўнасці тых ці іншых
помнікаў. І, магчыма, іх варта не валіць пасярод плошчы, а проста здымаць,
везці ў нейкі музей, скажам, як зрабілі гэта літоўцы. Але з іншага боку, я не
стаў бы асуджаць і тых, хто перакульвае іх трасамі прама на плошчы. Мне
здаецца, у людзей проста накіпела, і новае пакаленне, якое не хоча жыць у
камунізме, дае такім чынам гістарычную ацэнку камунізму і гэтых помнікаў. Таму
скажу так: я падтрымліваю. Рабіў бы гэта я сам? Можа быць, сам трос бы і не
накідваў, але не асуджаю нікога, хто гэта рабіў.

 

– У грамадстве няма згоды з нагоды разбурэння помнікаў.
Затое ёсць закон, які рэгламентуе іх ўстаноўку і знос. І раз Украіна абвясціла,
што бярэ курс на еўрапейскасць, ці не дыскрэдытуе яна сябе падобным парушэннем
працэдур?

 

– Не думаю. Ва Украіне з яе казацкім менталітэтам пастаянна адбываюцца
некаторыя эмацыйныя рэчы. Бойкі ў парламенце, напрыклад, не з’яўляюцца
еўрапейскай нормай, ды і засоўванне карупцыянераў у смеццевы бак таксама не
адбываецца па законе. Але з іншага боку, краіна выходзіць з камуністычнага
мінулага, выходзіць з вайной, крывёю, Майданам, з боем. І разбураныя помнікі
Леніну – гэта, па вялікім рахунку, пыл гэтых тэктанічных зрухаў, што пры такой
грандыёзнай трансфармацыі краіны проста непазбежна. Ды і нельга лічыць, што
цяпер ва Украіне стоадсоткава еўрапейская ўлада, якая паступае няправільна.
Зараз адбываецца толькі станаўленне ўлады.

 

– Зразумела, што да асобы Леніна вы ставіцеся негатыўна, але
як жа сам факт зносу помнікаў?

 

– Калі адбываецца знос помніка Гітлеру або Садаму Хусэйну,
то ў маім сэрцы гэта выклікае радасць. Чарговы ідал, чарговы кумір атрымаў па
заслугах. Як вернік, я не лічу ідалапаклонства правільным. Помнік Леніну,
Сталіну або Гітлеру для мяне асабіста – адно і тое ж. Ленін асабіста аддаваў
загады расстрэльваць, ён з’яўляецца аўтарам ідэалогіі, якая загубіла дзесяткі
мільёнаў людзей толькі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, ужо не кажучы пра
іншых ахвяраў. Таму, вядома, ніякай спагады ў мяне гэтыя помнікі не выклікаюць.
Праўда, я думаю, што ў Беларусі гэта будзе крыху па-іншаму: тут будзе татальны
дэмантаж. І калі рашэнне будзе залежаць ад мяне, то я за тое, каб звезці іх у
адно месца, а потым вадзіць і паказваць: вось гэта ашмянскі Ленін, гэта
горацкі, а гэта яшчэ нейкі. Можа быць, без такога разбурэння, як ва Ўкраіне,
але з плошчаў беларускіх гарадоў Ленін павінен быць вывезены.

 

– А што ж паставіць на вызваленае месца?

 

– На плошчы беларускага горада, як і любога еўрапейскага,
павінен стаяць храм. Сэрца горада, на мой погляд, – гэта царква або касцёл.
Хрысціянскія святыні стаяць у цэнтры любога еўрапейскага горада. А помнікаў
Леніну там няма.

 

– Паваленню помнікаў Леніну многія адкрыта рады. А калі
такія ж персанажы абліваюць фарбай, скажам, габрэйскія помнікі, сінагогі?

 

– Гэта абсалютна іншая тэма. Габрэйскія помнікі або сінагогі
раўняць з помнікам Леніну прынцыпова нельга. Помнікі, якія пастаўлены людзям
той ці іншай нацыянальнасці і не з’яўляюцца паказчыкамі глыбокай пашаны культу
– гэта проста чалавечая памяць. А што за чалавечая памяць пра Леніна можа быць,
напрыклад, у горадзе Талачыне, дзе ён не бываў ніколі ў жыцці? Гэта проста знак
культу дамінавання Расійскай імперыі. Не месца яму там. Яму месца ў музеі
таталітарнага мінулага.

 

– Ва Украіне справа толькі помнікамі не абмяжуецца, зараз
ідзе барацьба за забарону некаторых палітычных партый, у прыватнасці, КПУ …

 

– Я выступаю за забарону Камуністычнай партыі Украіны і
забарона Камуністычнай партыі Беларусі. Абсалютна сумленна і адкрыта пра гэта
кажу.

 

– А як гэта суадносіцца з правам людзей на свабоду
асацыяцыяў?

 

– Калі ў мяне спытаюць, як я стаўлюся да рэгістрацыі партыі
нацыстаў, фашысцкай партыі – я, вядома, буду супраць.

 

– Але фашысцкая ідэалогія забароненая пасля Нюрнбергскага
працэсу.

 

– А колькі мінула працэсаў па ахвярам камунізму! І яны, на
мой погляд, былі больш прадстаўнічымі. Бо на Нюрнбергскім працэсе з аднаго боку
былі краіны-пераможцы, а з другога – савецкі рэжым, і на той момант гэта быў
пэўны гістарычны кансэнсус. Думаю, гістарычна камуністычная ідэалогія ўжо
асуджаная хаця б тым, што разваліўся Савецкі Саюз, паваліліся ўсе камуністычныя
сістэмы. Гісторыя свой ​​прысуд ужо вынесла. Мне здаецца, што беларусам варта
яшчэ крыху пачакаць, і ў нас будзе тое ж самае, што і ва Ўкраіне. І дзякуй
Богу.

 

– Вы асабіста і арганізацыя, якую вы прадстаўляеце,
неаднаразова заяўлялі, што выступаеце супраць камуністычнай ідэалогіі. Не
думаеце, што немалая колькасць беларускіх выбаршчыкаў можа не падтрымаць вас,
баючыся, што барацьба з ёй пойдзе па ўкраінскім сцэнары?

 

– Наконт выбаршчыкаў мы абсалютна не перажываем. Усё больш і
больш людзей і ва Украіне, і ў Беларусі выносяць сваю ацэнку гэтай ідэалогіі.
Што тычыцца той жа КПУ, то яна, па дадзеных апытанняў, не праходзіць у
Вярхоўную раду. Гэта значыць, там выбаршчыкі ўжо разабраліся. Беларуская
хрысціянская дэмакратыя – партыя антыкамуністычная. Мы не з’яўляемся ненавіснікамі
камуністаў, але лічым, што яны вельмі моцна памыляюцца. Нам іх шкада, і мы
молімся за тое, каб яны пакаяліся. Але ідэалогія, якую нясуць камуністы, – гэта
зло, і мы не можам дапусціць яе распаўсюджвання, як і ў выпадку тэрарызму ці
нацызму. Падобныя абмежаванні павінны быць у любой палітычнай сістэме.

Болей навін