Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)

29 студзеня 2015 20:56  |  Грамадства

Вось ужо больш за
10 гадоў па ўсёй нашай цудоўнай краіне адбываюцца “Шоў беларушчыны” –
нацыянальна арыентаваныя віктарыны, прысьвечаныя культуры, мове, гісторыі
Бацькаўшчыны. На іх школьнікі, студэнты ды іншыя ахвотныя дазнаюцца
разнастайныя цікавосткі, разважаюць пра тое, хто такія ёсьць беларусы, а
таксама, што нас аб’ядноўвае. Як у любой віктарыне, самыя актыўныя ды кемлівыя ўдзельнікі
ўзнагароджваюцца каштоўнымі ды карыснымі дзеля далейшага вывучэньня ды
пазнаньня Краю прызамі.

 

Хачу падзяліцца
ўласным досьведам правядзеньня “Шоў беларушчыны” для дастаткова маленькіх
дзетак, першакляшак, якія толькі-толькі вучацца чытаць і пісаць, аднак ужо
прагнуць ведаць як мага больш, нават зусім разнастайныя ды незьвязаныя паміж
сабой жыцьцёвыя асьпекты.

 

Віктарына, пра якую
вядзецца гаворка, адбывалася ў адным з абласных цэнтраў Беларусі, што дадавала
пэўную разынку, бо менскія навучэнцы збольшага разбэшчаныя разнастайнымі
ранішнікамі ды іншымі падобнымі імпрэзамі, таму ставяцца да ўсіх новых падзеяў
дастаткова спакойна (паводле ўласных назіраньняў ды досьведу аўтара). На “Шоў”
сабралося некалькі дзясяткаў дзетак, усё былі бадзёрыя пасьля дзённага сну ды
досыць актыўнымі, таму трэба было адразу знайсьці тое, што зачэпіць ды
зацікавіць, калі ня ўсіх, то, прынамьсі, актыўную большасьць, якая звычайна кіруе
вэрхалам.

 

Першыя пытаньні
тычыліся краіны, вялікіх гарадоў, рэчак, азёраў, пасьля размаўлялі пра вядомы
птушак і зьвяроў. Дзеля візуальнае зацікаўленасьці былі паказаныя колькі
відэаролікаў, дзе такія ж малышы чыталі вершы, гуляліся, бавіліся, вядома,
па-беларуску. Таксама паказалі знакамітую анімацыйную стужку “Будзьма
беларусамі”, якая выклікала шчырае захапленьне як дзетак, так і прысутных
педагогаў і бацькоў.

 

Кульмінацыяй
імпрэзы сталі пытаньні пра бліжэйшае навакольле: ад шафы, жырандолі, крэсла ды
фіранак да назваў месяцаў, кветак, дэталяў вопраткі, музыкаў, вядомых суайчыньнікаў
ды да таго падобнае. Дзеткі вельмі актыўна ўдзельнічалі, найбольшую цікавосьць
ды захапленьне выклікалі пытаньні пра стравы, смачнасьці, нават апынулася, што
найбольш незвычайнае, што можна зьесьці ў дзядулі з бабуляй у вёсцы – тое
шашлыкі! Таксама было прапанавана прачытаць любімы вершык, на што асьмелілася
толькі адна дзяўчынка, але які там быў верш! “Заяц варыць піва” Ўладзімера
Караткевіча, які цудоўна паклаў на музыку таленавіта Зьміцер Вайцюшкевіч.

 

Напрыканцы
мерапрыемства самыя актыўныя дзеткі атрымалі кніжкі з малюнкамі, а таксама ўсе
ўдзельнікі былі ўзнагароджаныя за ўвагу ды прагу да ведаў паштоўкамі з сэрыі
“Не маўчы па-беларуску”, дзякуючы якім вывучэньне мовы будзе цікавей, займальней
ды прасьцей.

 

Такім чынам, варта
адзначыць, што пры правядзеньні “Шоў беларушчыны” для найбольш маленькі дзетак
самае галоўнае – намацаць тое, што можа мець прывязку да штодзённасьці, да
таго, што часта бачаць дзеткі ці карыстаюцца, а далей у простае гульнявое форме
імкнуцца захапіць ды адкласьці ў памяці тое, што гэта нашая родная мова,
гісторыя, культура, краіна ўрэшце рэшт, а дзеткі самі зробяць належныя ды
слушныя высновы, бо, як вядома, устамі малечы гамоніць ісьціна!

Алесь Мазанік, ды-джэй Адраджэньня

Фотаздымкі Міланы Харытонавай

 

Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)
Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)
Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)
Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)
Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)
Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)
Шоў беларушчыны для самых маленькіх (фота)

Болей навін