Кавалькова: вытворцы алкагольнай прадукцыі апанавалі Мінск сваімі білбордамі

11 чэрвеня 2015 18:39  |  Грамадства

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на
паседжанні 11 чэрвеня прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон Беларусі «Аб
рэкламе». Дакумент накіраваны на папярэджанне распаўсюджвання рэкламы
алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў пад выглядам рэкламы іншых тавараў (работ,
паслуг), арганізацый і грамадзян з мэтай павышэння эфектыўнасці мер па
папярэджанні і пераадоленні п’янства, алкагалізму і тытунекурэння, а таксама
зніжэння ўзроўню спажывання алкаголю і тытуню насельніцтвам, памяншэння
негатыўных наступстваў іх спажывання.

 

Дакумент забараняе рэкламу, падобную
да рэкламы алкагольных напояў, у месцах, дзе рэклама такіх напояў забароненая,
і цалкам забараняе рэкламу, падобную да рэкламы тытунёвых вырабаў. Пад падобнай
разумеецца рэклама, якая ўтрымлівае найменне тавару, арганізацыі, таварны знак
або знак абслугоўвання, малюнак тавару або яго спажывецкай упакоўкі і г.д.,
перадаеБелТА.

 

Абмежаванні не распаўсюджваюцца на
рэкламу арганізацый або грамадзяніна, якая размяшчаецца на вонкавых шыльдах і
паказальніках, бо спажывец павінен быць праінфармаваны, які суб’ект па
адпаведным адрасе размяшчаецца. Гэта адносіцца і да інтэрв’ю аб дзейнасці
арганізацыі, а таксама тычыцца сацыяльнай рэкламы, у якой у прафілактычных
мэтах выкарыстоўваюцца выявы тары, якая нагадвае алкагольную або тытунёвую
спажывецкую тару.

 

Законапраект быў прыняты ў першым
чытанні ў кастрычніку 2014 года.

Каардынатар кампаніі «Абаронім нашых
дзяцей ад алкаголю» аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» Вольга Кавалькова лічыць гэтыя папраўкі адным з вельмі важных
вынікаў кампаніі. Наступным крокам, па яе словах, павінна стаць зацвярджэнне
паправак прэзідэнтам.

 

«У апошні час вытворцы алкагольнай
прадукцыі проста апанавалі Мінск сваімі білбордамі, на ўсіх прыпынках метро
адной з асноўных стала рэклама «Сваяка», «Налібок», «Амбасадора». Пры тым, што
наша краіна співаецца са страшнай хуткасцю і з дапамогай дзяржавы, якая на
заканадаўчым і практычным ўзроўні не рабіла нічога, каб палепшыць сітуацыю.
Толькі шырокі грамадскі ціск са зборам подпісаў і сустрэчамі з чыноўнікамі,
дапамагае нам рухацца да лепшых зменаў у нашай краіне», — адзначыла яна ў
каментары КРЫНІЦА.INFO.

 

Вольга Кавалькова падкрэсліла, што ў
межах кампаніі ёсць яшчэ шэраг прапаноў, распрацаваных з улікам вопыту Нарвегіі
і Швецыі, над прыняццем якіх БХД працягне працаваць, пакуль сітуацыя са
спажываннем алкаголю не пачне паляпшацца.

Болей навін