Медыцынскія гісторыі
Падчас збору подпісаў “За якасную медыцыну ў Віцебску” актывісты БХД просяць падпісантаў распавесці сваю гісторыю адносін з медыцынскімі ўстановамі: добрую ці не вельмі. На жаль, добрых пакуль не пачулі. Вось некаторыя з іх.
Мама, давай пагуляемся ў жырафу, якая ўпала з даху,–Ну, давай, о, я бедная жырафа, я ўпала з даху, хуткая, хуткая, алё! Алё!—Уіў, уіў, уіў, я хуткая, што здарылася?—Я ўпала з даху, дапамажыце…– Вы да смерці забіліся?—Э-э-э…не, толькі косткі паламала, дапамажыце!…—Дык чаго вы тады хуткую выклікаеце? Пешкі ідзіце!—Уіў, уіў, уіў— і з’ехаў..
(гісторыя гульні ў “хуткую” маці з 3,5-гадовым сынам. Маці ў жаху: я яго так не вучала! А дзіцятка гэта ловіць з нашага атручанага паветра).
Частка 1, пра арганізацыю працы медыцынскіх устаноў:
Паліклінікі. Гісторыя медсястры Ірыны Р. (п-ка імя Калініна, хірургічны кабінет), Віцебск
У рэгістратуры працуюць людзі, якія не маюць ды медыцыны аніякага дачынення, у асноўным гэта родныя медычнага начальства. Інструктажу з імі не праводзіцца. Так, напрыклад, у рэгістратуры нават не пытаюцца, чаго чалавек просіць талон на прыём да хірурга. Часцяком бывае, што чалавек прыходзіць з траўмай, тады ён пацыент траўматолага, а не хірурга. Хірург накіроўвае яго менавіта да траўматолага. Але ў рэгістратуры проста пытаюцца, у якім кабінеце быў чалавек апошні раз і зноўку даюць талончык да хірурга. Такім чынам да хірурга не могуць трапіць своечасова людзі з хірургічнымі праблемамі. А ў паліклініцы—адзін хірург, да і той падаў заяву на звальненне пасля таго, як паспрабаваў паскардзіцца на працу рэгістратуры начальству. Віцебскія хірургі ў паліклініках, бывае, прымаюць за гадзіны прыёму больш за 100 чалавек.
Гісторыя Ірыны Фамічовай, якая пражывае ў Віцебску па пр. Будаўнікоў,12, кв.64, прыпісаная да паліклінікі №3, пенсіянерка.
На прыём да эндакрынолага трапляе толькі праз “гарачую лінію”. У яе хворыя ногі, таму хадзіць спачатку па талон, а потым прыходзіць на прыём ёй вельмі цяжка. А датэлефанавацца да рэгістратуры амаль немагчыма, увесь час занята. Зразумела, што “не адзін Гаўрыла ў Полацку”. Але чаму пры такой напрузе не адкрыць яшчэ адну лінію? Мала таго, нават калі ўдаецца запісацца на прыём, дабрацца да паліклінікі, то ў рэгістратуры кажуць, што ў кампутары яе няма, талончык даць немагчыма. Пачынаецца нервовае высвятленне сітуацыі, з-за якой марнуюцца і нервы, і час не толькі спадарыні Ірыны (а хвалявацца ёй ніяк нельга), але і самой рэгістратуры. Тым больш, што эндакрынолага ў паліклініцы няма, ён адзін працуе на некалькі паліклінік, час строга пазначаны: з 17-і да 19-і. Часцяком бывае, што прыём ажыццяўляе не доктар, а медсястра.
Частка 2: адносіны да пацыентаў
Севярынец Канстанцін Паўлавіч, на ўліку ў кардыёлага, эндакрынолага паліклінікі №3 г. Віцебска, пенсіянер
Пашыраны інфаркт атрымаў ў 2008 годзе, развілася цукроўка, але інваліднасць не далі, маўляў, прафесія журналіста не патрабуе фізічных намаганняў. Кожны дзень на леках. Час ад часу трэба праходзіць абследванні. 13.08.2015, узяўшы напярэдадні талончык да участковага тэрапеўта Румянцавай Н.Р, папрасіў блізка да часу прыёму даць талон і на флюараграфію. Але ў рэгістратуры сказалі, што зараз на флюараграфію чэргаў няма, і, хаця талончык на 17-20, ён зможа туды трапіць пасля наведвання тэрапеўта, да якога час быў прызначаны значна раней.
Чаргі ў флюараграфічны кабінет сапраўды не было. У кабінеце—2 кабеты ў белых халатах.
Вы чаго прыйшлі, у вас час на …?
Дык нікога ж няма.
І што? Прыходзьце пазней, на прызначаны час.
Я быў у тэрапеўта, прасіў талон да вас на блізкі час…
Прымаць не буду, Не хапала мне лішку радыяцыі! Пакіньце кабінет!
Скардзіцца Канстанцін Паўлавіч не любіць, але як уявіў, што па такой спякоце валачыцца зноўку сюды, ледзь не стала дрэнна. Пасунуўся на трэці паверх да доктаркі. Толькі пасля тэлефанавання і ўгаворвання тэрапеўтам прыняць сардэчніка флюараграфія была зроблена. Дадому вярнуўся без настрою, абураны і пакрыўджаны.
Іконнікаў Сяргей Усеваладавіч, пражывае па адрасе вул. П.Броўкі,7-3-34, Віцебск, “чарнобылец”. Быў выкліканы ў паліклініку №8, што на Лакаматыўнай, каб прайсці медкамісію. Участковы доктар Іванова Л.І. вельмі ўважліва агледзела і выслухала, накіравала на флюараграфію. Сяргей Усеваладавіч ведае, што як інвалід-чанобылец павінен прайсці без чаргі, пра што сведчыла і паведамленне побач з кабінетам. У чарзе чалавек 20. Ніхто не пярэчыў. Ёсць у чалавека права без чаргі трапіць да доктара значыць ёсць. Але ў кабінеце флараграфіі доктарка, адмахнуўшыся ад тлумачэнняў, проста выгнала за дзверы: па чарзе!
Крыўдна, канешне. Калі адпраўлялі ў Чарнобыль, ніякай чаргі туды ехаць не было… Страшна было, але калі трэба, то трэба, бяда ж агульная!
Наталля Бондар (з каментароў на Фэйсбуку-месца здарэння невядомае, але ў Беларусі):
Маёй матулі было ўжо за 70, падняўся ціск. Патэлефанавала ў хуткую, мяне спыталі, колькі маме гадоў. Пачуўшы, што за 70, сказалі: Ну што вы хочаце? Не, не паедзем! У нас указанне негалоснае: па гіпертаніі да старых машыны не ганяць. Няхай прыходзіць на прыём да ўчастковага.
Мы, ініцыятары і ўдзельнікі кампаніі “За якасную медыцыну”, вельмі хочам, каб ва ўстановах, прызначаных ахоўваць здароўе і жыццё жыхароў Беларусі, не было б такіх непрыгожых і небяспечных гісторый. Большасць медыкаў самаахвярна і адказна ставяцца да сваёй працы, любяць яе, нягледзячы ні на малыя заробкі, ні на папяровае засілле. Тым не менш падобныя здарэнні павінны быць звонам, што не ўсё так добра ў “дацкім каралеўстве”…
Рэгістратуры—месца, дзе ажыццяўляецца лагістыка працы медыцынскай установы, ад яе залежыць, колькі часу правядзе пацыент у чарзе, яго настрой і таксама здароўе. Арганізацыя працы рэгістратур – таксама паказнік працы і адказнасці медыцынскіх чыноўнікаў. Напрыклад, у жаночай кансультацыі №1, што на праспекце Чарняхоўскага ў Віцебску, існуе практыка запісу дзень-на дзень. Чаргу, каб патрапіць да доктара, трэба займаць як мага раней, стоячы на вуліцы ў розную пару года. Інакш, прыйшоўшы а 7-й раніцы, калі ўжо пачынае працаваць рэгістратура, можна да доктара і не патрапіць—талончыкі ўжо скончыліся. Выкручвайся як хочаш…