Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!

27.02.2017, 14:27  |  Блог Таццяны Севярынец, Палітыка

Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!
На плошчу Перамогі мы з сяброўкай трапілі каля 12-00. Не было чаканых металічных варот-шукальнікаў, агароджы. Каля сцэны ў цэнтры плошчы купка людзей, нешта нехта спяваў са сцэны - масленіцу гарадскія ўлады абвясцілі на плошчы, думалі такім чынам зладзіць перашкоду намерам тых, хто вырашыў гучнагалосна заявіць аб сваёй чалавечай годнасці.

На другім баку каля помнікаў - купка людзей, углядаюся ў твары - незнаёмыя. Чаго стаяць? Шпацыруем да штыкоў. Там некалькі чалавек. Таксама незнаёмыя. Павярнулі - і плошчу не пазналі: імкліва прыбывалі людзі з усіх бакоў, ужо нехта нешта пачаў прамаўляць, натоўп пашыраўся. У цэнтры - прыгожая жанчына з гарачымі яснымі вачыма. Людзі слухаюць, апладзіруюць. Кажа яна проста і зразумела, але вельмі пераканана. Шмат камер і мікрафонаў. Час ад часу Святлана, як яе назвалі справядліва, віцебская Жана Д’арк, глядзіць наўпрост у якую камеру і звяртаецца: “Лукашэнка, сыходзь! Ужо такога нарабіў, што жыць немагчыма!”

Праціскаюся бліжэй, бяру слова, дэманструю людзям, як важныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі, якія гарантуюць правы і свабоды, сталі пустымі паперкамі (Я іх перапісала ў нататнік, кожны, на асобны аркушык, зачытвала. Людзі пагаджаліся, што ніводны з іх уладай не выконваецца, а указ №3 увогуле пярэчыць артыкулу 41-му). Аркушыкі ўзляталі птушкамі, планіравалі ў натоўп.

“Дайце сказаць, дайце сказаць!” - ахвотных было шмат. Людзі выказвалі сваё расчараванне ўладай, жыццём. Жанчына побач слаба гукнула: “У Расею!” Ад майго позірку стушавалася, заспяшалася схавацца.

Каб пабачыць, колькі ж людзей сабралася, выбраліся з натоўпу, размаўляючы па дарозе са знаёмымі. Людцы мае! Вось гэта Віцебск!!! Па ўсёй шырокай плошчы, на прыступках, на пастаментах - ЛЮДЗІ! Ужо залуналі бел-чырвона-белыя сцягі, чуюцца заклікі і лозунгі, якія падхоплівае натоўп. У розных месцах збіраюцца подпісы супраць Указу, мы іх зараней падрыхтавалі, а зборшчыкамі былі простыя людзі. Супер! Гэта таксама тое, чаго я даўно чакала ад жыхароў, заклікаючы прачнуцца ды выйсці з кухань.

Пакуль перамаўляліся са знаёмымі, арганізавалася калона, якая рушыла маршам па галоўнай вуліцы горада. Паглядзець на рух ЛЮДЗЕЙ выбягалі з крамак службоўцы, на балконах па ўсёй хадзе жыхары з фоцікамі, машыны сігналяць. Наперадзе – моладзь са сцягамі, скандуюць “Жыве Беларусь!”. Людская рака перасякае перакрыжаванні, рэгуліроўшчыкі спыняюць машыны, даючы магчымасць плыні рухацца.

На прыступках філармоніі ўжо пачаўся новы мітынг. А людзей ўсё прыбывае. … За апошня 20 гадоў Віцебск падобнага не бачыў.

Галава лёгкая ад эйфарыі. Людзі, я вас люблю!!!

На жаль, не знайшлося ў Віцебску мегафону. Тое, што кажуць прамоўцы, ужо за трэцім шэрагам не чуваць. Але людзі пагаджаюцца, што сплачваць падатак дармаедам ад улады не трэба, а саму ўладу трэба мяняць…

Наступны раз збяруцца на Дзень Волі, у тым жа месцы, у той жа час: пл. Перамогі, 12-00.

Шаноўныя жыхары Віцебска, вы супер!

А зараз звяртаюся да тых, хто мог бы забяспечыць мітынгі мегафонам, нават дзвюма, на ўсякі выпадак. Тэлефон для сувязі:+375295977049

Дзякую ўсім, хто падтрымаў мяне, пакуль я сядзела ў Кастрычніцкім РАУСе: простым людзям, журналістам розных СМІ, праваабаронцу Паўлу Левінаву.

Магчыма, да кагосьці ці за кімсьці таксама прыедуць і павязуць складаць пратакол па арт. 23.34 . Паведамляйце, падтрымаем! +375295977049

Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!
Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!
Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!
Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!
Таццяна Севярынец. Віцебск, ты супер!

Навіны па тэме