Павел Севярынец: сённяшні рэжым баіцца нават слова “Воля” (фота)

01 красавіка 2017 18:04  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: сённяшні рэжым баіцца нават слова “Воля” (фота)

Масавы разгон 25 сакавіка кажа пра тое, што сённяшняя незаконная, нелегітымная ўлада баіцца мірнага чалавека, які з усмешкай і кветкамі выходзіць адзначыць Дзень Волі. Пра гэта ў сваім відэазвароце заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які быў асуджаны 31 сакавіка на 10 сутак. “Сённяшні рэжым баіцца нават слова “Воля””, – падкрэсліў ён.

Палітык нагадаў, што падобныя рэакцыі ўжо былі на мірныя акцыі ў 2010 годзе, калі людзі пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў, і ў 2011-м, калі былі абураныя эканамічным крызісам”.

“Гэтая жорсткасць рэжыму была матываваная практычна нічым, акрамя страху”, – адзначыў ён, нагадаўшы, што масавае ілжэсведчанне міліцыянтаў у судах – гэта смяротны грэх. Павел Севярынец таксама падкрэсліў, што і суддзі “ўсё цудоўна ведалі”, бо было вельмі шмат відэа з акцыі, якія абвяргалі словы міліцыянтаў.

“Гэта вялікі выклік усяму беларускаму народу. Калі ў масавым парадку адбываецца вал такога смяротнага грэху, гэта нагода нам усім задумацца, дзе мы жывем. Нагода нам усім маліцца і за ахвяраў, і за катаў. Гэта нагода нам усім правесці мяжу паміж дабром і злом. 25 сакавіка – гэта мяжа паміж людзьмі ў форме, і тымі, хто прыйшоў святкаваць Дзень Волі”, – дадаў сустаршыня БХД.

На яго думку, разгон акцыі 25 сакавіка быў “карнай аперацыяй супраць уласнага народу”. “Мэтай гэтай аперацыі было не даць людзям сабрацца, запалохаць людзей, каб людзі не смелі пратэставаць супраць правальнай эканамічнай палітыкі ўладаў і супраць уціску і прыгнёту, які ажыццяўляецца дагэтуль у Беларусі”, – дадаў Павел Севярынец.

Разам з тым, паводле яго, людзі не спалохаліся, бо і на наступны дзень выходзілі пратэставаць студэнты, людзі казалі пра адсутнасць страху ў сацсетках. “І гэта адрознівае 25 сакавіка 2017 года ад мінулых разгонаў. Акрамя таго, нікуды не дзеліся прычыны, па якіх людзі выйшлі на Дзень Волі: нікуды не дзеліся правальная эканамічная сітуацыя, нікуды не дзеўся прыгнёт”, – мяркуе ён.

Палітык таксама заклікаў да масавай салідарнасці з затрыманымі і малітвы за іх. “Вынікам масавых мітынгаў, вынікам масавага гвалту з боку рэжыму павінна стаць наша масавая салідарнасць. Толькі калі мы будзем адказваць на гвалт салідарнасцю. Мы зможам перамагчы. Верым! Можам! Пераможам!” – заклікаў сустаршыня БХД.

Цалкам зварот глядзіце на відэа:

Болей навін