Вызначаныя лозунгі, пад якімі пройдзе «Чарнобыльскі шлях-2017»

12.04.2017, 10:32  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Вызначаныя лозунгі, пад якімі пройдзе «Чарнобыльскі шлях-2017»

 

Традыцыйную акцыю «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка плануецца правесці пад лозунгамі «Астравец - другі Чарнобыль!» і «Не Чарнобылю сацыяльнаму і палітычнаму!». Такое рашэнне прынята 11 красавіка на пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні акцыі, піша БелаПАН.

У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай структуры - "Моладзь БНФ", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі "Зялёныя", аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», а таксама рухаў «За Свабоду» і «Разам».

3 красавіка ў Менгарвыканкам была пададзена заяўка на правядзенне вулічнага мерапрыемства 26 красавіка - у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўнікі просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор.

На пасяджэнні аргкамітэта быў зацверджаны праект рэзалюцыі, якую плануецца прыняць 26 красавіка. У ім утрымліваецца патрабаванне да ўладаў "неадкладна спыніць" будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, а таксама правесці кансультацыі аб мэтазгоднасці ўвядзення мараторыя на будаўніцтва АЭС у Беларусі і абмеркаваць з грамадствам стратэгію «ўстойлівага бяз'ядзернага развіцця Беларусі».

У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаванне спыніць засваенне чарнобыльскіх зямель і прамысловую вытворчасць прадуктаў харчавання на іх, а таксама вярнуць праграмы сацыяльнай абароны ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ўсім, хто пацярпеў у выніку катастрофы.

Аўтары рэзалюцыі таксама прапаноўваюць запатрабаваць ад уладаў «спыніць сацыяльнае і палітычнае напружанне ў краіне», адмяніўшы дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», і стварыць «пляцоўку для раўнапраўнага дыялога з грамадствам».

Навіны па тэме