Праграма БХД. Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт

21.04.2017, 08:55  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Праграма БХД. Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт

 

3.5.1. Навука для нас – гэта спосаб даследавання і спазнання свету, створанага Богам. Мэтай гэтага спосабу ёсць не столькі выяўленне матэрыяльных магчымасцей і не змяненне закладзеных Творцам у чалавека законаў жыцця – а найперш агульнае дабро.

3.5.2. Мы памятаем, што Беларусь дала свету геніяльных навукоўцаў – даследчыкаў Азіі і Амерыкі: Мікалая Пржавальскага, Яна Чэрскага, Ігната Дамейку, Язэпа Гашкевіча; палеагеографа Гаўрыла Гарэцкага, заснавальніка глебазнаўства Васіля Дакучаева, вынаходніка ракетаў Казіміра Семяновіча і стваральніка звышгукавых рэактыўных самалетаў Паўла Сухога, вядучых канструктараў амерыканскай астранаўтыкі Барыса Кіта і савецкай касманаўтыкі Сямёна Косбэрга, прабацьку радыё Якуба Наркевіча-Ёдку і патрыярха кібернэтыкі Аляксандра Маліноўскага, нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне хіміі Ілью Прыгожына і фізікі Жарэса Алфёрава, заснавальніка сучаснай медыяіндустрыі Давіда Сарнова, многіх іншых – і згадваем, што большасць з іх сумяшчала адданасць навуцы з верай у Бога.

3.5.3. Навука ў сучасным свеце робіцца галоўнай вытворчай сілай грамадства. Мы ганарымся тым, што Беларусь дала чалавецтву столькі вынаходнікаў і навуковых адкрыццяў. Беларусь імкнецца заняць месца сярод навукаёмістых і тэхналагічных эканомік свету, таму развіццё навуковых даследаванняў, выкарыстанне навуковых распрацовак у вытворчасці з’яўляецца для нас важнай задачай. Гэта патрабуе перагледзець сістэму фінансавання навукі. БХД выступае за стварэнне дзяржаўных фондаў для фінансавання навуковых даследаванняў, якія будуць размяркоўваць бюджэтныя сродкі і вылучаць гранты на правядзенне навуковых даследаванняў. Дзяржава мусіць звяртаць увагу і аказваць падтрымку ўсім навукам – і прыродазнаўчым, і тэхнічным, і сацыяльным, і гуманітарным.

3.5.4. Неабходна аднавіць самакіраванне Нацыянальнай Акадэміі навук. БХД лічыць неабходным стварыць асобнае Міністэрства навукі і тэхналогіяў, якое будзе займацца выпрацоўкай і ажыццяўленнем дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі і развіцця навукі, садзеяннем развіццю навукі і навуковага патэнцыялу, інфраструктуры і чалавечага рэсурса навукі, паглыбленнем сувязяў з сусветнымі ўстановамі навукі. Навуковыя даследаванні мэтазгодна перавесці з НДІ ва ўніверсітэты.

3.5.5. У кантэксце сацыяльнай адказнасці бізнэсу будзе вітацца актыўны ўдзел у падтрымцы навукі прыватнага капіталу, стварэнне прыватных фондаў і мецэнацтва. БХД з’яўляецца прыхільніцай глыбокай міжнароднай кааперацыі ў навуцы і даследаваннях.

3.5.6. Для паўнавартаснага развіцця навукі неабходна вярнуць навуковай працы прэстыж і павагу ў беларускім грамадстве, забяспечыць высокія заробкі навуковым супрацоўнікам на ўзроўні сярэднееўрапейскіх.

З праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай 13 чэрвеня 2015 года

 

#100гадоўБХД

Навіны па тэме