Павел Севярынец: Хлопцаў трэба прызнаваць палітвязнямі

02.06.2017, 08:33  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Павел Севярынец: Хлопцаў трэба прызнаваць палітвязнямі

 

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец патлумачыў, чаму ўсіх фігурантаў "справы патрыётаў” як мага хутчэй трэба прызнаць палітвязнямі.

 

Павел Севярынец: Праваабаронцам варта было б прызнаць хлопцаў палітвязнямі адразу, як толькі стала зразумелым, што гэта за справа. Мы ж бачылі прапагандысцкі фільм, у якім не было нічога акрамя хлусні. І такія ж самыя фільмы бачылі ў 2008-м годзе, у 2010-м, у 2011-м і далей. Сёння ў тых праваабаронцаў, якія фігурантаў справы ўжо прызналі палітвязнямі, пытанняў няма. Для тых, хто не прызнаў, на мой погляд, з кожным днём сітуацыя становіцца ўсё больш яснай. З’яўляецца інфармацыя, што хлопцаў катуюць, людзей выпускаюць на волю, а значыцца дэ-факта прызнана іх невінаватасць. Таму мне здаецца, што прызнанне іх палітвязнямі – справа часу. І калі ў некаторых праваабаронцаў маюцца юрыдычныя праблемы для такога прызнання, то можна было б сказаць, што дэ-факта – гэта палітвязні, а дэ-юрэ мы можам прызнаць іх пасля суда. Гэта, як мне падаецца, быў бы выхад для тых, хто трымаецца нейкіх інструкцый ці ўнутраных дакументаў, прынятых наконт палітвязняў.

РР: Чаму фігурантаў справы трэба прызнаць палітычнымі зняволенымі як мага раней?

Павел Севярынец: Таму што гэта паставіць сітуацыю ў новую якасць. Справа ў тым,, што тады еўрапейцы пачнуць проста задаваць пытанні наконт справы ўладзе. А зараз яны не задаюць, чакаюць выніку суда, хаця гэты суд можа адбыцца і праз паўгода, і праз год, і праз паўтара. У нас вядомыя выпадкі, калі людзі гадамі сядзяць у следчым ізалятары. На жаль, гэта зараз і выкарыстоўваецца. Людзі сталі фактычна закладнікамі, і гэтую тэму прадаюць Расеі. Вось, маўляў, паглядзіце, колькі мы налавілі беларускіх патрыётаў, а за гэта дайце нам крэдыт. Таму, натуральна, грамадскасць мусіць прымаць нейкія меры. Хтосьці няхай дасылае лісты, нехта моліцца альбо ладзіць акцыі салідарнасці. А ў праваабаронцаў няма іншага выйсця, як толькі прызнаваць хлопцаў палітвязнямі. Для гэтага, на мой погляд, зусім не абавязкова чакаць суда.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Навіны па тэме