Праграма БХД. Народная падтрымка эканамічнай палітыкі і макраэканамічныя мэты

12.10.2017, 12:45  |  Навіны » Эканоміка

Праграма БХД. Народная падтрымка эканамічнай палітыкі і макраэканамічныя мэты

 

9.9.1. Дзяржаўная эканамічная палітыка павінна быць зразумелай грамадзянам, паслядоўнай, адкрытай і сумленнай. Палітыкі павінны пераканаць людзей у яе правільнасці. Яна павінна быць тактычна правільна выбудавана, гэта значыцца арыентавацца не толькі на доўгатэрміновы, канчатковы вынік, але і дэманстраваць сваю пераканаўчасць і эфектыўнасць у разумныя, з пункту гледжання чакання насельніцтва, тэрміны.

9.9.2. У макраэканамічнай палітыцы БХД бачыць дасягненне чатырох узаемазвязаных мэт без абсалютызацыі якой-небудзь з іх:

-Устойлівыя тэмпы эканамічнага росту. Высокія тэмпы росту рэальнага ВУП на душу насельніцтва не павінны станавіцца дамінуючай мэтай, а быць натуральным вынікам працы эканомікі і эканамічнай палітыкі.

-Дасягненне высокай занятасці: беспрацоўе не павінна перавышаць натуральнага ўзроўню. Пры гэтым павінна быць зведзена да мінімуму схаванае беспрацоўе і забяспечана годная сацыяльная абарона беспрацоўных.

-Стабільная пакупная здольнасць грошай. Гадавая інфляцыя не павінна перавышаць ўзроўню ў 3%. Гэта асабліва важна для Беларусі, якая больш за дваццаць гадоў пакутуе ад высокай інфляцыі.

-Раўнавага знешняга гандлю. Дасягненне дадатнага сальда гандлёвага баланса ў памеры 1-2%.

9.9.3. Нашай галоўнай мэтай з’яўляецца фармаванне ўстойлівага даверу да эканомікі Беларусі. Дзяржава павінна гарантаваць абарону інтарэсаў прыватных і карпаратыўных інвестараў, перш за ўсё ад свавольства кантралюючых органаў, бюракратыі і карупцыі.

 

9.9.4. Фіскальная палітыка дзяржавы павінна грунтавацца на павазе да падаткаплацельшчыкаў, што павінна выяўляцца ў простых, празрыстых і зразумелых формах выплат падаткаў і збораў. Колькасць падаткаў павінна быць зведзена да мінімуму пры максімальнай прастаце і празрыстасці. Істотныя змены ў падатковым заканадаўстве павінны ўступаць у сілу не раней, чым праз каляндарны год пасля іх заканадаўчага прыняцця.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Навіны па тэме