Садоўскі абвяргае апублікаваныя ў “СБ” звесткі пра яго размову

15 студзеня 2011 23:14  |  Навіны

Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі мае намер звярнуцца з заявай у суд і пракуратуру ў сувязі з фактамі, выкладзенымі ў матэрыяле «За кулісамі адной змовы».
Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю БелаПАН.

Нагадаем, матэрыял апублікаваны сёння 15 студзеня ў газеце «Советская Белоруссия». У ім, у прыватнасці, надрукаваны быццам бы фрагмент тэлефоннай размовы Садоўскага з гомельскім актывістам БХД Кастусём Жукоўскім.

У скандальным артыкуле сцвярджаецца (цытата на мове арыгінала):

«Из оперативных материалов. Фрагмент телефонного разговора Д.Садовского, сопредседателя БХД, активиста штаба экс-кандидата В.Рымашевского, с гомельским сторонником БХД К.Жуковским (20.12.2010 г. — 1:03:40).

С.: Слушаю.

Ж.: Как вы там? Все нормально с вами?

С.: Ничего тут нормального нет. Ужас какой-то…

Ж.: Вы мне скажите одно. Кто ломает двери? Это были провокаторы, что ли?

С.: Нет, Кастусь, к сожалению, это не были провокаторы.

Ж.: А если бы мы не ломали, а палатки поставили, было бы все иначе, да? Или все равно гнали бы?

С.: Я уже не знаю. Думаю, что было бы иначе».

Як заявіў Садоўскі, «такой размовы не было». «Так, Жукоўскі мне некалькі разоў тэлефанаваў, але фразы «гэта не былі правакатары», я не прамаўляў — гэта дакладна. Я казаў Жукоўскаму, што не магу разабрацца ў тым, хто ламае дзверы ў Дом ўрада. І толькі», — сказаў Садоўскі.

Пры гэтым ён адзначыў, што не з’яўляецца сустаршынём аргкамітэта па стварэнні БХД, як пра гэта паведамляецца ў публікацыі. «Сустаршыняў у нас чатыры: Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Георгі Дзмітрук і Аляксей Шэін. Зблытаць мяне з кімсьці з іх немагчыма ні па імені, ні па прозвішчы», — заявіў Садоўскі.

Ён паведаміў, што пасля кансультацыі з юрыстамі мае намер падаць пазоў у суд аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, а таксама звярнуцца ў пракуратуру з патрабаваннем даведацца, на якой падставе рабілася праслухоўванне яго тэлефонных перамоваў. Пры гэтым, на думку Садоўскага, праслухоўванне не магло рабіцца ў межах крымінальнай справы па факце масавых беспарадкаў у Менску, паколькі гэтая справа была ўзбуджаная пазней за размову.

«Я не веру ў тое, што пракуратура і суд правядуць аб’ектыўнае расследаванне. Але для фіксацыі супрацьзаконных дзеянняў я маю намер звярнуцца ў гэтыя органы», — сказаў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД.

Нагадаем, другі ўдзельнік размовы, пра якую згадваецца ў артыкуле “СБ”, гомельскі актывіст БХД Кастусь Жукоўскі зараз не можа пракаментаваць яе, паколькі  арыштаваны на 8 сутак за відэаздымкі ля гомельскага ўпраўлення КДБ і “няправільнае меркаванне” пра гісторыю КДБ, якое суд расцаніў як лаянку. У зняволенні Жукоўскі трымае галадоўку пратэсту.

Болей навін