Прэзентацыя кнігі Ніны Стужынскай «Беларусь мяцежная»

18.02.2011, 14:41  |  Навіны, Культура

Сёньня адбудзецца прэзэнтацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Ніны Стужынскай "Беларусь мяцежная: з гісторыі антысавецкага супраціву ў 1920-я гады”. Гэта другое выданьне кнігі, прысьвечанай малавядомым старонкам гісторыі змаганьня за свабоду і незалежнасьць напачатку 20-га стагодзьдзя. Прэзэнтацыя адбудзецца а 17-й гадзіне ў менскім гатэлі Crowne Plaza, што па вуліцы Валадарскай, насупраць стадыёна “Дынама”. 


Назва кнігі амаль цалкам вызначае яе зьмест: гэта маладасьледаваная гісторыя Беларусі 20-30-х гадоў: Слуцкі збройны чын, антысавецкая партызанка і выбітныя дзеячы незалежніцкага руху. Адна з высноваў – падзеі тых часоў паводле свайго зьместу і сутнасьці цалкам адпавядаюць найноўшай беларускай гісторыі, кажа Ніна Стужынская:


"Гэтая частка гісторыі сьведчыць пра тое, што частка беларусаў – нацыянальная эліта, якая сфармавалася на мяжы 19-20 стагодзьдзяў, яна абрала шлях Эўрапейскай Беларусі і за гэта змагалася. Як і зараз, так і ў тыя часы Беларусь стаяла на раздарожжы і змагалася за сваё месца. Зараз сказалі б: палітычныя і сацыяльныя актывісты пажадалі пабудаваць незалежную Беларусь".


"Беларусь мяцежная" – гэта другая кніга Ніны Стужынскай пра беларускую гісторыю 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, якая зьняпраўджвае міт пра бяздумную пакорлівасьць і рахманасьць беларусаў. Гістарычныя факты ў пацьверджаньне гэтай высновы навукоўца зьбірала у архівах Беларусі і суседніх краінаў. Аднак усё напісанае – толькі пачатак шляху да вывучэньня ўсіх падзеяў таго часу, якія заслугоўваюць, каб стаць нацыянальнай беларускай ідэалёгіяй, кажа Ніна Стужынская:


"Па-сутнасьці, гэта закрытая і малавядомая гісторыя Беларусі, якую даводзіцца падымаць і адкрываць з расейскіх, польскіх архіваў, з архіваў КДБ. Мяне зьдзіўляў размах, маштаб падзеяў таго часу.У тыя часы тыя людзі зрабілі калясальны падмурак сёньняшняй незалежнай Беларусі. Гэта гісторыя – рэспэктабэльная гісторыя для стварэньня сучаснай ідэалёгіі".


Першая кніга "Беларусі мяцежнай" даўно сталася бібліяграфічнай рэдкасьцю. Наклад другой кнігі – у 500 асобнікаў – разыдзецца вельмі хутка, адзначае гісторык Ігар Кузьняцоў. Ён дадае: запатрабаванасьць навуковага выданьня – галоўная ацэнка працы аўтара і падзея ў культурным жыцьці нацыянальнага асяродку:


"Любая кніга, асабліва па такой праблематыцы, на тэрыторыі нашай краіны, дзе тэма рэпрэсіяў не вітаецца апошнія 16 год, гэта значная падзея. Хацелася, каб і па іншых пэрыядах беларускай гісторыі такіх прац было больш." 


Ніна Стужынская - кандыдат гістарычных навук, лаурэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН Цэнтра, аўтар гістарычных працаў па нацыянальна-вызваленчым руху 20-30х гадоў ХХ стагоддзя.

Навіны па тэме