Справу Паўла Севярынца перадалі ў суд

13.04.2011, 14:23  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД, Палітыка

 

У Менскі гарадзкі суд з пракуратуры Менска перадалі чарговыя крымінальныя справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 года, сярод якіх і справа зьняволенага сустаршыні аргкамітэту БХД Паўла Севярынца. Пра гэта паведаміў старшы памочнік пракурора Менска па прававым забеспячэнні, інфармацыі і грамадзкіх сувязях Сяргей Балашоў.

 

 

Паводле Балашова, справы Паўла Севярынца, а таксама Сяргея Марцалева і Ірыны Халіп перададзеныя суду для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці. Севярынца і іншых фігурантаў чарговай "справы 19 сьнежня" абвінавачваюць па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Калі віна абвінавачаных будзе даказаная, ім пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. 


Нагадаем, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя" Павал Севярынец падчас мінулай выбарчай кампаніі быў кіраўніком штаба іншага сустаршыні БХД, кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы ў ноч пасьля выбараў і ўвесь гэты час знаходзіцца ў СІЗА КДБ, так званай «амерыканцы». У турме Павал рашуча адмаўляецца даваць паказаньні.


Іншыя фігуранты, чые справы чамусьці аб'ядналі разам - гэта Сяргей Марцалеў, які падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, і журналістка Ірына Халіп, жонка і давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава. 


Меру стрыманьня для Севярынца, які і для іншых 2 абвінавачаных, пакінулі бязь зьменаў: да суда Павал застанецца пад вартай. 

Крыніца: telegraf.by

Навіны па тэме